Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парфянкоў: Я не баюся ніякіх затрыманьняў, бо я на сваёй зямлі


Васіль Парфянкоў адварочваецца ад Ігара Яўсеева.
Васіль Парфянкоў адварочваецца ад Ігара Яўсеева.
Акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску пачалася з затрыманьняў. Супрацоўнікі міліцыі, пагражаючы, абрывалі інтэрвію ўдзельнікаў журналістам.

А 19-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы зьявіўся каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі. Не пасьпеў ён дастаць мэгафон, каб зрабіць заяву, як да яго падбеглі міліцыянты ў цывільным разам з падпалкоўнікам Ігарам Яўсеевым. Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што Максім, маўляў, атрымаў папярэджаньне ад пракуратуры аб адказнасьці за правядзеньне акцыі. Максім сказаў міліцыянтам, што ніякага папярэджаньня ён не атрымліваў. Таксама ён пасьпеў зрабіць заяву для журналістаў, ужо знаходзячыся ў руках міліцыянтаў:

«Мы аб’яўляем бясконцую акцыю з патрабаваньнем вызваленьня палітычных вязьняў. На плошчу штодня будуць выходзіць людзі. Яны будуць заклікаць да вызваленьня Андрэя Саньнікава, Зьміцера Бандарэнкі і астатніх палітвязьняў».

На гэтым словы актывіста абарваліся, яго заштурхнулі ў міліцэйскі мікрааўтобус.

Супрацоўнікі міліцыі пільна сачылі за прысутнымі на плошчы, вялі апэратыўныя відэаздымкі. Да прыкладу, двое спэцназаўцаў адвялі ў пастарунак маладога чалавека, у якога, відаць, была ў руках вудачка ў чахле. Людзі, якія прыйшлі на акцыю не адважыліся дастаць партрэты палітвязьняў. Міліцыянты забаранялі ўдзельнікам даваць інтэрвію журналістам. Маці былога палітвязьня Алене Ліхавід Ігар Яўсееў загадаў пакінуць плошчу:

«Пакіньце плошчу, я вас папярэдзіў. Тут ня месца, дзе трэба даваць інтэрвію і рабіць пікетаваньне. А вашы дзеяньні падпадаюць пад артыкул 23.34. Я вас зараз дастаўлю для разьбіральніцтва ў Цэнтральны РУУС. Я вам там усё патлумачу. Нельга. Вашы дзеяньні падпадаюць пад адміністратыўнае парушэньне».

Прысутныя пачалі абурацца такім дзеяньням міліцыі. Адна жанчына сказала міліцыянтам:

«Хутка калектыўны ўздых будзе толькі па дазволе».

Алена Ліхавід патлумачыла карэспандэнту Свабоды, чаму яна прыйшла на акцыю:
Я не баюся, што мяне забяруць ці яшчэ што зробяць. Я нічога процізаконнага не раблю.

«Я стамілася жыць у такой краіне. І стамілася баяцца. Я ўжо даўно не баюся, я не баюся з 19 сьнежня. Я не баюся, што мяне забяруць ці яшчэ што зробяць. Я нічога процізаконнага не раблю. Нічога. Я проста размаўляю зь людзьмі, з такімі ж беларусамі, як і я і як яны. Я маю права думаць».

Гэтак жа сама супрацоўнікі міліцыі адрэагавалі на зьяўленьне на плошчы былога палітвязьня Васіля Парфянкова. Яны загадалі яму не даваць інтэрвію і цягам хвіліны сысьці з плошчы. Васіль аднак пасьпеў сказаць карэспандэнту Свабоды, чаму ён прыйшоў на акцыю:

«Каб выказаць падтрымку тым, хто цяпер знаходзіцца за кратамі. Каб яны ведалі, што мы разам, што мы пра іх памятаем і будзем за іх змагацца і далей. Вы бачыце, што зараз творыцца, што нават нельга выйсьці на плошчу, сказаць пару словаў. Адразу пагражаюць затрыманьнямі і гэтак далей. Таму трэба даўно ўжо нешта зьмяніць у гэтай краіне, зьмяніць сытуацыю. Таму я сёньня тут, як і іншыя, хто прыйшоў на плошчу. Я не баюся ніякіх затрыманьняў, нічога, бо я на сваёй зямлі».

Супрацоўнікі ў цывільным суправаджалі Васіля Парфянкова з плошчы да ГУМа, дзе ён сеў у гарадзкі аўтобус. Аднак супрацоўнікі ў цывільным таксама зайшлі ў гэты аўтобус. Пазьней тэлефон Васіля не адказваў.

Людзі, якія прыйшлі на акцыю, яшчэ пэўны час знаходзіліся на плошчы, за імі назіралі міліцыянты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG