Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 кастрычніка ў канфэрэнц-залі Чырвонага касьцёлу Менску адбыўся чарговы ХІ зьезд Таварыства беларускай мовы. На зьезд прыбылі каля 120 дэлегатаў, некалькі дзясяткаў ганаровых гасьцей, прадстаўнікоў творчай і навуковай інтэлігенцыі – народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, паэт Анатоль Вярцінскі, мастак Аляксей Марачкін, ксёндз Ўладзіслаў Завальнюк, перакладчык Лявон Баршчэўскі ды іншыя. Былі і замежныя госьці зь Беласточчыны. Прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі. У прэзыдыюме — Алег Трусаў, Радзім Гарэцкі, Алена Анісім.

Са справаздачай выступіў старшыня ТБМ Алег Трусаў. Ён распавёў пра дасягненьні за апошнія 3 гады. Упершыню на дзяржаўным узроўні былі адзначаныя 600-я ўгодкі Грунвальдзкай бітвы. Адбыліся 3 агульнанацыянальныя дыктоўкі. Заснаваны часопіс для моладзі “Верасень”. На АНТ у ранішняй праграме зьявілася адмысловая рубрыка па навучаньню беларускай мове. Выйшлі статуты Ўзброеных сіл на беларускай мове. Ідзе праца над ставарэньнем парталу ТБМ у інтэрнэце. Пашыраецца колькасьць сяброў Таварыства — да прыкладу, у Лідзе ў ТБМ уступіла больш за 200 маладых людзей — навучэнцаў каледжаў.

Намесьнік старшыні ТБМ старшыня менскай гарадзкой арганізацыі Алена Анісім распавяла пра шматлікія навуковыя і адукацыйныя праекты. Зараз ідзе праца над перакладам Правілаў дарожнага руху. Але тут патрэбна супрацоўніцтва з ўладнымі структурамі, заўважыла спадарыня Анісім.

З кароткімі паведамленьнямі выступілі кіраўнікі абласных філіяў ТБМ, моладзевых структур, галоўныя рэдактары тыднёвіка “Новы час” Аляксей Кароль і органа ТБМ газэты “Наша слова” Станіслаў Суднік.

Лінгвіст Вінцук Вячорка адзначыў, што ў цэлым моўная сытуацыя ў краіне горшая, чым у камуністычныя гады. Страты, што адбыліся за апошнія гады, жахлівыя: катастрафічна падае колькасьць беларускамоўных школ і клясаў. Колькасьць абітурыентаў, што здаюць цэнтралізаванае тэставаньне па беларускай мове, скарацілася на 25%. Нельга параўнаць нацыянальнае тэлебачаньне і радыё, якім ў 1980-х кіраваў Генадзь Бураўкін зь цяперашнімі электроннымі СМІ, якімі кіруе Генадзь Давыдзька. Засмучаюць і вынікі перапісу насельніцтва — беларусы сталі меншасьцю, бо менш за 30% лічаць беларускую мову мовай зносін. І ТБМ павінна стаць ужо праваабарончай арганізацыяй. Павінна быць створаная грамадзкая рада барацьбы за моўныя правы. Патрэбны прававы інстытут і юрысты для абароны беларускай мовы. Сам Вінцук Вячорка гатовы аказаць прававую дапамогу кожнаму, хто сутыкаецца з моўнай дыскрымінацыяй.

Дэлегаты зьезду ТБМ выступілі са зваротам да ўладаў Беларусі абвясьціць наступны, 2012 год “Годам беларускай мовы” у гонар юбілеяў клясыкаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы.

Вострая дыскусія разгарнулася вакол прапановы Рады ТБМ зьвярнуцца да заканадаўчых органаў улады і прыняць дадатак “Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы” у Закон аб мовах. Лінгвіст Вінцук Вячорка распрацаваў свой праект Закону "Аб беларускай мове". У прыватнасьці, ён прапануе асобнымі разьдзеламі замацаваць у законе "Дзяржаўныя гарантыі права выкарыстоўваць беларускую мову" і "Дзяржаўныя гарантыі аховы і разьвіцьця беларускай мовы", а таксама пры Міністэрстве культуры стварыць Дзяржаўную інспэкцыю з шырокімі паўнамоцтвамі, якая будзе кантраляваць выкананьне Закону.

Зьезд даручыў рэдакцыйнай групе прааналізаваць усе прапановы і заўвагі і прадставіць канцэпцыю закону на разгляд Сакратарыяту ТБМ, які да 25 сьнежня павінен накіраваць яе ў заканадаўчыя органы Рэспублікі Беларусь.

Старшынём Таварыства беларускай мовы зноў абраны Алег Трусаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG