Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для калёніі арыштант Зьміцер Бандарэнка — галаўны боль»


Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка

25 кастрычніка палітвязьня, каардыната грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Зьмітра Бандарэнку ў магілёўскай папраўчай калёніі № 15 наведаў адвакат Юры Сташкевіч. Сустрэцца з адвакатам зьняволены палітык хацеў у сувязі са станам здароўя. З гэтай жа нагоды жонка даверанай асобы былога кандыдата на прэзыдэнта Вольга Бандарэнка сёньня ж сустрэлася з начальнікам калёніі Сяргеем Маханьковым.

На сустрэчы з адвакатам Зьміцер Бандарэнка паскардзіўся, што стан яго здароўя пагоршыўся пасьля пераводу з санчасткі ў атрад. У атрадзе больш жорсткія патрабаваньні да выкананьня правілаў рэжыму. Ён мусіць рабіць тое, што супрацьпаказана пасьля апэрацыі на пазваночніку.

«Ён зьвярнуў увагу, што выканьне некаторых правілаў не адпавядае таму, што рэкамэндавалі лекары. Гэта адбіваецца на яго выглядзе — напрыклад, ён, канечне ж, ходзіць пры дапамозе мыліцаў. Паводле паведамленьня начальніка мэдсанчасткі, перавод у атрад зьвязаны з плянавым перапынкам у лячэньні. На наступным тыдні плянуецца аднаўленьне лячэньня і шпіталізацыя», — паведаміў адвакат Юры Сташкевіч.

Паводле адваката, начальнік мэдсанчасткі калёніі паабяцаў, што ў тых рэчах, якія супярэчаць рэкамэндацыям мэдыкаў, для Бандарэнкі будуць зробленыя паслабленьні.

З начальнікам калёніі пра стан здароўя палітыка гутарыла і яго жонка Вольга.
Начальнік казаў, што ён знаходзіцца ў калёніі і ён такі ж, як і іншыя. Ён ня можа ляжаць пастаянна ў санчастцы.

«Яму забароненыя статычныя позы працяглыя. Ён мусіць проста стаяць на той жа паверцы, а яны тры разы адбываюцца. Начальнік калёніі сказаў, што яны доўжацца толькі пятнаццаць хвілінаў і нічога страшнага не адбудзецца. Даводзіцца нахіляцца, запраўляць ложак — гэтае пытаньне таксама ўзьнікла. Яму ж наагул забароненыя нахілы й павароты. Начальнік казаў, што ён знаходзіцца ў калёніі і ён такі ж, як і іншыя. Ён ня можа ляжаць пастаянна ў санчастцы», — пераказвае гутарку з турэмшчыкам Вольга Бандарэнка.

Паводле спадарыні Вольгі, яе мужу прапаноўвалі нават папрацаваць у атрадзе:

«Яму, зразумела, забароненая ўсялякая праца, і пакуль ён не працаваў, аднак Дзьмітры сказаў, што такія прапановы паступалі: а маўляў, ці ня хочаце вы папрацаваць, падмесьці… Хоць усе цудоўна ведаюць, у якім становішчы ён знаходзіцца, але чамусьці такія прапановы паступаюць».

І адвакат, і Вольга Бандарэнка адзначылі, што паводзіны турэмшчыкаў адносна зьняволенага палітыка, ён пра гэта сам казаў на сустрэчах, карэктныя. Спадарыня Бандарэнка нават паспачувала адміністрацыі калёніі:

«У любым выпадку для іх гэта галаўны боль. Гэта пільная ўвага, прычым з усіх бакоў. І „адтуль“ глядзяць, каб яны ня сталі занадта добра паводзіцца ў адносінах да Зьмітра, і, зразумела, з боку „Захаду“, апазыцыйнай грамадзкасьці, якія пільнуюць, каб яны не пачалі паводзіцца ў адносінах да Зьмітра больш жорстка. І яны мусяць лявіраваць».

На пытаньне журналістаў, чаму дагэтуль ня вызвалілі палітыка, у якога праблемы са здароўем, Вольга Бандарэнка ўстрымалася ад адказу.

7 красавіка давераную асобу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнку асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму.

У палітыка пасьля арышту дыягнаставалі некалькі грыжаў дыскаў хрыбетніка і ўшчамленьне сьпіннамазгавых нэрваў. 25 ліпеня яго даставілі з Рэспубліканскай турэмнай бальніцы на вуліцы Валадарскага ў 5-ю бальніцу, дзе на наступны дзень зрабілі апэрацыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG