Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аліеў прыняў зь візытам чарговага сілавіка зь Беларусі


Мальцаў і Аліеў падчас візыту
Мальцаў і Аліеў падчас візыту
26 кастрычніка прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў прыняў дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі Рэспублікі Беларусь Леаніда Мальцава, паведамляе партал day.az.

Мальцаў перадаў кіраўніку Азэрбайджану прывітаньне прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Ён сказаў, што ад усяго сэрца далучаецца да віншавальнага пасланьня, накіраванага яму Лукашэнкам з нагоды выбраньня Азэрбайджану нясталым чальцом Рады бясьпекі ААН. Пра іншыя прычыны візыту не паведамляецца.

З падобным візытам 3 траўня сёлета Ільхам Аліеў прыняў старшыню КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава.

Тым часам Эўрарадыё са спасылкай на БелаПАН паведамляе, што Армэнію турбуюць пастаўкі беларускай зброі ў Азэрбайджан. Гэтую праблему зьбіраецца ўзьняць кіраўнік сталай камісіі парлямэнту Армэніі ў справах абароны, нацыянальнай бясьпекі і ўнутраных справаў Грайр Карапецян.

Карапецян, які зьяўляецца таксама сустаршынём армяна-беларускай міжпарлямэнцкай камісіі па супрацоўніцтве, паведаміў, што бліжэйшым часам зробіць візыт у Беларусь. У Менску ён мае намер сустрэцца са старшынём парлямэнту і прэм'ер-міністрам, зь якімі абмяркуе тэму беларускіх ваенных паставак у Азэрбайджан. Краіны – сябры АДКБ, падкрэсьліў ён тады, зьяўляюцца стратэгічнымі, ваеннымі і палітычнымі саюзьнікамі і перадусім павінны перасьледаваць агульныя, а не камэрцыйныя інтарэсы.

«На жаль, Беларусь, якая зьяўляецца краінай-чальцом АДКБ, таксама распачала пэўныя крокі ў гэтым кірунку, і я як старшыня камісіі выказаў сваю пазыцыю беларускаму амбасадару», – сказаў Карапецян.

Беларусь актыўна супрацоўнічае з Азэрбайджанам у ваенна-тэхнічнай сфэры. Паводле зьвестак Рэгістра ААН па звычайных узбраеньнях, у 2009 годзе Беларусь паставіла ў Азэрбайджан пяць штурмавікоў Су-25 і дзевяць самаходных гаўбіц 2С7 «Півоня» 203 мм, у 2008-м – тры самаходныя гаўбіцы «Півоня», у 2006-м – 41 танк Т-72, у 2005-м – 19 танкаў Т-72.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG