Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэйвід Гарднэр у Financial Times прыгадвае асноўныя моманты палітычнай біяграфіі Муамара Кадафі.

Падчас баёў за Бэнгазі Кадафі загадваў зьнішчаць сваіх ворагаў «як пацукоў». Але ён сам знайшоў свой канец у каналізацыйнай трубе. У яго сьмерці назіралася дзікая сымэтрыя.

Але калі казаць пра ўсё ягонае жыцьцё, то яно складалася з самоты і няўдачаў. Хітры і бязьлітасны, ён заставаўся ва ўладзе 42 гады. Гэта вялікае дасягненьне. Але акрамя гэтага, ён не дамогся нічога.

Гэты бескарысны вынік не маглі схаваць яго блазнаватасьць і напышлівасьць. Ён прысвоіў сабе тытул «апошні Цар цароў», мяняючы гэтыя тытулы па некалькі разоў на дзень, нібыта ў палітычным тэатры. У пэўным сэнсе ён і быў такім «царом», падтрымліваючы незьлічоную колькасьць «вызвольных» рухаў на чатырох кантынэнтах.

Яго раньнія амбіцыі адпавядалі свайму часу. Ён злавіў апошнюю антыкаляніяльную хвалю ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе і больш чым мэсіяй «трэцяга сьвету» быў проста панарабскім нацыяналістам. Кадафі ішоў па шляху Гамаля Абдэля Насэра, куміра арабскіх масаў, які тады ўжо ляжаў у труне.

Гэта было раньняй прыкметай звышнатуральнай здольнасьці Кадафі ствараць канфрантацыю, а потым аб'ядноўваць супраць сябе амаль усіх. Гэтак і сёлета рашэньню Рады бясьпекі ААН супраць Кадафі папярэднічала асуджэньне Лібіі Лігай арабскіх дзяржаваў, дзьве краіны Пэрсыдзкай затокі – Аб'яднаныя Арабскія Эміраты і Катар – удзельнічалі ў ваеннай апэрацыі супраць яго. Нават Лібан, урад якога знаходзіцца пад вялікім уплывам Хізбаллы – праіранскай шыіцкай ісламісцкай групоўкі – галасаваў ў Радзе бясьпекі супраць Кадафі. Шыіты не даравалі Кадафі выкраданьне і магчымае забойства ў 1979 годзе іх духоўнага лідэра Мусы ас-Садра, які спрабаваў спыніць умяшаньне Лібіі ў грамадзянскую вайну ў Лібане.

Да гэтага часу ён ужо адвярнуўся ад арабаў, як ня вартых яго. Калі ўсе яго пляны стварэньня саюзу арабскіх краінаў скончыліся нічым, ён зьвярнуўся да больш амбітных праектаў Афрыканскага саюзу. Яго разбуральныя ўмяшаньні ў канфлікты ў Чадзе і Нігеры, Лібэрыі і Сьера-Леонэ, суправаджаліся подкупам мясцовых кіраўнікоў. Але мала хто зь іх зрабіў выгляд, што быў натхнёны ягонай «Зялёнай кнігай», трыма тамамі лухты, якая, як ён лічыў, пераадольвае супярэчнасьць паміж камунізмам і капіталізмам у трэцяй унівэрсальнай тэорыі.

Ягоныя злачынствы вядомыя: падрыў авіялайнэра, выбух у дыскатэцы ў Бэрліне, ўзбраеньне Ірляндзкай Рэспубліканскай арміі (ІРА) празь міжнародных тэрарыстаў Абу Нідаля і Карласа Шакала. Яго гвалт над уласным народам цягнуўся доўгія гады, пакуль яму ня быў пакладзены канец некалькімі месяцамі сёлетняй грамадзянскай вайны.

Ён растраціў мільярды на замежныя авантуры, замест таго каб даць магчымасьць лібійцам падняцца зь беднасьці.

Так, ён даваў выбухоўку Semtex ІРА. Але аднойчы ў 1978 годзе лідэр Шын Фэйн (легальнага крыла ІРА), выходзячы ў Трыпалі з рэзыдэнцыі Кадафі сустрэў у прыёмнай кіраўніка прабрытанскай ваенізаванай ірляндзкай арганізацыі.

У Гішпаніі Кадафі фінансаваў прынамсі тры палітычныя арганізацыі – фракцыю ў Сацыялістычнай партыі, Андалускую нацыяналістычную партыю, і правую газэту El Imparcial, якая была ідэолягам спробы дзяржаўнага перавароту ў 1978 годзе.

Усе, каму дапамагаў Кадафі, разам з кожнай валізкай даляраў атрымлівалі валізкі зь «Зялёнай кнігай». Усё, чаго ён дасягнуў гэтым, гэта ператварыў Лібію ў сынонім сумесі тэрору і блазнаватасьці. І нарэшце лібійцы могуць прачнуцца ад гэтага кашмару.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG