Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скрабцу адказалі ў МУС: калі Дашкевіч захоча, ён сам усё распавядзе


Былы палітвязень Сяргей Скрабец атрымаў адказ з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС.

"Я накіраваў ліст у МУС ад свайго імя як грамадзяніна Беларусі. І напісаў, што мяне непакоіць, што да лідэра "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча, як я даведаўся з мэдыяў, ужываюцца катаваньні. Я прасіў расьсьледаваць гэтыя факты і спыніць катаваньні. Мне адказаў першы намесьнік начальніка дэпартамэнту выкананьня пакараньняў міністэрства Працэнка, які напісаў, што мой зварот "пакінуты без разгляду па сутнасьці". Сэнс адказу такі: калі Дашкевіч захоча, ён сам зьвернецца да іх альбо ў пракуратуру. А я для Дашкевіча — ніхто. Хоць я сам прайшоў праз турмы і цудоўна ведаю, як там ставяцца да вязьняў", — заявіў Скрабец "Свабодзе".

Скрабец таксама дадаў: "І яшчэ напісалі такое: "Службовыя асобы і іншыя работнікі ня маюць права разгалошваць зьвесткі пра асабістае жыцьцё грамадзян безь іхнай згоды". Атрымліваецца, што яны ня могуць паведаміць мне, ужываюцца да Дашкевіча катаваньні альбо не, безь ягонай згоды".

Зьмітра Дашкевіча этапавалі ў Глыбоцкую калёнію 27-га верасьня.

26 верасьня ад Дашкевіча прыйшоў ліст, у якім той прасіў пра тэрміновую сустрэчу з адвакатам. Дашкевіч адправіў ліст з транзытнай камэры ў Магілёўскім СІЗА.

Зьмітра Дашкевіча асудзілі на 2 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства. Суд прызнаў, што 18 сьнежня Зьміцер Дашкевіч і актывіст "Маладога фронту" Эдуард Лобаў зьбілі ў Менску мінакоў.

Дашкевіч і Лобаў сваёй віны не прызналі і заявілі, што гэта была правакацыя спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG