Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс эўра: ці стане чарговы саміт ЭЗ крокам да стабільнасьці?


Штаб-кватэра Эўрапейскай рады ў Брусэлі чарговым разам у цэнтры ўвагі ўсяго Эўразьвязу і далёка за яго межамі, паколькі тут адбываецца чарговы саміт, прысьвечаны крызісу эўразоны.

Два дні таму лідэры краінаў зоны эўра тут ужо мелі важную сустрэчу. Аднак, рашэньне пра тое, якім чынам спыніць пашырэньне пазыковага крызісу, які пачаўся з Грэцыі, павінны прыняць менавіта на сёньняшнім саміце. Але рознагалосьсі паміж краінамі ЭЗ па антыкрызісных мерах не выклікаюць надзеі на тое, што вынікам гэтай сустрэчы будзе прыняцьце неабходных і эфэктыўных рашэньняў.

Сёньняшняга саміту напружана чакала ўся зона эўра і сусьветныя рынкі. На парадку дня перамоваў лідэраў ЭЗ тэмы, якія будуць вызначаць або паглыбленьне пазыковага крызісу, або гарантуюць бясхмарную будучыню адзінай эўрапейскай грашовай адзінкі – эўра. Сёньня, у прыватнасьці, павінны вызначыцца адносна велічыні і крыніцаў напаўненьня спэцыяльнага фінансавага фонду дапамогі, які пры неабходнасьці будзе выкарыстоўвацца для выратаваньня краінаў ад сытуацыі, у якой сёньня знаходзіцца Грэцыя, якая бяз вонкавай дапамогі ня ў стане вырашыць свае праблемы.

Адначасова, кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў 17 краінаў эўразоны на саміце павінны прыняць канчатковае палажэньне аб рэкапіталізацыі эўрапейскіх банкаў, якія пацярпелі ад «грэцкага крызісу». Аднак, улічваючы той факт, што ніводзін з шматлікіх папярэдніх самітаў сваімі рашэньнямі ня змог спыніць узьнікненьне новых і складаных фінансавых праблемаў, у Эўразьвязе даволі скептычна ўспрымаюць і магчымыя вынікі гэтага саміту.

«Толькі паглыбленая рэформа можа спыніць «фінансавую ліхаманку», якая ахапіла эўразону». Так, у прыватнасьці, лічыць кіраўнік Сусьветнай гандлёвай арганізацыі Паскаль Лямі, які кажа, што «адначасова з неадкладнымі мерамі, варта рэфармаваць мадэль эканамічнага росту Эўропы».

«За два апошнія дзесяцігодзьдзі яна назапасіла вялікі доўг, - кажа кіраўнік СГА. - Таму, гэтую мадэль варта перагледзець, калі эўрапейцы хочуць захаваць тое, чым яны адрозьніваюцца ад астатняга сьвету. Гэта значыць, іх высакаякасную сацыяльную сыстэму».

Але сёньня аб'яднаная Эўропа найперш спрабуе пагасіць пажар, каб крызіс не ахапіў іншыя краіны, накшталт Гішпаніі ці, асабліва, Італіі, якая апынулася ў цяжкай сытуацыі з-за таго, што яе зьнешні доўг складае аж 120 адсоткаў ад усяго ўнутранага валавога прадукту краіны.

Таму на саміце выслухаюць кіраўніка італьянскага ўраду Сільвіё Бэрлюсконі, якому ў нядзелю на сустрэчы лідэраў ЭЗ наўпрост сказалі, што ён павінен тэрмінова заняцца рэформамі, каб паменшыць гэты велізарны дзяржаўны доўг.

Разам з тым, у групе краінаў Эўрапейскай садружнасьці, якія не ўваходзяць у эўразону, нарастае незадаволенасьць, бо 17 дзяржаў эўразоны, вырашаючы лёс эўра, зь імі ніколі не раяцца. Нават нягледзячы на тое, што пазыковы крызіс аказвае істотны ўплыў і на іх нацыянальныя фінансавыя сыстэмы. На нядзельным саміце шэраг дзяржаў, якія знаходзяцца па-за зонай эўра, на чале з Вялікабрытаніяй, адкрыта запратэставалі супраць таго, што прымаючы рашэньне аб сумеснай грашовай адзінцы, зь імі недастаткова кансультуюцца.

У цэлым, нягледзячы на запэўніваньні францускага і нямецкага лідэраў, а таксама аптымістычныя заявы лідэраў эўрапейскіх ўстановаў, што, маўляў, эўразона шчыльна наблізілася да вырашальнага антыкрызіснага кроку, вялікіх надзей на стабілізацыю эўра сярод эўрапейскіх аналітыкаў і экспэртаў няма. Занадта вялікія адрозьненьні па гэтых складаных пытаньнях пануюць сярод краін-сябраў Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG