Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: “Мы са сьлязьмі просім: дапамажыце нам адстаяць паліклініку”


Буданк паліклінікі

Буданк паліклінікі

У Гомелі жыхары Залінейнага мікрараёну пратэстуюць супраць закрыцьця паліклінікі на вуліцы Катоўскага, якая належала рэгіянальнаму аддзяленьню Беларускай чыгункі і дзе абслугоўваюцца, апрача чыгуначнікаў, каля 3 тысячаў жыхароў суседніх вуліц.

Жыхары вуліц Катоўскага, Ляшчынскай, Бочкіна, Ракасоўскага ды іншых ужо накіравалі свае пратэстныя лісты ў Аміністрацыю прэзыдэнта і гарвыканкам.

Распавядае адна з падпісантаў, спадарыня Натальля:

“452 чалавекі падпісаліся пад зваротам у Адміністрацыю прэзыдэнта і 305 чалавек пад зваротам да гарадзкіх уладаў. Мы хочам пакінуць паліклініку. Тут ёсьць літаральна ўсе спэцыялісты – і анколягі, і фтызыятры”.

Суразмоўніца кажа, што 20 кастрычніка на сходзе жыхароў галоўны лекар гарадзкой паліклінікі №1 Людзьміла Рыжова абяцала прыслухацца да пратэстных галасоў. Аднак напярэдадні ў інтэрвью мясцовай газэце лекарка выклала свой варыянт рэфармаваньня паліклінікі чыгуначнікаў:

“Яна з гэтай паліклінікі хоча зрабіць амбуляторыю. Гэта як бы вяртаньне з гораду ў вёску: пасадзіць тут фельчара і аказваць даўрачэбную дапамогу пэнсыянэрам, усім сталым людзям. Прабачце, але памераць ціск кожны й сам сабе можа”.

Мясцовыя жыхары вельмі занепакоены тым, што рэарганізацыя сыстэмы аховы здароўя вядзецца без уліку меркаваньня грамадзкасьці.

Спадарыня Людзьміла з вуліцы Ляшчынскай: “Пра ўсё гэта мы даведаліся выпадкова. Ніхто нам нічога не паведамляў, пакуль мэдработнікі ня сталі казаць, што закрыюць паліклініку. Наша сям’я супраць такой рэарганізацыі. Нам трэба, каб былі ўсе лекары і дасьледавалі так, як належыць”.

Людзі мала вераць ў тое, што ўлады прыслухаюцца да іх голасу, бо мясцовыя чыноўнікі ў сваім рашэньні зачыніць паліклініку спасылаюцца на распараджэньні кіраўніка дзяржавы. Вось што кажа з гэтай нагоды спадарыня Ніна, колішняя працаўніца чыгункі:

“Яны кажуць, што Лукашэнка распарадзіўся, каб прыбралі адсюль паліклініку”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG