Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мы выйдзем сёньня, заўтра, пасьлязаўтра"


Сяргей Чаравяка
Сяргей Чаравяка
24 кастрычніка ў Цэнтральным судзе Менску разглядаліся адміністрацыйныя справы затрыманых удзельнікаў акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі, якая адбылася 21 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы. Аляксандар Валанцэвіч арыштаваны на 7 сутак, Сяргей Чаравяка — на 5 сутак.

Каардынатара "Эўрапейскай Беларусі" Аляксандра Валанцэвіча, які выйшаў на плошчу з мэгафонам і патрабаваў свабоды палітвязьням, арыштавалі на 7 сутак. Яго зьвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі і ўдзеле ў ёй. Ён прызнаў, што браў удзел у акцыі на плошчы і пагадзіўся на хуткі разгляд справы. Судзьдзя Аляксандар Хадановіч пакараў актывіста арыштам на сем сутак. Ня ўсім тым, хто прыйшоў падтрымаць Аляксандра, хапіла месцаў у пакоі судзьдзі. Актывістка кампаніі Марыя Касьян сказала:

"У іх свае законы. Яны лічаць, што чалавек ня можа выйсьці на плошчу з партрэтам палітвязьня і патрабаваць яго свабоды. Мы лічым, што мы можам. У турме знаходзяцца лідэры апазыцыі Андрэй Саньнікаў, Мікалай Статкевіч, Зьміцер Бандарэнка, Павал Севярынец. Гэтыя людзі знаходзяцца там незаконна. На іх чыніцца ціск у турме. Гэта здароўе людзей. І трэба нешта рабіць, каб яны выйшлі на свабоду".

Калі на працэс над Валанцэвічам пусьцілі частку ахвотных, то на суд да Сяргей Чаравякі ніхто ня трапіў. Сяргея затрымалі за тое, што ён спрабаваў адбіць Аляксандра, калі таго затрымлівалі міліцыянты.

"На суд да яго не пусьцілі.Там пайшла праваабаронца, і перад ёй зачынілі дзьверы і сказалі, што працэс ужо пачаўся".

Сястра Аляксандра Валанцэвіча Алена Левакова распавяла, што Аляксандар правёў выходныя ў турме на Акрэсьціна. Яна сказала, што падтрымлівае свайго брата і ягоны ўдзел у акцыі салідарнасьці.

Алена Левакова
Алена Левакова
"Я прывозіла яму перадачу. Ён адмовіўся есьці, ён галадае, выказвае пратэст таму, што робіцца. Возім сокі, ваду".

Актывіст "Эўрапейскай Беларусі" Андрэй Моўчан адзначыў, што прысуды ягоным паплечнікам надуманыя і былі вызначаныя раней.

"Учынак гэтых хлопцаў — гэта проста гераізм. Але мяне ўражвае, што людзі не абараняюць гэтых людзей і не выходзяць на плошчу. Героі сядзяць у турмах, а астатнія сядзяць па кухнях. Пакуль мы ня будзем адзіныя, мы не пераможам".

Былы палітвязень Сяргей Казакоў перад пачаткам акцыі 21 кастрычніка быў заблякаваны міліцыянтамі ў сваёй кватэры. Пракуратура папярэдзіла яго за заклікі да ўдзелу і арганізацыю несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. Ён прыйшоў у Цэнтральны суд, каб падтрымаць сваіх аднадумцаў.

"Гэтыя людзі выйшлі, каб патрабаваць вызваленьня палітвязьняў, якія знаходзяцца ў турмах, такіх, як Саньнікаў, Бандарэнка, Лобаў, Дашкевіч і іншых. У адказ улады дадалі яшчэ двух палітзьняволеных, я іх таксама лічу палітвязьнямі. Іх пасадзілі за тое, што яны прыйшлі выказаць сваю думку. У такі выпадку, я лічу, трэба толькі дзейнічаць. Калі ўлада ня хоча нас чуць, мы павінны дзейнічаць так, каб улада проста не магла закрыць на нас вочы. Мы выйдзем сёньня, заўтра, пасьлязаўтра. Дзень за днём мы будзем выходзіць, пакуль нешта ня вырашыцца. Альбо мы сядзем усе, альбо рана ці позна ўсіх выпусьцяць".

Былы палітвязень Сяргей Казакоў з паплечнікамі каля Цэнтральнага суду
Былы палітвязень Сяргей Казакоў з паплечнікамі каля Цэнтральнага суду



Намесьнік начальніка менскай міліцыі Ігар Яўсееў у сваім відэазвароце, разьмешчаным на сайце ГУУС Менгарвыканкаму, папярэдзіў пра адказнасьць арганізатараў і ўдзельнікаў несанкцыянаваных акцыяў. Паводле Яўсеева, "менская міліцыя нацэлена на спыненьне несанкцыянаваных акцыяў і гатовая выканаць свае службовыя абавязкі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG