Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Санковіч — новы старшыня Менскай калегіі адвакатаў


Новым старшынём сталічнай калегіі адвакатаў стаў Андрэй Санковіч, паведамілі ў Менскай калегіі адвакатаў.

Раней Андрэй Санковіч працаваў у Партызанскай раённай калегіі адвакатаў, адвакацкай практыкай займаецца больш за 10 гадоў.

Былы старшыня Менскай калегіі адвакатаў Аляксандар Пыльчанка напісаў заяву, што складае зь сябе паўнамоцтвы старшыні пасьля таго, як ягонай адстаўкі запатрабавалі ў Мін'юсце.

Раней Пыльчанку вывелі са складу кваліфікацыйнай камісіі па пытаньнях адвакацкай дзейнасьці. Гэта здарылася ў той жа дзень, калі ў інтэрвію БелаПАН ён заявіў: кіраўніцтва МГКА лічыць, што ў Беларусі склалася крытычная сытуацыя, якая рэальна пагражае незалежнасьці адвакатуры.

Кіраўнік калегіі, у прыватнасьці, распавёў пра пашыранае пасяджэньне прэзыдыюму МГКА 17 лютага, на якім абмяркоўвалася пытаньне пра пазбаўленьне Мін'юстам ліцэнзіяў чатырох адвакатаў — Алега Агеева, Тацьцяны Агеевай, Уладзімера Тоўсьціка і Тамары Гараевай.

Тады Пыльчанка паведаміў, што прынята рашэньне правесьці пазачарговы экстраны сход МГКА. Аднак пазьней прэзыдыюм калегіі адмовіўся ад ідэі праводзіць пазачарговае паседжаньне.

Сёлета таксама пазбавілі ліцэнзіі адвакатку Тамару Сідарэнку. Павал Сапелка быў выключаны са складу МГКА, ініцыятыва паходзіла зь Мін'юсту.

Акрамя таго, на пасяджэньнях пазачарговых атэстацыйных камісій не былі атэставаныя адвакаты Дар'я Ліпкіна, Ганна Бахціна і Ірына Бурак, якія таксама абаранялі фігурантаў справы пра падзеі 19 сьнежня 2010 году.
XS
SM
MD
LG