Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з сябрамі Саюзу пісьменьнікаў Беларусі (СПБ), які нядаўна правёў свой чарговы зьезд.

Падчас сустрэчы Лукашэнка заявіў: «Ліхія 90-я прынесьлі ў літаратурнае асяродзьдзе заняпад і хаос, у тыя гады „Саюз беларускiх пiсьменьнiкаў“ заграз у нацыяналізьме і палітычных інтрыгах. Да гэтага часу так званыя „сьвядомыя пiсьменьнiкi“, разьмянялі талент на замежныя гранты, у сваіх опусах паліваюць брудам нашу краіну, абражаюць уласны народ і падбухторваюць моладзь да бессэнсоўных бунтаў».

Далей кіраўнік дзяржавы патлумачыў, чаму быў створаны СПБ: «Аддаваць культуру на ганьбаваньне адшчапенцам было нельга. Таму 6 гадоў таму мы падтрымалі ініцыятыву стварэньня Саюза пісьменьнікаў Беларусі, для аб’яднаньня здаровых творчых сіл, і з гэтай задачай ваш Саюз, увогуле, справіўся,» - цытуе Лукашэнку агенцтва Інтэрфакс.

Кіраўнік дзяржавы даў наказ сябрам праўладнага пісьменьніцкага саюзу: «Я папрасіў бы вас сьмела падымаць у сваіх кнігах сацыяльныя, сьветапоглядныя і маральныя праблемы сучаснасьці. Але не апускацца да вульгарнасьці ачарніцельства і пошласьці».

Ён са шкадаваньнем адзначыў, што «сёньня беларускія літаратары, асабліва маладыя, нярэдка кіруюцца далёка ня лепшымі ўзорамі масавай культуры, замест таго, каб вучыцца ў клясыкаў і браць сюжэты з жыцьця».

Лукашэнка падкрэсьліў, што перад пісьменьнікамі стаіць задача: адрадзіць былую славу беларускай літаратуры і падняць яе на новы мастацкі ўзровень. Ён сказаў: «Дзяржава імкнецца стварыць усе ўмовы для вашай працы. У адказ мы чакаем толькі аднаго — яркіх, таленавітых твораў».

Разам з тым ён адзначыў, што «пакуль запатрабаванасьць вашых твораў застаецца сур’ёзнай праблемай».

А.Лукашэнка даручыў Міністэрству інфармацыі «навесьці парадак у ганарарнай палітыцы, каб пісьменьнікам не даводзілася па 5–7 гадоў чакаць атрыманьня заробленых грошай».

У той жа час ён папярэдзіў, што «рост накладаў і павелічэньне ганарараў адбудуцца толькі ў тым выпадку, калі вашы кнігі цікавыя і патрэбныя людзям».

А. Лукашэнка таксама лічыць, што міністэрству культуры і беларускім тэлерадыёкампаніям неабходна «падумаць аб адраджэньні практыкі экранізацыі твораў нашых пісьменьнікаў».

Пры гэтым, паводле яго, эфэктыўным сродкам далучэньня маладога пакаленьня да літаратуры магло б стаць стварэньне беларускіх аўдыёкніг.

Ён таксама ня выключыў, што мэтазгодна аднавіць практыку напісаньня п’ес па дзяржаўнай замове. Акрамя таго, працягнуў А. Лукашэнка, неабходна перагледзець школьныя праграмы, з тым, каб «выключыць другарадных аўтараў і надаваць больш часу сапраўды вялікім творам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG