Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста "Маскоўскага камсамольца" дэпартавалі зь Беларусі


Ігар Кармазін прыехаў у Менск пісаць рэпартаж пра беларускіх палітвязьняў. Пасьля інтэрвію з Ірынай Халіп, жонкай былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, Кармазіна затрымалі.

У міліцыі Партызанскага раёну Менску яго абшукалі, зьнішчылі дыктафонныя запісы, зьнялі адбіткі пальцаў.

Намесьнік кіраўніка міліцыі Аляксандар Гладун падпісаў пастанову, што Карамзіну год забаронена наведваць Беларусь.

Пад канвоем Ігара Кармазіна адвезьлі на чыгуначны вакзал.

"Я прыехаў у Менск пісаць артыкул пра рэпрэсіі ў Беларусі, але нават не думаў, што мне так палегчаць працу, што на працягу некалькіх гадзінаў я ўсё ўбачу ўласнымі вачыма і адчую на ўласнай скуры", - заявіў Хартыі Ігар Кармазін.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных заявіў БелаПАН, што Кармазін знаходзіўся ў Менску без акрэдытацыі. "Ён не атрымліваў акрэдытацыю пры беларускім МЗС. Такім чынам, ён знаходзіўся ў Беларусі з прыватным візытам", — сказаў Савіных. Чыноўнік удакладніў, што, паводле беларускага заканадаўства, для працы ў Беларусі прадстаўнікі ўсіх замежных СМІ павінны атрымаць акрэдытацыю ў МЗС.



Ранейшыя гучныя дэпартацыі
Карэспандэнта тэлеканалу НТВ Аляксандра Ступнікава ў сакавіку 1997 году пазбавілі акрэдытацыі і выслалі зь Беларусі.

У ліпені 2003-га зачынілі прадстаўніцтва НТВ у Беларусі, а яго кіраўніка Паўла Селіна дэпартавалі з краіны бяз права ўезду тэрмінам на 5 гадоў.

У чэрвені 2004-га за парушэньне "правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў" дэпартавалі ва Ўкраіну, гэтаксама тэрмінам на 5 гадоў, намесьніка рэдактара газэты "Время" Міхаіла Падаляка.

13 сьнежня 2005 году карэспандэнтцы Польскага тэлебачаньня Агнешцы Рамашэўскай было адмоўлена ва ўезьдзе ў Беларусь. Спадарыню Рамашэўскую па прылёце ў Менск ня выпусьцілі з аэрапорту, нягледзячы на тое, што яна мела дзейную візу і гадавую акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў Беларусі. Памежныя службы анулявалі беларускую візу і дэпартавалі яе з краіны чарговым авіярэйсам у Варшаву.

У 2006-м дэпартавалі расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава.

У 2009-м зь Беларусі дэпартавалі журналістаў расейскай тэлекампаніі НТВ Аляксея Малкава і Юрыя Бабенку, якія здымалі сюжэт пра зьніклых апазыцыянэраў.д.

Інтэрвію з дэпартаваным журналістам "Маскоўкага камсамольца" Ігарам Карамзіным чытайце пазьней на сайце Свабоды.
XS
SM
MD
LG