Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 кастрычніка — акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі. Онлайн


У Менску на Кастрычніцкай плошчы прайшла чарговая акцыя падтрымкі палітвязьняў. Міліцыянты затрымалі ініцыятара акцыі, каардынатара ініцыятывы «Эўрапейская Беларусь» Максіма Вінярскага.

«Ніхто, акрамя нас не даб’ецца вызваленьня лідэраў нацыі з турмы. І так — крок за крокам — мы зможам дамагчыся ўсіх нашых мэтаў. Галоўнае — не баяцца ісьці наперад і не спыняцца», — кажа Вінярскі ў сваім звароце.



20:20 Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі пасьля затрыманьня на Кастрычніцкай плошчы Менску быў дастаўлены ў РУУС Цэнтральнага раёну. Верагодна, што на яго будзе складзены пратакол па арт. 23.34 КоАП за арганізацыю акцыі, а разгляд справы ў судзе адбудзецца заўтра. Тэлефон Васіля Парфянкова па-ранейшаму не адказвае, а ягонае месцазнаходжаньне невядомае.

19:50 Удзельнікі акцыі пачалі разыходзіцца. За імі Кастрычніцкую плошчу пакідаюць журналісты. Акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі завершылася.

19:45 Тым часам тэлефон Васіля Парфянкова, за якім у аўтобус увайшлі супрацоўнікі спэцслужбаў, стаўся недаступным для тэлефанаваньняў. Ня выключана, што былога палітвязьня затрымалі.

19:40 Па-ранейшаму на Кастрычніцкай плошчы застаюцца некалькі дзясяткаў чалавек. Гэта людзі рознага веку — жанчыны, моладзь, якія стаяць разрозьненнымі групамі, перамаўляюцца, не выяўляюць актыўных дзеяньняў, але і не разыходзяцца. Таксама на плошчы застаюцца супрацоўнікі спэцслужбаў, якія назіраюць за людзьмі здаля і таксама не выяўляюць актыўнасьці.

Марына Лобава, маці палітвязьня Эдуарда Лобава (зьлева), і Алена Ліхавід (з правага боку), маці былога палітвязьня Мікіты Ліхавіда.

19:30 На Кастрычніцкай плошчы Менску некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іншых удзельнікаў акцыі былы палітвязень Мікіта Ліхавід. Ён заявіў журналістам, што нават калі адзін чалавек будзе выходзіць на плошчу на знак салідарнасьці з палітвязьнямі, то гэта будзе посьпех.

19:20 На Кастрычніцкую плошчу прыйшоў былы палітвязень Васіль Парфянкоў. Ён таксама спрабаваў выказацца перад журналістамі пра сваё стаўленьне на тэму палітзьняволеных у Беларусі. Але неўзабаве яго атачылі прадстаўнікі спэцслужбаў на чале з іх кіраўніком Ігарам Яўсеевым і забаранілі даваць інтэрвію. Яны заявілі, што папярэджвалі пра тое, што акцыя салідарнасьці несанкцыянаваная і загадалі Васілю Парфянкову пакінуць плошчу. Былы палітвязень спрабаваў сысьці, аднак сілавілі перасьледавалі яго да аўтобуснага прыпынаку № 100. Васіль Парфянкоў сеў у аўтобус, а сьледам за ім у аўтобус зайшлі некалькі чалавек у цывільным за якімі зачыніліся дзьверы.


Васіль Парфянкоў адварочваецца ад Ігара Яўсеева.
Васіля Парфянкова перасьледуюць па дарозе ад плошчы невядомыя ў цывільным.
19:15 На Кастрычніцкую плошчу прыйшла Алена Ліхавід — маці былога палітзьняволенага Мікіты Ліхавіда. Яна пачала адказваць на пытаньні журналістаў пра сваё стаўленьне да праблемы палітзьняволеных у Беларусі. Але неўзабаве да іх падыйшлі супрацоўнікі спэцслужбаў, якія забаранілі Алене Ліхавід выказвацца перад журналістамі, прыгразілі затрымаць і адвезьці ў Цэнтральны РУУС.

Гаворыць Алена Ліхавід, маці былога палітвязьня Мікіты Ліхавіда.
Алена Ліхавід і міліцэйскі начальнік Ігар Яўсееў.

19:05 На Кастрычніцкай плошчы зьявіўся актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі. Ён заявіў: «Мы праводзім і штодня будзем праводзіць акцыі на знак падтрымкі і салідарнасьці з палітвязьнямі». На гэтых словах да яго падбеглі супрацоўнікі спэцслужбаў, закрычалі, што яны папярэджвалі пра незаконнасьць правядзеньня акцыі і заштурхалі яго ў аўтамашыну. Гэткім чынам, Максім Вінярскі затрыманы.

Ігар Яўсееў і Максім Вінярскі.
Затрымліваюць Максіма Вінярскага.

18:55 Палац Рэспублікі — у атачэньніі спэцназу. Абапал Палацу Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы Менску стаяць аўтобусы без нумарных знакаў, напоўненыя супрацоўнікамі спэцназу ў экіпіроўцы. Такі ж атобус зь сілавікамі стаіць на вуліцы Энгельса непадалёк ад праспекту Незалежнасьці. На Кастрычніцкай плошчы вялікая колькасьць супрацоўнікаў у спэцслужбаў у цывільным і журналістаў. Зьявіўся таксама начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Менгарвыканкаму Ігар Яўсееў.

Спэцназаўцы праверылі ў журналістаў пасьведчаньні, і па рацыі аднаго з кіраўнікоў прагучала «Журналістаў не чапаць».

18:15 На Кастрычніцкай плошчы зьбіраюцца сілавікі.

За некалькі гадзін да пачатку акцыі ў падтрымку палітзьняволеных на Кастрычніцкай плошчы Менску пачалі канцэнтравацца супрацоўнікі спэцслужбаў. Ужо каля 16:00 на плошчы стаялі некалькі аўтобусаў, якімі прывозяць шарагоўцаў АМАПу. На плошчы таксама вялікая колькасьць сілавікоў у цывільным, паведамляе «Беларускі партызан». Пачатак акцыі ў падтрымку палітзьняволеных прадстаўнікі апазыцыйных дэмакратычных сіл прызначылі на 19:00.

18:10 Ад інтэрнаўтаў прыходзяць паведамленьні пра цяжкасьці з доступам да сайтаў незалежных СМІ, у тым ліку Радыё Свабода.



Акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі. Менск 24 кастрычніка 2011

Папярэдняя акцыя салідарнасьці адбылася ў пятніцу, 21 кастрычніка. У ёй прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек. Трое ўдзельнікаў былі затрыманыя, двое зь іх — асуджаныя на 5 і 7 сутак адміністрацыйнага арышту.

Тады на Кастрычніцкай плошчы затрымалі актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Аляксандар Валанцэвіча. Пратэстуючы супраць незаконнага затрыманьня, Валанцэвіч абвясьціў галадоўку.

Валанцэвіча будуць судзіць 24 кастрычніка а 10:00 у Цэнтральным судзе Менску.

Палітвязьні (па стане на 24 кастрычніка)
Аліневіч Ігар у турме, справа анархістаў
Аўтуховіч Мікалай у турме
Бандарэнка Зьміцер у турме, асуджаны за Плошчу
Бяляцкі Алесь у СІЗА
Васьковіч Яўген у турме, справа анархістаў
Дашкевіч Дзьмітрый у турме, нібыта за хуліганства
Дзядок Мікалай у турме, справа анархістаў
Лобаў Эдуард у турме, нібыта за хуліганства
Пракапенка Арцём у турме, справа анархістаў
Саньнікаў Андрэй, экс-кандыдат на прэзыдэнта у турме, асуджаны за Плошчу
Севярынец Павал асуджаны да «хіміі», за Плошчу
Статкевіч Мікалай, экс-кандыдат на прэзыдэнта у турме, асуджаны за Плошчу
Сырамалотаў Павал у турме, справа анархістаў
Францкевіч Аляксандар у турме, справа анархістаў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG