Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Станцыя пад Баранавічамі – вочы Расеі ў Эўропу"


Генэрал-палкоўнік Павал Казлоўскі

Генэрал-палкоўнік Павал Казлоўскі

Генэрал-палкоўнік Павал Казлоўскі перакананы, што Расея зацікаўленая ў вайсковым супрацоўніцтве з Беларусьсю.

На пасяджэньні Савету Парлямэнцкай асамблеі АДКБ Аляксандар Лукашэнка заявіў аб поўным узаемаразуменьні з кіраўніцтвам Расеі ў справе бясьпекі і ўзаемадзеяньня ў рамках АДКБ (Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы СНД). "У нас шмат разоў бывала неразуменьне з расейскім кіраўніцтвам. У нас было ўсё, але мы браты і сябры. Але што тычыцца АДКБ – жарты ў бок, гэта сьвятое. І тут у нас ніколі не было ніякага недастатковага разуменьня", – сказаў Лукашэнка.

А ў якой ступені Масква зацікаўленая ў Менску як вайсковым саюзьніку? Адказвае былы міністар абароны Беларусі, генэрал-палкоўнік Павал Казлоўскі.

Казлоўскі: Для Расеі, канечне, важна, каб тут быў саюзьнік – верны, адданы, у сыстэме АДКБ. Для Расеі важна, каб працавала адзіная сыстэма супрацьпаветранай абароны, і сыстэма гэтая ёсьць. Кіраўніцтва Беларусі часта спэкулюе гэтым, заяўляючы, што мы абараняем – адзіныя – заходнія рубяжы Расеі, што ад Смаленска ніякіх расейскіх сілаў няма. Таму тое, што тут інтарэс Расеі – гэта бясспрэчна. Іншая справа, што часта на гэтым грае беларускі кіраўнік – чаму мала плаціце, і гэтак далей. Гэта гульня, каб выбіць рэсурсы.

Навумчык: У якой ступені вайсковыя аб'екты на тэрыторыі Беларусі важныя для Расеі?

Казлоўскі: Глядзіце: радыёлакацыйная станцыя пад Баранавічамі – гэта вочы Расеі на ўсю Эўропу. Яна расейская, абслугоўваюць расейцы. Ад падобнага аб'екту адмовілася Латвія, адмовілася Ўкраіна. Ды і сама сыстэма супрацьпаветранай абароны – моцная. Іншая справа, што яна сёньня дрэнна абнаўляецца, хаця Расея паабяцала даць у арэнду найноўшыя сыстэмы СПА.

Навумчык: Як бы Вы ацанілі цяперашнюю баяздольнасьць войска Рэспублікі Беларусь?

Казлоўскі: Тут шмат амбіцыяў і пахвальбы, што мы вельмі моцныя і дамо адпор НАТО, але насамрэч баяздольнасьць вельмі невысокая з прычыны недафінансаваньня. Падвышэньне заробкаў афіцэрам – гэта не галоўнае. Бо ёсьць жа тэхніка, рэглямэнт якой вычарпаны за гэтыя 25-30 гадоў. А фінансаваньне вельмі слабое. Выдзяленьне сродкаў на падтрыманьне ў гатоўнасьці самалётаў, танкаў – мізэрнае.

Дамова аб Калектыўнай бясьпецы была падпісаная на пасяджэньні рады кіраўнікоў дзяржаў СНД у Ташкенце 15 траўня 1992 г. Першапачаткова Беларусь не падпісала Дамову. Аднак пазьней за падпісаньне выступаў старшыня Савету міністраў Вячаслаў Кебіч, тэма далучэньня Беларусі да Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) у 1993 г. зрабілася адной з галоўных тэмаў палітычнага жыцьця. Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце выступала супраць падпісаньня Дамовы, паколькі, на яе думку, гэта ўцягвала Беларусь у арбіту вайсковых інтарэсаў Расеі. Старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч спачатку быў супраць, але пад ціскам дэпутацкай большасьці 31 сьнежня 1993 г. пацьвердзіў далучэньне да АДКБ.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG