Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тыдзень ШОСу» — гэта вяртаньне сацыяльных сетак у сацыяльныя сеткі


Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

Група актывістаў інтэрнэт-супольнасьці «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» аб’явіла, што праводзіць тыдзень ШОСу ў Менску. Як можна ацаніць трансфармацыю формаў пратэстаў, арганізаваных праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце? Ці азначае новы фармат, што актывісты гэтай інтэрнэт-супольнасьці ўжо ня будуць арганізоўваць вулічныя акцыі? На гэтыя пытаньні адказвае палітычны аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» Паўлюк Быкоўскі.



Цыганкоў: Спачатку суполка «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» арганізоўвала даволі масавыя акцыі пратэсту, якія адбываліся летам. Аднак пасьля рэпрэсій уладаў гэтая масавасьць кардынальна зьнізілася і паступова сышла на нуль. Цяпер — тыдзень ШОСу, ідэя дасылаць фотаздымкі. Як можна ацаніць гэтую трансфармацыю?

Быкоўскі: Гэта своеасаблівае вяртаньне сацыяльных сетак у сацыяльныя сеткі. З чаго пачалося, туды і вярнулася. Перад тым як узьніклі маўклівыя акцыі пратэсту, нешта падобнае адбывалася ў Інтэрнэце. Гэта было ўзьнікненьне слова ШОС, якое аб’яднала многіх з тых, хто ня любіць рэжым і хацеў так ці інакш яго высьмейваць. Зараз аб’яўлены «Тыдзень ШОС» — і гэта пэўнае вяртаньне да таго, што было раней.

Цыганкоў: Ці можна сказаць, што гэтае «вяртаньне» — адыход ад актыўных сродкаў барацьбы ў мэтады, нічым не небясьпечныя для ўлады?

Быкоўскі: Гэта падтрыманьне таго ўзроўню неляяльнасьці, які ў сацыяльных сетках прысутнічаў увесь час. Хутчэй за ўсё, гэта больш уяўляецца небясьпечным для рэжыму самімі ўдзельнікамі гэтых дзеяньняў, чым гэта ёсьць на самой справе. Зь іншага боку, гарантаваць тое, што ўдзельнікам за гэта ня будзе пакараньня — немагчыма, бо дзейнічаюць артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія распаўсюджваюцца і на інтэрнэт.

Цыганкоў: Ці можна такі паварот пратэставай актыўнасьці расцаніць як паўзу дзеля далейшых больш прыкметных крокаў у рэальным жыцьці ці як прызнаньне таго факту, што прыхільнікі інтэрнэт-супольнасьці «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» на вуліцы ўжо не зьбіраюцца выходзіць?

Быкоўскі: Я б ня ставіў тут пытаньне рубам, альтэрнатывай «альбо-альбо». Бо ў сацыяльных сетках вельмі лёгка схіліць людзей рабіць нешта, што не патрабуе ні вялікай працы, ані рызыкі. Націснуць кропку, якая распаўсюдзіць нейкую інфармацыю і гэтак далей. Такім чынам адбываецца пашырэньне аўдыторыі людзей, якія выказваюць свой пратэст. Але выходзіць на вуліцы дастаткова небясьпечна, і людзі не заўсёды гатовыя ахвяраваць сваёй працай ці вучобай. Але гэта ня значыць, што потым пры нейкіх абставінах ня ўзьнікнуць зноў вулічныя акцыі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG