Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Улада абрыдла, але і да апазыцыі даверу няма..."


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Матыў, які часта гучыць у пошце "Свабоды" на працягу многіх апошніх гадоў, — прэтэнзіі, заўвагі, крытычныя папрокі на адрас апазыцыі. Асабліва шмат такіх лістоў мы атрымліваем пасьля кожнай чарговай спробы масавай акцыі пратэсту. Вось і пасьля нядаўніх народных сходаў — ня надта шматлюдных і не сказаць каб выніковых — у допісах нашых слухачоў зноў гучаць нараканьні на адрас апазыцыйных лідэраў.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з такіх лістоў. Наш даўні слухач і аўтар Аляксей Падсьвільскі з Глыбоцкага раёну піша:

"Апошнім часам чую шмат папрокаў і нападак на простых рабацяг. Вось, маўляў, сядзяць рабы, быдла — па норах і на плошчу баяцца выйсьці. Але за 17 год людзі ўжо ўдосталь нахадзіліся па вуліцах. І да чаго прыйшлі? Дзеля чаго паспыталі міліцэйскіх дубінак? Атрымліваецца, што выконвалі ролю масоўкі ў чыімсьці няўдалым сцэнары.

Нельга сказаць, што народ незадаволены толькі адной усім вядомай асобай. Абрыдла сама сыстэма, а найперш вінцікі, шасьцерні гэтай сыстэмы — чыноўнікі. Але і апазыцыя страціла давер да сябе. І з кожным днём усё больш аддаляецца ад сваіх патэнцыйных прыхільнікаў.

Адметна, што ўлетку тыя людзі, якія наладжвалі маўклівыя акцыі пратэсту, а таксама акцыі "Стоп-бэнзін", здолелі хутка самаарганізавацца і годна выступіць. А апазыцыя тым часам, як у таталізатары — рабіла стаўкі на тое, на колькі акцый гэтых людзей хопіць.

За гэтыя 17 год у Беларусі вырасла цэлае пакаленьне людзей, якія ня памятаюць, што такое камуністычная сыстэма. 17 год таму і мы самі былі маладзейшыя — верылі, не пагаджаліся, пратэставалі... За мінулыя гады многія за свае пратэсты атрымалі "воўчы білет", падарвалі здароўе, вымушаны былі пакінуць радзіму. І дзеля чаго? Каб у адно цудоўнае імгненьне пачуць у эфіры "Свабоды", што "амаль усе апазыцыйныя лідэры падчас прэзыдэнцкай кампаніі паабяцалі, што ў выпадку прыходу да ўлады не дапусьцяць ніякай люстрацыі былых чыноўнікаў ды сілавікоў". Ах, якая ідылія! Што ж атрымаецца: новы прэзыдэнт прыйдзе да ўлады, раздасьць міністэрскія партфэлі сваім сябрам і набліжаным, а асноўная маса жулікаў ды прахадзімцаў ад улады і далей будзе цудоўна сябе адчуваць. Ну, за выключэньнем таго, што прыслужваць і сьпяваць дытырамбы цяпер будуць іншай асобе, сьпяваць па іншых нотах ды даядаць моркаўку зь іншых рук... Атрымліваецца, што самай адчувальнай зьменай у жыцьці чыноўніка ў выніку такой зьмены ўлады будзе тое, што ён памяняе партрэт на сьцяне ў сваім кабінэце?"
.

Падобная небясьпека сапраўды існуе, спадар Аляксей. У Беларусі створана такая сыстэма ўлады, прынята такое заканадаўства, у выніку шматлікіх маніпуляцый так відазьменена Канстытуцыя — што хто б ні заняў прэзыдэнцкую пасаду пасьля Лукашэнкі, ён адразу аўтаматычна атрымлівае ў сваё распараджэньне мала чым абмежаваную аўтарытарную ўладу, старанна адладжаную адміністратыўную машыну дзеля ўціску любога іншадумства. Добра, калі новы прэзыдэнт захоча павесьці краіну дэмакратычным шляхам — наважыцца на карэнныя палітычныя і эканамічныя рэформы, добраахвотна адмовіцца ад так званых "царскіх" паўнамоцтваў, верне дзяржаву да сыстэмы падзелу ўлады і справядлівых дэмакратычных выбараў. А калі пераможа іншая спакуса — нічога не мяняць і паспрабаваць пажыцьцёва заставацца пры ўладзе? А апраўдаць сваю незьмяняльнасьць можна хоць бы неабходнасьцю стабільнасьці ўва ўмовах жорсткага эканамічнага і палітычнага крызісу. Тым больш што такі крызіс пры аўтарытарным кіраўніку існуе ўвесь час...

Наступны ліст даслаў нам шчыры абаронца роднай мовы Алесь Яжэвіч зь вёскі Запольле Чэрвеньскага раёну. Спадар Алесь на працягу многіх гадоў прынцыпова і пасьлядоўна абараняе сваё законнае права на карыстаньне ўва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця дзяржаўнай беларускай мовай. Вось што піша слухач пра вынікі гэтага змаганьня (цытую ліст):

"Такога разгулу беларусафобіі, нянавісьці да беларускай мовы не было нават у Савецкім Саюзе. У агульнаадукацыйнай сярэдняй школе зь беларускай мовай навучаньня ў клясах, дзе вучацца мае дзеці, на мове выкладаюцца толькі тры прадметы (два зь якіх — сама беларуская мова, а таксама беларуская літаратура). Абсалютная бальшыня дысцыплін выкладаецца настаўнікамі па-расейску. Таксама на расейскай мове ў школе зь беларускай мовай навучаньня праходзяць лінейкі і бацькоўскія сходы.

Справа дыскрымінацыі беларускамоўных зайшла так далёка, што на працы іх адмаўляюцца нават разумець. Начальства ігнаруе паперы, напісаныя па-беларуску. Патрабуе перапісаць па-расейску.

Калі ты размаўляеш па-беларуску — у цябе могуць быць вялізныя праблемы з працаўладкаваньнем, прасоўваньнем па службе. Мая адукаваная беларускамоўная сям'я з чатырох чалавек даўно жыве за рысай беднасьці, а дакладней сказаць — выжывае. Не заплаціць альбо ўрэзаць заробак, абмежаваць у выбары працы, звольніць паводле сфальшаваных прычынаў, давесьці да галечы — вось цяперашняя палітыка беларускай дзяржавы ў адносінах да іншадумцаў.

Кіраўнікі прадпрыемстваў, ведаючы, як у вярхах ставяцца да мовы, баяцца браць беларускамоўных на працу. А тыя, хто ўсё ж узялі, імкнуцца хутчэй пазбавіцца — каб не наклікаць на фірму бяды.

Я неяк уладкаваўся на працу мэнэджэрам па грузаперавозках. Сваю "аську" на працоўным кампутары ўсталяваў па-беларуску. Дырэктар фірмы, калі ўбачыў гэта, хуценька ўласнаручна перавёў яе на расейскую мову. А праз гадзіну мяне звольнілі, — піша ў сваім лісьце на "Свабоду" Алесь Яжэвіч. — Трэба шукаць новую працу, а значыць — саступаць сумленьню і пераходзіць на расейскую мову. Са сваім статутам у чужы манастыр ня пойдзеш. Хто ня мае досьведу шматгадовых зносін на беларускай мове, не ўспрыняў гэту мову сэрцам — той не зразумее, як гэта балюча, млосна, цяжка...

Настаўнікі разумеюць, што беларуская мова ў нашай дзяржаве амаль нідзе не патрэбна. Добрасумленныя дзеці, якія палюбяць мову, стануць ахвярамі нашай беларускай рэчаіснасьці і ня змогуць потым працаўладкавацца. Таму, кіруючыся найлепшымі намерамі, настаўніца хіміі прапанавала дзецям перайсьці на расейскую мову. Бо школа, урокі — яны ж не для адзнак, а для жыцьця. На заклік настаўніцы станоўча адрэагавалі амаль усе вучні. Яны пайшлі ў школьную бібліятэку і памянялі беларускамоўныя падручнікі на расейскамоўныя, акуратна падрыхтаваныя дзеля гэтага загадзя. Адмовіўся гэта зрабіць толькі мой сын Вітаўт. І я ганаруся сваім сынам"
.

У свой час у 70—80-я гады мне давялося вучыцца ў дзьвюх беларускамоўных школах. Наколькі памятаю, нікому з настаўнікаў і ў галаву не прыходзіла мяняць беларускія падручнікі на расейскія. Зрэшты, падручнікаў на расейскай мове ў школе проста не было: іх не дасылалі з раёну. Праўда, былі выключэньні: па-расейску выкладалі пачатковую вайсковую падрыхтоўку і замежную мову. Беларускіх падручнікаў па гэтых прадметах увогуле не існавала: іх выпускалі толькі маскоўскія выдавецтвы.

Тады, у апошнія гады існаваньня БССР, многім здавалася, што дыскрымінацыя, заняпад, вынішчэньне беларускай мовы дасягнулі скрайняй ступені, што горш ужо проста ня можа быць. Аказалася — можа.

У многіх лістах на гэтую тэму гучыць пытаньне: ці ёсьць увогуле ў сёньняшняй Беларусі сілы, здольныя спыніць гэты зьнішчальны працэс, які ўсё больш набліжаецца да свайго сумнага фіналу. Спадзявацца на тое, што адраджэньня мовы запатрабуе большасьць беларускага грамадзтва, відавочна, не выпадае. На тое ёсьць шмат прычынаў — тым, хто знаёмы зь беларускай спэцыфікай, яны добра вядомыя. Надзея — на тое, што сама беларуская ўлада (цяперашняя ці тая, што прыйдзе ёй на зьмену) у адно цудоўнае імгненьне нарэшце зразумее: калі не ўратуе мову, то не ўратуе і нацыю, і дзяржаву — а значыць, і саму сябе. Хаця б дзеля ўласнага самазахаваньня яна павінна гэта зрабіць.

І на заканчэньне — ліст-падзяка ад нашага даўняга сябра Сяргея Балбасава зь вёскі Старая Буда Буда-Кашалёўскага раёну. Слухач піша:

"Па-ранейшаму слухаю вашы перадачы. Асабліва ў гэтым годзе, калі ў краіне не зусім стабільная сытуацыя — як эканамічная, так і палітычная. Шчыра скажу: слухаю і некаторыя праекты беларускага дзяржаўнага радыё — але толькі дзеля таго, каб потым параўнаць з вашымі. На падставе супастаўленьня магу сказаць: аб'ектыўная, дакладная інфармацыя падаецца менавіта недзяржаўнымі мэдыямі. Але я ні ў якім разе не асуджаю журналістаў Беларускага радыё, таму што выдатна разумею, пад якім ціскам "зьверху" ім даводзіцца працаваць.

Што да маіх улюбёных праектаў Радыё Свабода, то гэта па-ранейшаму "Паштовая скрынка-111", "Праскі акцэнт", "Дом літаратара". Але падабаюцца мне і іншыя — "Экспэртыза Свабоды", "Званочкі", "Свабода ў турмах". Хацеў бы выказаць удзячнасьць вашым супрацоўнікам: Валянціну Жданко, Юрыю Дракахрусту, Юрасю Бушлякову, Віталю Цыганкову, Алене Радкевіч, Алене Ціхановіч, Яну Максімюку, Зьмітру Бартосіку і ўсім астатнім. Спадзяюся, што і надалей "Свабода" застанецца аб'ектыўным сродкам інфармацыі, і ня толькі ў Беларусі"
.

Шчыра ўдзячныя вам, спадар Сяргей, за гэтыя словы, якія для нас многае значаць і да многага абавязваюць. Ведаю некаторых людзей, якія крытычна ставяцца да перадач "Свабоды" і старанна параўноўваюць тую інфармацыю, якую пачулі на нашых хвалях, з той, што падаюць афіцыйныя мэдыі. Сваіх знаёмых я заўсёды падахвочваю да такога параўнаньня і супастаўленьня. А яшчэ лепш — раю і ім, і вам, і ўсім нашым слухачам: параўноўвайце і супастаўляйце пачутае найперш з тым, што адбываецца ў вашым жыцьці — на працы, вучобе, за вокнамі вашых хат і кватэр.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG