Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-за халадоў у Андрэя Саньнікава абвастрыліся праблемы з суставамі


Ад экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава дайшоў ліст з карантыну, адрасаваны жонцы Ірыне Халіп. Павал Севярынец, які з "хіміі" лістуецца з іншымі палітвязьнямі, тлумачыць зьнікненьне Яўгена Васьковіча доўгім турэмным этапам.

Ірына Халіп атрымала першы ліст ад мужа, экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, напісаны яшчэ з карантыну калёніі ў Бабруйску. Зараз экс-кандыдата на прэзыдэнта ўтрымліваюць ў памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ), дзе звычайна трымаюць злосных парушальнікаў турэмнага рэжыму. Між тым зьвестак пра тое, каб Саньнікаў нешта парушыў з парадкаў Бабруйскай калёніі, няма.
Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў

Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Эдуард Лобаў

Эдуард Лобаў

Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Павал Севярынец

Павал Севярынец

Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка


"Вядома мала што. Гэта ПКТ, ці "бур" як яго клічуць "зэкі" – гэта такая турма ў турме. Звычайна туды трапляюць вязьні, які нешта парушылі ў парадках, пасьля адсідкі ў карцэры. Памятаеце, як Мікіта Ліхавід. І Андрэй зараз там. Я ня ведаю, хто ягоныя суседзі, з кім ён сядзіць, можа ў адзіночцы. Пра гэта я даведаюся ад адваката, які паедзе да яго на наступным тыдні. Справа ў тым, што перавялі яго ў ПКТ як раз пасьля апошняй сустрэчы з адвакатам. Мы пра гэта даведаліся выпадкова", - кажа Ірына Халіп.

Карэспандэнт: "А што вядома пра ягонае здароўе?"


"Піша ў лісьце, напісаным яшчэ з карантыну, што з-за холаду там ў яго абвастрыліся праблемы з суставамі".

Маці палітвязьня Эдуарда Лобава, наведваючы на мінулым тыдні сына ў калёніі як раз засьпела час, калі ў калёніі ўключылі ацяпленьне. Марына Лобава кажа, што было вельмі холадна, але і пасьля таго, як затапілі, тэмпэратура не паднялася да патрэбных 18 градусаў. Выратаваць ў такіх умовах можа толькі цёплая вопратка. Маці палітвязьня зазначае, што ў Івацэвіцкай калёніі з гэтым праблем яна не ўбачыла.

"Цёплую бялізну сыну выдалі. Цёплыя спартовыя штаны дазволілі апрануць. Гэта ўсё ёсьць ў яго".

Ці гэтак жа вырашаны праблемы з цёплымі рэчамі ў Андрэя Саньнікава, ягоная жонка Ірына Халіп зьвестак ня мае.

"Хімік" Павал Севярынец лістуецца з палітвязьнямі: Саньнікавым, Бандарэнкам, Дашкевічам, Лобавым, Васьковічам. Сустаршыня партыі БХД Севярынец зазначае, што ня ўсе могуць дасылаць яму лісты гэтак сама, як ён ім. Прыкладам, ад Мікалая Статкевіч няма лістоў, бо адміністрацыя Шклоўскай калёніі па-ранейшаму стварае вязьню перашкоды ў ліставаньні. Даўно не было лістоў і ад актывіста Яўгена Васьковіча. Зьвесткі пра тое, што вязьня перавялі невядома куды з калёніі Севярынец камэнтуе гэтак.

"Мяркую, ён яшчэ едзе па этапе, як ў свой час было з Саньнікавым і Дашкевічам. Яго паабяцалі перавесьці ў крытую турму, а яна, здаецца, ў нас адна – у Гародні. А як з Магілёва перавезьці чалавека туды – толькі праз гэтак званыя этапы. Ведаю па сабе, наколькі гэта цяжка. Могуць ноччу выводзіць, могуць трымаць ў адстойніках, дзе няма як павярнуцца, ня тое што прысесьці ці прылегчы. І гэтак можа цягнуцца тыднямі. Таму хутчэй за ўсё ён дзесьці на этапе зараз".

Сам Павал Севярынец адбывае пакараньне "хіміяй" ў Пружанскім раёне. Вязьню прапаноўвалі прызнаць віну ўзамен на перавод на "хімію" дамоў у Віцебск, але Павал адмовіўся. "Больш не прапануюць. І ўвогуле зьдзіўляюся, што прапаноўвалі. Магі б мяне ужо ведаць, што гэта бессэнсоўна".

Зьвестак ад Мікалая Статкевіча ягоныя сваякі не атрымліваюць. Ні лістоў, ні званкоў, кажа жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Марына Адамовіч. Няма навінаў таксама ад Зьмітра Дашкевіча і Зьмітра Бандарэнкі, якіх трымаюць у Глыбоцкай і Магілёўскай калёніях.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG