Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдыі, якім давяраюць


Вы заўважылі, што рабілася на АЗС у ноч на суботу? Калі не, фоткі можна пабачыць тут. У Беларусі зьявіўся сродак масавай інфармацыі, здольны мабілізаваць дзясяткі тысяч чалавек з розных сацыяльных груп на шматгадзіннае стаяньне ў чэргах па бэнзін і дызпаліва. Калі б палова з тых, хто выйшаў на стыхійны закуп паліва 21 кастрычніка, рушыла ў цэнтар Менску, у краіне шмат што магло б зьмяніцца. Аднак размова не аб тым. Размова аб тым канале камунікацыі, які вымушае людзей вельмі хутка кідаць усе справы і рабіць тое, што запраграмавана мэсыджам, які праз гэты канал камунікацыі паведамляецца. Гэты канал камунікацыі – чуткі ды плёткі. Тэлефонныя званкі ад знаёмцаў, родзічы якіх нібыта працуюць на запраўках ці ў Белнафтахіме, ці недзе яшчэ. Падслуханыя размовы ў чэргах. Словы невядомага табе чалавека, які праходзіў побач, гучна прамаўляючы ў мабільнік: «Ты чуў? Сёньня ўначы бэнзін падаражэе на 40%»!

Заўважце, гэты канал камунікацыі – плёткі, чуткі, тэлефанаваньні ад знаёмых – зрабіўся значна больш уплывовым, чым тэлевізар ці інтэрнэт. Гэтым разам, калі чуткі памыліліся (ці памыліліся? Можа, нехта проста спужаўся ступені арганізаванасьці людзей, якія натоўпамі рушылі запраўляцца?) ніякага афіцыйнага анансаваньня падвышэньня коштаў не было. Аднак не было яго і раней: ніводнае СМІ не распаўсюджвала інфармацыю пра рост коштаў. Пра гэта маўчалі па ТБ, бо гэта ня тая інфармацыя, якая лічыцца важнай для тэлебачаньня. Пра гэта не пісалі ў газэтах. У лепшым выпадку на ўзроўні «традыцыйных» мэдыяў пра магчымае падвышэньне паведамляў які-небудзь інтэрнэт-сайт, які ніхто з тых, хто «палюе на паліва», не чытае. І ўсё ж уся краіна ведала пра тое, што падвышэньня трэба чакаць. Выявілася, што чалавек з мабільным тэлефонам, які апрацоўвае ўласную сацыяльную групу, сваіх знаёмцаў – куды больш эфэктыўны інструмэнт мабілізацыі, чым газэта, інтэрнэт, радыё. Усе мінулыя дні па ўсіх каналах, якія кантралююцца дзяржавай, нам паведамлялі пра тое, што даляр хутка лясьнецца. І што таму трэба абавязкова бегчы купляць беларускія рублі і пераводзіць банкаўскія рахункі з валюты ў BY. І што, шмат людзей пабегла пад уплывам гэтай апрацоўкі?

Назіраючы за дзіўнымі паводзінамі беларусаў каля АЗС, варта перагледзець мэдыйную тэорыю. У сёлетнім выдатным артыкуле, дзе аналізаваліся трансакцыі паміж віртуальнай і рэальнай палітыкай у Беларусі, Юры Дракахруст узгадваў тэорыю двухкрокавай камунікацыі Пола Лазарсфэльда. Сэнс гэтай тэорыі палягае ў тым, што большасьць спажывае інфармацыю не наўпрост праз мэдыі, а з дапамогай «лідэраў думак», якія зьвяртаюць увагу на тыя падзеі, якія вартыя цікавасьці. Здаецца, тэорыю Лазарсфэльда ў нашым выпадку трэба перакуліць дагары нагамі. Бо першага «кроку», першага ўзроўню камунікацыі (вартых даверу «вялікіх мэдыяў» Ван Дэйка), проста не існуе. Па тэлевізары кажуць лухту – кшталту таго, як напачатку вясны там з сур'ёзнымі тварамі даказвалі, што рубель яшчэ ўзмоцніцца і даляр будзе каштаваць меней за 5,5 тысяч. Карацей, «вялікія мэдыі» як генэратар навін не ўспрымаюцца. Іх няма. Яны – нуль, белы шум. У гэткіх умовах вартыя ўвагі не «вялікія навіны» кшталту сустрэчы кіраўнікоў СНД, а жыцьцёвыя ды побытавыя дробязі, якія якраз і вызначаюць якасьць нашага быцьця. Аднак калі мы аналізуем сытуацыю «безь вялікіх мэдыяў», мы бачым, што і «лідэраў думкі» быць не можа, бо менавіта традыцыйныя мэдыі ёсьць тым кавалём, які куе «лідэраў думкі». Такім чынам мы адыходзім ад «вэртыкальнай» схемы існаваньня камунікацыі і прыходзім да «гарызантальнай». У якой любое слова, прамоўленае тваім знаёмцам, мае шанцы на давер, калі адпавядае тваім патаемным чаканьням. Знаёмец можа быць з Белнафтахіму, мець жонку ў Мінэнэрга, ці проста ўпэўнена казаць аб тым, што «ў яго ёсьць інфа». Гэтага будзе дастаткова, каб мы трусам скочылі на АЗС, калі гэтая «інфа» – пра рост коштаў на 30-40%.

Вялікі матывацыйны патэнцыял гэтай «перакуленай» беларускай камунікацыі бясспрэчны. Прыкладаў тут шмат. «Паляваньні на паліва», паводзіны натоўпаў падчас распаўсюджаньня чутак пра «сьвіны грып» (у аптэках скупілі ўсе профільныя лекі), забегі па грэчку, цукар – у чаканьні падвышэньня коштаў, якое, дарэчы, сапраўды адбывалася – і ў гэтым перавага чутак над ТБ: апошнім часам яны заўсёды рана ці позна спраўджваюцца.

Што значыць гэты матывацыйны патэнцыял? Варыянтаў можа быць два.

Першы выцякае з тэорыі рацыянальных чаканьняў – тэорыі, за якую, дарэчы, Робэрт Лукас у 1995 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне эканомікі. Гэтая тэорыя, у прыватнасьці, сьцьвярджае, што дзяржаве бессэнсоўна рабіць грашовыя эмісіі падчас інфляцыі, бо грамадзтва файна разумее, што яго падманваюць, і чакае яшчэ большага абясцэньваньня нацыянальнай валюты. Сюды ж – знакамітая кніжка Джэймса Суравікі «Мудрасьць натоўпу». Якая прапануе лічыць, што вялікая група грамадзян заўсёды ведае карэктныя адказы на складаныя пытаньні лепей за дасьведчанага экспэрта. Дасьледчык ілюструе ўласную гіпотэзу вялікай колькасьцю сацыялягічных прыкладаў. Абедзьве тэорыі, дарэчы, губляюць бясспрэчнасьць, калі ўзгадваеш пра колькасьць беларусаў, якія згубілі ўласныя ўклады з-за таго, што мелі давер да беларускага рубля.

Аднак: калі «натоўп» сапраўды «мудры», дык у пэўны момант па гэтых каналах камунікацыі, якія немагчыма спыніць, бо тэлефонную сувязь не забароніш, грамадзянам можа прыйсьці мэсыдж значна меней прыемны для ўлады, чым «бяжы на АЗС запраўляцца». Усе ўжо добра наблатыкаліся бегчы па паліва, ня будзе складанасьці і ў тым, каб паведаміць уласнай сацыяльнай сетцы, што «зьбіраемся на Кастрычніцкай тады і тады». Што самае цікавае, мэсыдж можа быць цалкам ананімным. Паколькі першы «крок» беларускай камунікацыі ўжо не кантралюецца «вялікімі мэдыямі», пытаньне аб тым, хто, што і як фармулюе першапачатковы «закід», які мы далей камунікуем праз уласныя тэлефоны, застаецца адкрытым. Напрыклад я ня ведаю адказу на яго.

Аднак ёсьць другі варыянт. Які палягае ў тым, што з чуткамі і плёткамі даўно ўжо працуюць “сацыяльныя інжынэры ў цывільным”. Гісторыі пра “старога”, які «падсеў» да некага ў машыну, каб потым нехта іншы ў машыне «памёр», а «стары» ж гэтае прадказваў, як прадказаў і хуткія зьмены ў палітычным ладзе – чуў у Беларусі хіба што кожны. Хто і навошта запускае гэтыя гісторыі ў сьвядомасьць – вялікае пытаньне. Аднак тыя, хто запускае (калі нехта запускае), добра ведаюць, каму і праз каго нешта трэба паведаміць, каб людзі рушылі туды, куды трэба дзяржаве, а ня нейкаму масаваму несьвядомаму, што падлічыла, што эканоміка ідзе ў тупік і трэба тэрмінова мяняць палітычнае кіраўніцтва.

Існуе і трэцяя мажлівасьць: скарыстацца гэтым азарэньнем – аб тым, што Беларусьсю насамрэч даўно ўжо кіруюць плёткі – немагчыма ў прынцыпе. Бо плёткі не прыручаюцца. А таму адзіная вартасьць гэтага канала камунікацыі палягае ў тым, каб дапамагчы зэканоміць некалькі тысяч рублёў напярэдадні чарговага падвышэньня коштаў на бэнзін і дызпаліва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG