Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрадэпутат Марэк Мігальскі заклікае падтрымаць беларускіх палітзьняволеных

  • БелаПАН

Марэк Мігальскі

Марэк Мігальскі

Дэпутат Эўрапарлямэнту Марэк Мігальскі заклікае сваіх калег і вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан падтрымаць беларускіх палітзьняволеных. Аб гэтым гаворыцца ў звароце, які ён накіраваў дэпутатам ЭП і Эштан, паведамляе прэсавая служба Мігальскага.

У прыватнасьці, Мігальскі заклікае іх пісаць лісты ў Магілёўскую калёнію № 15, дзе знаходзіцца каардынатар грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Дзьмітры Бандарэнка, над якім польскі эўрадэпутат узяў шэфства. Тэкст ліста, які прапануецца адпраўляць у калёнію, разьмешчаны на сайце Мігальскага.

"27 красавіка 2011 года суд Партызанскага раёну Менску прыгаварыў Дзьмітрыя Бандарэнку, давераную асобу кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Андрэя Саньнікава і каардынатара кампаніі "Эўрапейская Беларусь", да двух гадоў калёніі строгага рэжыму за ўдзел у "масавых беспарадках" 19 сьнежня 2010 году. На жаль, судовы працэс над Дзьмітрыем Бандарэнкам не адпавядаў дэмакратычным стандартам. Не выклікае сумневу і факт, што прысуд для Бандарэнкі зьяўляецца палітычна матываваным", — адзначаецца ў лісьце.

Таксама падкрэсьліваецца, што падчас знаходжаньня ў СІЗА Бандарэнку была зроблена сур'ёзная апэрацыя на пазваночніку, ён прайшоў "кароткачасовую і нерэгулярную рэабілітацыю". "Яго стан здароўя працягвае пагаршацца, і яму пагражае частковая страта рухомасьці, — гаворыцца ў лісьце. — Як дэпутат Эўрапейскага парлямэнту, я патрабую забясьпечыць Дзьмітрыю Бандарэнку і іншым палітзьняволеным доступ да незалежных лекараў-спэцыялістаў і належную мэдыцынскую дапамогу. Прымаючы да ўвагі сур'ёзны стан здароўя Дзьмітрыя Бандарэнкі, я заклікаю беларускія ўлады не пераводзіць гэтага палітычнага зьняволенага ў папраўчую калёнію і забясьпечыць яму належную рэабілітацыю".

Акрамя таго, у сваім звароце да Эштан Мігальскі заклікаў яе "рашуча ўмяшацца ў лёс Бандарэнкі". "Заклікайце беларускія ўлады даць Бандарэнку неадкладны доступ да незалежных мэдыцынскіх экспэртаў, каб дазволіць яму прадоўжыць працэс рэабілітацыі і гарантаваць, што ён атрымлівае адэкватнае лячэньне", — падкрэсьліў Мігальскі.

Дзьмітрый Бандарэнка, асуджаны за падзеі 19 сьнежня на два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, цяпер адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 15 Магілёва.

Нагадаем, пасьля арышту ў Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя захворваньні, і 26 ліпеня ў 5-й клінічнай бальніцы Мінска яму зрабілі апэрацыю на пазваночніку.

20 жніўня закончылася траціна тэрміну зьняволеньня Бандарэнкі, і, згодна з законам, ён меў права на зьмякчэньне пакараньня, аднак у гэтым яму было адмоўлена, як лічаць родныя і паплечнікі Дзьмітрыя, па надуманых прычынах.

У пачатку верасьня стала вядома, што Дзьмітрый Бандарэнка з ініцыятывы Марка Мігальскага намінаваны на прэмію Эўрапарлямэнту імя Андрэя Сахарава "За свабоду думкі".
XS
SM
MD
LG