Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў кіраўніка Сьледчага камітэту


Прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў кіраўніком Сьледчага камітэту Валеры Вакульчыка, які раней узначальваў апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце.

Першым намесьнікам Вакульчыка стаў Андрэй Швед, які раней займаў пасаду першага намесьніка генэральнага пракурора рэспублікі. Новым кіраўніком апэратыўна-аналітычнага цэнтру прызначаны Сяргей Шпягун.

Паводле Інтэрфаксу, тлумачачы прычыны выбару кандыдатуры Вакульчыка, Лукашэнка адзначыў: «У мяне прэтэнзій да вас няма. Вы апэратыўны работнік, а гэта таксама вельмі важны напрамак для будучага Сьледчага камітэта, таму што было шмат насьцярожанасьці ў тым пляне, што сьледзтва адрываецца ад апэратыўна-тэхнічных службаў. Вы, як клясны ў гэтым спэцыяліст, можаце навесьці там адпаведны парадак і паставіць іх на службу сьледзтву».

«Вельмі важна, што ў сілавых структурах вы карыстаецеся заслужанай павагай. Нехта вас ня любіць, нехта недалюблівае, але толькі па адной прычыне: з-за вашай сумленнасьці і прынцыповасьці. Мне патрэбны такі чалавек пры станаўленьні гэтай структуры» – дадаў Лукашэнка.

Раней паведамлялася, што ўказ прэзыдэнта «Аб стварэньні Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь» уступае ў сілу з 1 студзеня 2012 году.

У адпаведнасьці з дакумэнтам, для стварэньня Сьледчага камітэту будзе выдзелены сьледчы апарат з сыстэмы органаў пракуратуры, падразьдзяленьне папярэдняга расьсьледаваньня з сыстэмы органаў унутраных спраў і сыстэмы органаў фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю.
XS
SM
MD
LG