Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біяграфія Стыва Джобса: 6 выбраных фактаў


Сёньня ў кнігарнях сьвету зьявіцца біяграфія Стыва Джобса, якую напісаў кіраўнік Рады замежнага вяшчаньня ЗША Ўолтэр Айзэксан. Яшчэ перад афіцыйным выхадам кнігі ў сьвет асобнікі кнігі атрымалі газэта New York Times, агенцтва Associated Press і інтэрнэт-рэсурс Huffington Post і на падставе іх інфармацыі сайт часопісу Wired падае шэсьць цікавых фактаў, апісаных у біяграфіі.

Стыў зьбіраўся нанесьці «тэрмаядзерны ўдар» па Андроідзе

Джобс быў чорны ад злосьці, калі кампанія HTC прэзэнтавала на пачатку 2010 году тэлефон з апэрацыйнай сыстэмай Андроід, у якім быў шэраг асаблівасьцяў, аналягічных айфонаўскім. Цытата з кнігі:

«Я, калі спатрэбіцца, буду змагацца да майго апошняга ўздыху і патрачу апошні цэнт з 40 мільярдаў эплаўскіх капіталаў, каб выправіць гэту несправядлівасьць, - сказаў Джобс. - Я зьнішчу Андроід, бо гэта крадзены прадукт. Я абвяшчу вам тэрмаядзерную вайну». Ён заявіў кіраўніку Google Эрыку Шміту: «Мне не патрэбныя вашы грошы. Калі вы мне запрапануеце 5 мільярдаў, я іх не вазьму, у мяне грошай хапае. Я хачу, каб вы перасталі выкарыстоўваць у Андроідзе нашы ідэі, гэта ўсё, што я хачу».

Цікава зазначыць: Джобсава вэндэта працягваецца ў поўным маштабе – варта толькі паглядзець на судовыя бітвы паміж Apple i Samsumg'ам вакол патэнтаў, якія належаць Apple. Адна з апошніх падзеяў можа сур'ёзна нашкодзіць Андроіду. Аўстралійскі суд прыняў рашэньне аб часовым спыненьні продажу пляншэта Samsung Galaxy Tab у Аўстраліі, бо парушаныя два патэнты Apple ў галіне тэхналёгіі «мультытач». З-за вельмі шырокай дэфініцыі гэтай тэхналёгіі рашэннье суду можа стаць перашкодаў для продажу ўсіх прадуктаў на плятформе Андроід у Аўстраліі.

Стыў быў гатовы памерці маладым

Джобс прызнаўся былому генэральнаму дырэктару Apple Джону Скалі, што хутчэй за ўсё памрэ маладым, а таму мусіць зрабіць вельмі шмат за вельмі кароткі час, каб пакінуць свой сьлед у гісторыі Крэмніевай даліны.

«Ва ўсіх нас на гэтай зямлі кароткі век», - сказаў ён сужэнцам Скалі. «Хутчэй за ўсё мы маем магчымасьць зрабіць толькі некалькі сапраўды вялікіх рэчаў і зрабіць гэта добра. Ніхто з нас ня ведае, колькі мы яшчэ пражывем, і я ня ведаю, але адчуваю, што мне трэба зрабіць вельмі шмат, пакуль я яшчэ малады».

У сваёй вядомай цяпер прамове 2005 году ў Стэнфардзе ён выказаў свае погляды на жыцьцё, сьмерць і наш абмежаваны час на зямлі. У той прамове ён сказаў: «Памяць пра тое, што хутка я памру, была мне самай важнай дапамогай пры прыняцьці важных жыцьцёвых рашэньняў».

Стыў стаў экспэртам у пытаньнях лячэньня раку – хоць і запозна

Нягледзячы на ўгаворы сям'і і сяброў, Джобс напачатку адмовіўся ад хірургічных мэтадаў лячэньня раку і чакаў дзевяць месяцаў, перш чым пагадзіўся на апэрацыю. Як гаворыцца ў кнізе, «Вялікая праблема была ў тым, што ён сапраўды быў не гатовы, каб яго рэзалі, - сказала Джобсава жонка Ларын Паўэл. - Цяжка некага прымусіць гэта зрабіць». Аднак, калі Джобс нарэшце згадзіўся на традыцыйную мэдычную мэтодыку, ён падышоў да гэтага з усёй інтэлектуальнай праніклівасьцю распрацоўшчыка прадуктаў Apple. У кнізе гэта апісваецца так:

«Калі ён зрабіў выбар на карысьць хірургіі і навукі, Джобс падышоў да гэтага з жарсьцю і цікаўнасьцю, не шкадуючы сродкаў, пасоўваючы межы новых мэтодык. Як толькі ён вырашыў даверыцца хірургіі і мэдычнай навуцы, ён стаў экспэртам і пачаў дасьледаваць, раіць і прымаць рашэньні на кожным этапе. Ён сам прымаў канчатковае рашэньне па кожным рэжыме лячэньня».

Джобс стаў адным з дваццаці людзей на зямлі, у каго былі расшыфраваныя ўсе гены – як ягонай ракавай пухліны, гэтак і нармальнага ДНК. У той час гэты праект каштаваў 100 тысячаў даляраў. Наватарскія мэтады лячэньня, абраныя Джобсам, неўзабаве ператвораць рак у «вылечную хранічную хваробу, сказаў яму адзін з дактароў. Джобс сказаў аўтару кнігі, што ў ягоным адчуваньні ён будзе або першым хто гэткім чынам пераможа рак, або адным з апошніх, хто ад яго памрэ.

Стыў зьбіраўся падрыхтаваць Apple для будучых посьпехаў

Востра адчуваючы непазьбежнасьць сьмерці, Джобс хацеў забясьпечыць кампаніі Apple моцныя пазыцыі ў ягонай адсутнасьці.

«Г'юлет і Пэкард стварылі выдатную кампанію і думалі, што пакінулі яе ў добрых руках, - сказаў Джобс. - А цяпер яна разьбіраецца па частках і зьнішчаецца. Спадзяюся, што я пакінуў па сабе больш трывалую спадчыну і з Apple такое ніколі ня здарыцца».

Джобс, як зазначала The Wall Street Journal, як толькі яму быў упершыню пастаўлены дыягназ раку, пачаў старанна шукаць таленты. І сапраўды, ёсьць інфармацыя аб існаваньні праграмы «Унівэрсытэт Apple», якая была распачатая ў 2008 годзе і мае за мэту прышчапіць культуру і бізнэз-этыку Apple кіраўнікам верхняга ўзроўню – каб забясьпечыць захаваньне ідэалаў Джобса яшчэ доўга пасьля ягонай сьмерці.

Стыў ня думаў, што кампанія Apple будзе гатовая да мабільных праграмаў (Apps)

У кнізе паведамляецца, што Джобс спачатку «згарнуў дыскусію», калі адзін з кіраўнікоў Apple Арт Левінсан спрабаваў пераканаць яго ў тым, што мабільныя праграмы могуць быць новых прарывам.

Сябра ўправы Apple Арт Левінсан тэлефанаваў Джобсу «пяць разоў, каб прабіць ідэю мабільных праграмаў», аднак, паводле аўтара кнігі, «Джобс спачатку згарнуў дыскусію, бо ня быў пэўны, што яго каманда справіцца з усімі цяжкасьцямі, зьвязанымі з кантролем над незалежнымі распрацоўшчыкамі праграмаў».

Так, Джобс быў нешта накшталт хіпі

Раньнія экспэрымэнты Джобса з ЛСД у 1960-х гадох, як і падарожжа ў Індыю, якое зрабіла важны ўплыў на фармаваньне ягонай асобы, добра вядомыя. І выглядае, што наступствы гэтых экспэрымэнтаў адгукаліся рэхам у рашэньнях, якія ён рабіў на працягу свайго наступнага жыцьця.

Джобс казаў, што пераспрабаваў розныя дыеты, у тым ліку выключна гародніна-садавінавую. Калі ён выбраў назву Apple (Яблык), ён, паводле аўтара, «якраз сядзеў на адной з садавінавых дыетаў». Ён тады якраз вярнуўся зь яблычнай гаспадаркі. Ён быў упэўнены, што назва гучала «забаўна, дасьціпна і ня страшна».

Джобс таксама казаў: «ЛСД умацаваў маё адчуваньне таго, што насамрэч важна – ствараць надзвычайныя рэчы, а не зарабляць грошы, вяртаць рэчы ў плынь гісторыі і чалавечай сьвядомасьці наколькі гэта магчыма».

Адным зь яго ўлюбёных гуртоў былі Beatles, і ён заўсёды спадзяваўся, што музыка гэтай культавай групы зьявіцца на iTunes. Гэта ўрэшце здарылася ў канцы 2010 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG