Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ можа даць Беларусі час, каб зьмяніць заканадаўства


Назіральная місія Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі заклікала часова прыпыніць удзел Беларусі ў АБСЭ — Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе. Так праваабаронцы адрэагавалі на апошнія заканадаўчыя ініцыятывы ў Беларусі, якія абмяжоўваюць дзейнасьць грамадзянскай супольнасьці.

Падставай для афіцыйнай заявы Назіральнай місіі стаў шэраг законапраектаў, якія 3 кастрычніка прыняла Палата прадстаўнікоў, а 21 кастрычніка ўхваліў Савет Рэспублікі. Гэтыя заканадаўчыя акты ўжо назвалі антырэвалюцыйнымі і недэмакратычнымі. У прыватнасьці, міжнародныя праваабаронцы лічаць, што ўвядзеньне празь зьмены і папраўкі да дзейных законаў жорсткіх санкцыяў за атрыманьне замежнага фінансаваньня на грамадзянскую дзейнасьць уносіць палітычную матывацыю ў справы супраць праваабаронцаў.

Таму Назіральная місія запатрабавала ад дзяржаваў-удзельніц АБСЭ разглядзець пытаньне пра прыпыненьне сяброўства Рэспублікі Беларусь у арганізацыі. Праваабаронцы лічаць, што гэта найлепш зрабіць на штогадовай сустрэчы Міністэрскай рады АБСЭ. Сёлета яна пройдзе ў Вільні 6—7 сьнежня.

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў
"Абмеркаваньне беларускага пытаньня, калі яно і адбудзецца, будзе насіць выключна выхаваўчы і рэкамэндацыйны характар", — прагназуе палітоляг Андрэй Фёдараў:

"Бо рашэньне прымаецца альбо агульным кансэнсусам, альбо, калі справа ідзе пра нейкую канкрэтную дзяржаву, як у гэтым выпадку, кансэнсусам мінус адзін. Але ж АБСЭ — унівэрсальная міжнародная арганізацыя. Туды ўваходзяць і Туркмэністан, і Расея, і Азэрбайджан, іншыя цэнтральнаазіяцкія краіны. Тут ня тое што мінус адзін, а мінус сем ці мінус восем будзе. Таму калі нешта і адбудзецца, то гэта будзе чыста сымбалічнае дзеяньне.

Дый да таго ж кіраўнікі міністэрстваў замежных спраў, якія зьбяруцца ў Вільні, ня маюць адпаведных паўнамоцтваў. Такое рашэньне павінны прымаць альбо на саміце АБСЭ, альбо на нейкай спэцыяльнай нарадзе".

А вось дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Валянціну Лявоненку, якая ўваходзіць у склад сталай дэлегацыі Нацыянальнага сходу Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, абурае сам магчымы факт абмеркаваньня беларускага пытаньня:

Валянціна Лявоненка
Валянціна Лявоненка
"Ну як можна прыпыніць?!. Наколькі гэта стане прадуктыўна з пункту гледжаньня здаровага сэнсу? Мне падаецца, што праваабарончыя арганізацыі ўжо зайграліся ў гэтую абарону правоў. Гэта ўжо нават немагчыма.

Мы ж бачым, што сёньня адбываецца на вуліцах гарадоў Злучаных Штатаў Амэрыкі. Там без дазволу на правядзеньне масавага мерапрыемства гэта немагчыма зрабіць. А ў нас гэта чамусьці патрэбна адмяняць. Ну нельга ж бясконца гуляць у гэтыя падвойныя гульні!"

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, гэтаксама як цяпер спадарыня Лявоненка, уваходзіў у склад дэлегацыі Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Ён згадвае, што пасьля антыканстытуцыйнага перавароту ў 1996 годзе менавіта Вярхоўны Савет 13 скліканьня аж да 2000 году прадстаўляў Беларусь у Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. А пасьля прадстаўніцтва перайшло да Нацыянальнага сходу:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
"Тады асноўны аргумэнт прадстаўнікоў Аляксандра Лукашэнкі быў у тым, што трэба вучыцца дэмакратыі. А ёй немагчыма вучыцца, калі знаходзісься па-за межамі гэтай міжнароднай структуры. Ну і вучацца. Ужо колькі гадоў! А самае рэпрэсіўнае заканадаўства было прынятае якраз падчас так званай вучобы і стажыроўкі ў Вене так званых дэпутатаў ад Беларусі ў парлямэнцкай асамблеі. Таму я думаю, што будзе, як мінімум, дыскусія. І дастаткова гарачая на малой сэсіі ў Вене. І яна ня будзе прыемная для дэпутатаў Нацыянальнага сходу.

Мой прагноз, што да выключэньня ня дойдзе. Але можа быць прынятая рэзалюцыя і дадзены нейкі час, каб скарэктаваць альбо зьмяніць гэтае заканадаўства".

Менавіта да таго часу, пакуль Беларусь ня вернецца да супрацоўніцтва з інстытутамі АБСЭ ў сфэры чалавечага вымярэньня, і прапануе прыпыніць сяброўства Рэспублікі Беларусь у АБСЭ Назіральная місія.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG