Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У артыкуле пад такой назвай рэдактар польскай «Gazeta Wyborcza" Адам Міхнік разважае пра лёс Муамара Кадафі і іншых дэспатаў, якія яшчэ знаходзяцца ва ўладзе.

Непрыстойна радавацца чыёйсьці сьмерці, нават калі гэта быў тыран, вінаваты ў пакутах тысяч людзей. Так што сьмерць Муамара Кадафі для мяне - гэта не падстава для радасьці, а нагода задумацца пра сутнасьць сьвету, у якім жывем і мы, і дыктатары.

Кадафі здаваўся вечным. Ён шантажаваў і прыніжаў цэлы сьвет. Цьвёрдай рукой дэспата ён тэрарызаваў лібійцаў, а адначасова ўмеў дамаўляцца (праз гады знаходжаньня ў стане канфлікту) са сьветам заходняй дэмакратыі і ня раз ставіў на калені кіраўніцтва эўрапейскіх краін.

У сваёй шматгадовай кар'еры ён бываў змоўшчыкам, ініцыятарам зялёнай ісламскай рэвалюцыі, ад якой ён адышоў. Дыктатарам жа ён быў заўсёды. Ён верыў у гвалт і хлусьню і лічыў, што гэтага дастаткова. І пралічыўся. Яго падданыя ў рэшце рэшт вырашылі, што прыйшоў час сказаць: хопіць!

І гэта быў канец Кадафі. Абараняўся ён доўга, таму што на яго баку была армія, як цяпер у сірыйскага дыктатара. І ён бы абараняўся далей, калі б не ваенная апэрацыя Францыі і Англіі, падтрыманая іншымі краінамі. Дэмакратычныя дзяржавы гэтым разам усталі на бок прыгнечаных, выступіўшы супраць дэспата. Гэта быў сыгнал народам, якія знаходзяцца пад ярмом тыраніі: дыктатуры не застануцца беспакаранымі, дыктатары не бесьсьмяротныя.

Яны, праўда, застаюцца неад'емным элемэнтам нашай эпохі, але іх падзеньне - гэта таксама неад'емны факт. Падзеньне дыктатураў зьдзяйсьняецца шляхам перамоваў і дэмакратычных рэформаў, але таксама - шляхам гвалту і крывавага рэваншу.

Дыктатарам варта добра засвоіць урок арабскай вясны. Некаторыя, напрыклад, рэжым у М'янме, пачалі асьцярожна паварочвацца ў бок дэмакратычнай апазыцыі, аналягічны працэс адбываецца ў Марока. У іншых месцах, хаця б у нашых суседзяў - у Беларусі, дзе ва ўладзе знаходзіцца Лукашэнка, дыктатары працягваюць верыць у сваю беспакаранасьць і ў сваю неўміручасьць. На шлях Лукашэнкі зьвярнуў і прэзыдэнт Украіны Януковіч.

Яны памыляюцца, як памыляўся Кадафі. Варта пажадаць ім, каб скончылі яны лепш, чым іх лібійскі калега. Пажадаем гэта таксама самім сабе. Гвалт спараджае гвалт, нянавісьць спараджае нянавісьць, а помста спараджае помсту.

Я ня веру ў сьвет безь нянавісьці: мы ж не анёлы. Але я веру, што кожная дыктатура мае сваю мяжу. І гэта моманты, калі абаронцы свабоды могуць адчуць задавальненьне.
XS
SM
MD
LG