Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарах у Тунісе перамаглі памяркоўныя ісламісты


Чарга на выбарчы ўчастак у Тунісе

Чарга на выбарчы ўчастак у Тунісе

Паводле папярэдніх вынікаў, на першых дэмакратычных выбарах у Тунісе, якія адбыліся 23 кастрычніка, перамагла памяркоўная ісламісцкая партыя «Энагда» (Адраджэньне).

У Тунісе выбіралі 217-мандатную канстытуцыйную асамблею, якая на працягу году мае падрыхтаваць праект новай канстытуцыі краіны, прызначыць часовага прэзыдэнта і часовы ўрад ды падрыхтаваць новыя выбары пад канец 2012 або ў пачатку 2013 году.

Былы прэзыдэнт Пэру Алехандра Таледа, які быў назіральнікам на выбарах у Тунісе, сказаў журналістам, што выбары былі свабоднымі і справядлівымі:

«Працэс ішоў нармальна, зь вялікім энтузіязмам. Людзі ставіліся да выбараў вельмі эмацыйна. Я думаю, што нягледзячы на канкрэтныя вынікі, канчатковы вынік можа паказаць, што на выбарах ужо ёсьць адзін пераможца. Перамагла дэмакратыя».

Яўка на першых дэмакратычных выбарах у Тунісе дасягнула 90 працэнтаў.

«Энагдай» кіруе Рашыд Ганушы, які 22 гады правёў на выгнаньні ў Вялікабрытаніі, хаваючыся ад перасьледу з боку папярэдняга рэжыму. Ганушы сьцьвярджае, што мадэльлю для ягонага памяркоўнага ісламізму зьяўляецца ўрад Турцыі, кіраваны Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.

Кіраўніцтва Энагды заявіла, што гатовае ўтварыць кіроўную кааліцыю з «Кангрэсам для рэспублікі» і «Этакатолам» – дзьвюма сэкулярнымі палітычнымі групоўкамі. «Кангрэсам для рэспублікі» кіруе Мансэф Марзукі, лекар і абаронца правоў чалавека, які шмат гадоў правёў на выгнаньні ў Францыі. «Этакатолам» кіруе Мустафа Бэн Джафар, таксама лекар і вэтэран апазыцыі супраць папярэдняга рэжыму прэзыдэнта Зіна Бэн Алі, які быў зрынуты ў студзені сёлета.

Да адстаўкі прэзыдэнта прывяла т.зв. «Язьмінавая рэвалюцыя» - ­ хваля агульнанацыянальнай незадаволенасьці палітыкай прэзыдэнта. Штуршком да масавых выступаў паслужыла публічнае самаспаленьне вулічнага гандляра, чые тавары канфіскавалі ўлады: меркавалася, што такім чынам яны вымагалі хабар. Яшчэ шэраг людзей, якія аказваліся ў падобнай сытуацыі, зьдзейсьнілі акты самаспаленьня, іх пахаваньні ператвараліся ў маніфэстацыі пратэсту, якія і прывялі да адстаўкі прэзыдэнта 14 студзеня 2011.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG