Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТБМ дамагаецца прыняцьця Закону «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы»


Дэлегаты ХІ зьезду Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, які адбыўся 23 кастрычніка, прынялі пастанову «Аб неабходнасьці распрацоўкі і накіраваньня ўладам Беларусі канцэпцыі Закону «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы».

На чарговым зьезьдзе Таварыства беларускай мовы дэлегаты, узгадаўшы невялікія дасягненьні, засяродзілі ўвагу на трывожных тэндэнцыях: за апошнія 3 гады на 3% зьменшылася колькасьць дзяцей, што навучаюцца па-беларуску, на 25% — колькасьць выпускнікоў, што здаюць цэнтралізаванае тэставаньне па беларускай мове. Згодна з апошнім перапісам насельніцтва, людзей, якія прызнаюць беларускую мову роднай, стала меней на 15%, а людзей, якія гавораць на ёй штодня, — на 20%. Таму ТБМ распрацавала канцэпцыю Закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.

Алег Трусаў
Старшыня ТБМ Алег Трусаў: «Гэта дадатак у заканадаўства. Каб улада прыняла дадатак „Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы“. Нічога мяняць ня трэба — мы не патрабуем мяняць Закон аб мовах. Мы патрабуем прыняць Закон аб дзяржаўнай падтрымцы мовы, як, дарэчы, зрабіў Назарбаеў — вельмі добра, што мы ўвайшлі ў хаўрус з казахамі і цяпер будзем браць казахскі досьвед. Тым больш што казахаў 52%, а беларусаў — 80%. І казахі мову захоўваюць. І хто ідзе ў прэзыдэнты Казахстану, здае экзамэн па казахскай мове. Як, дарэчы, і ў Кіргізіі».

Праект Закону — грунтоўны дакумэнт на 11 старонках. Асобныя артыкулы рэглямэнтуюць дзейнасьць прэзыдэнта дзеля годнага бытаваньня і свабоднага разьвіцьця беларускай мовы, дзейнасьць адміністрацыі прэзыдэнта, дзейнасьць ураду і паасобных міністэрстваў. ТБМ прапануе стварыць асобнае міністэрства альбо дзяржкамітэт беларускай мовы і дзяржаўную інспэкцыю пры Камітэце дзяржкантролю з шырокімі адміністрацыйнымі функцыямі.

Лінгвіст Вінцук Вячорка прапанаваў альтэрнатыўны праект закону «Аб беларускай мове». На яго думку, беларуская мова павінна быць пад абаронай дзяржавы:

Вінцук Вячорка
«Адпаведна, я абапіраўся на вялікі корпус міжнародных дакумэнтаў, якія, на шчасьце, Рэспубліка Беларусь і нават яшчэ БССР ратыфікавалі. Другі важны момант (і тут я грунтаваўся на досьведзе краінаў, якія пераадольвалі каляніяльную спадчыну, зьвязаную з моўнай дыскрымінацыяй) — моўная інспэкцыя. Гэта выканаўчая структура па-над іншымі выканаўчымі структурамі, з функцыямі структуры сілавой: з правам складаць пратаколы, накладаць адміністрацыйныя спагнаньні».

Асобныя разьдзелы ў праекце, прапанаваным Вінцуком Вячоркам, — «Кваліфікацыйныя катэгорыі валоданьня беларускай мовай» і «Адказнасьць за парушэньне Закону».

Абодва варыянты — і варыянт Таварыства беларускай мовы, і варыянт, прапанаваны Вячоркам, — спарадзілі бурную дыскусію. Паэт Анатоль Вярцінскі пасьля зьезду выказаў такое меркаваньне:

Анатоль Вярцінскі
«Вось гэты тэзіс — пры прэзыдэнце стварыць нейкі дэпартамэнт ці інспэкцыю — гэта ж тэатар абсурду. Пры прэзыдэнце, які не гаворыць па-беларуску, стварыць дэпартамэнт, які б стаяў на ахове, абароне беларускай мовы. Сьмешна, праўда? Ну, сьмешна».

Мяркуецца, што праект канцэпцыі будзе абмяркоўвацца да сярэдзіны сьнежня, а потым рэдакцыйная група і сакратарыят ТБМ да 25 сьнежня накіруюць яе ў заканадаўчыя органы Рэспублікі Беларусь.

На зьезьдзе прагучала яшчэ адна прапанова: ТБМ павінна ператварыцца ў сапраўдную праваабарончую арганізацыю, выкарыстоўваць мэтодыку праваабарончых арганізацыяў, рабіць маніторынг парушэньняў, падтрымліваць людзей, якія ўступаюць у барацьбу за свае моўныя правы, і забясьпечваць ім інфармацыйную падтрымку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG