Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І крэдыт атрымаць, і ўласнасьць не прадаць


Узяўшы на сябе абавязаньні перад крэдыторамі, улады не выконваюць адну з галоўных умоваў атрыманьня грошай — прыватызацыю дзяржаўнай уласнасьці. Патэнцыйныя інвэстары, перадусім расейскія, пацьвярджаюць: беларускі бок ужо каторы месяц абяцае фарсіраваць перамовы аб прыватызацыі "Беларуськалія", Менскага аўтазаводу, прадпрыемстваў нафтахімічнай галіны, але падпісаньне пагадненьняў замаруджваецца ці наўмысна блякуецца.

Размовы пра стварэньне аўтамабільнага холдынгу з удзелам МАЗа і расейскага КамАЗа вядуцца з пачатку году. Інфармацыю пацьвердзілі прадстаўнікі ўраду Беларусі, запэўніўшы, што дзеля аб'яднаньня актываў засталося выканаць тэхнічныя фармальнасьці. Але, як выявілася, увесь гэты час не спыняліся перамовы з прадстаўнікамі іншай расейскай кампаніі — ГАЗ, якая пачала перабіваць канкурэнтаў прывабнейшымі інвэстыцыйнымі прапановамі. У выніку працэс утварэньня холдынгу прыпыніўся, а чыноўнікі перасталі ацэньваць пэрспэктывы МАЗа.

Эканаміст Валянцін Лопан
Эканаміст Валянцін Лопан
Колішні дарадца генэральнага дырэктара Менскага аўтазаводу Валянцін Лопан перакананы: дадзенае прадпрыемства — якраз з шэрагу тых, што маюць магчымасьць разьвівацца пры захаваньні прамысловага сувэрэнітэту. Ён ня думае, што ёсьць неабходнасьць пускаць сюды расейскі капітал:

"І хоць досыць складана ацаніць іх магчымасьці — па выручцы, па колькасьці вырабленых машын, бо зьвесткі пераважна здабытыя нейкімі абходнымі шляхамі і дадзеныя не зусім поўныя — можна сказаць, што МАЗ больш-менш сваё становішча стабілізаваў. Там яшчэ многа мэнэджэрскай працы, трэба шмат зрабіць па рэструктурызацыі кіраваньня, у тым ліку вытворчасьцю, сродкамі, то бок — каб стабілізаваць свае фінансы. І пры ўмове стабільнасьці рынкавай, кадравай праз годзік-паўтара МАЗ мог бы пачаць рухацца наперад. У такой сытуацыі займацца распродажам неабачліва. Адзінае, можа быць яшчэ тое, што ўсе гэтыя размовы — ня больш чым спробы асобных спэкулянтаў зарабіць на перапродажы МАЗа. Альбо элемэнт біржавой гульні — згуляць на сваю карысьць на нібыта добрых навінах. Было, калі кошт акцый КамАЗу на біржы падскочыў адразу на 8% — толькі ў зьвязку з навінамі пра МАЗ. Іншымі словамі, мільёны даляраў з паветра толькі на навінах".

А вось эканаміст Генадзь Лыч перакананы, што шкадаваць нацыянальныя багацьці кшталту МАЗу ці МТЗ ня варта. На яго меркаваньне, пабудаваныя за часамі СССР прамысловыя гіганты цягнуць Беларусь назад, застаючыся балястам беларускай эканомікі. Асабіста ён даўно пусьціў бы на гэтыя пляцоўкі транснацыянальныя карпарацыі, якія зьнялі б зь Беларусі абавязак рабіць туды неадэкватныя ўкладаньні ў выглядзе дарагіх энэргарэсурсаў:

"Я лічу, што ўсё наша цяжкое машынабудаваньне, якое спажывае вялізную колькасьць электраэнэргіі, шмат мэталаў, матэрыялаў — гэта ня наш шлях у прамысловасьці. Такая беларуская прамысловасьць існавала пры ўліку, што мы зьяўляліся часткай Савецкага Саюзу і зь іншых рэспублік пастаўляліся нам энэрганосьбіты, сыравіна, камплектуючыя. У такіх умовах разьвіцьцё прамысловых гігантаў было мажлівае. А сёньня, калі мы як быццам незалежныя, самастойныя, гэта ня мае ніякай пэрспэктывы. Тым ня меней у нас уся ўвага аддаецца разьвіцьцю менавіта гэтых галін, а тыя, якія працуюць на ўласнай сыравіне, разьвіваюцца за кошт працы беларусаў, коштам нашых прыродных умоваў — тыя, наадварот, у заняпадзе. Гэта ж відавочна, але мы ўсё роўна чапляемся за стратныя вытворчасьці. Я б ужо даўно здаў іх транснацыянальным карпарацыям і заняўся б разьвіцьцём тых галін, якія ў нас насамрэч могуць мець пэрспэктывы. Але ж гэта камусьці нявыгадна".

Беларускія ўлады сьцьвярджаюць, што інвэстарам прапанавалі некаторыя прадпрыемствы нафтахімічнай галіны, у ліку якіх называюцца наваполацкія "Нафтан" і "Палімір", гарадзенскі "Азот", Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Аднак, як паказвае практыка, прапановы ўсё тых жа расейскіх кампаній застаюцца не рэалізаванымі.

Не атрымала працягу і сытуацыя зь "Беларуськаліем". Сам Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў яго ацэньваў, гатовы быў прадаваць па частках і пад заклад, але ніводзін з абяцаных праектаў так і ня зрушаны. Як нагадвае эканаміст Віктар Цярэшчанка, ад удзелу ў прыватызацыі "Белкалія" на ўмовах Беларусі адмовілася кампанія "Ўралкалій"; завісла пытаньне пра выдзяленьне сродкаў пад гарантыі прадпрыемства ад "Сбербанка"; ні да чога пакуль не прывялі перамовы зь Індыяй:

Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка
"Тут можа быць пяць розных варыянтаў, калі ня больш. Сярод іх і тое, што гэта ледзь не адзінае прадпрыемства, якое ня варта прадаваць, бо гэта прыроднае багацьце, рэальны залаты запас Беларусі. І калі кіраўнік дзяржавы пачынае разважаць, колькі гэта каштуе — 30 мільярдаў даляраў, а можа 50, а можа ўвогуле 3 мільярды — гэта яшчэ колькі дадуць, то ўсё ня так проста".

Карэспандэнт: "Ня так даўно гендырэктар аб'яднаньня Валеры Кірыенка заявіў пра тое, што ніводзін варыянт "Белкалій" не задавальняе…".

"Я думаю, што, магчыма, была чыясьці падтрымка, скажам, з боку Мясьніковіча ці каго іншага. А можа, сам па сабе разумны чалавек. Цяжка сказаць. Сярод нас ёсьць жа і нармальныя кіраўнікі. Але ня выключаны і трэці момант — нехта з крэдытораў стаў сумнявацца ў мэтазгоднасьці зьдзелкі. Гэта таксама можа быць, таму запатрабавалася згуляць на апярэджаньне, кінуць думку пра тое, што мы тут перадумалі. Але ўсе гэтыя гульні ў прыватызацыю — ад безвыходнасьці".

Масавая прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў — адна з умоваў, якія выставілі кіраўніцтву Беларусі донарскія арганізацыі: Міжнародны валютны фонд, Усясьветны банк, Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС. Лейтматыў патрабаваньняў наступны: ня будзе прыватызацыі — ня будзе і крэдытаў у аб'ёме, які просіць беларускі бок.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG