Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра выбарчую сыстэму


Падчас сустрэчы з старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай Аляксандар Лукашэнка катэгарычна заявіў, што выбарчая сыстэма да выбараў у Палату прадстаўнікоў мяняцца ня будзе. Тым самым ён паклаў канец прагнозам і меркаваньням наконт пераходу на прапарцыйную выбарчую сыстэму, якімі поўніліся незалежныя мэдыі. Падставай для такіх здагадак стала інфармацыя пра будучае пераўтварэньне арганізацыі "Белая Русь" у партыю. Маўляў, калі так, то ўва ўладаў, значыць, ёсьць праект зьмены выбарчай сыстэмы. Таму што бяз гэтага вялікага сэнсу ў перамене статусу "Белай Русі" няма.

Аднак з гледзішча ўладаў няма і асаблівай матывацыі дзеля пераходу на прапарцыйную сыстэму выбараў (калі выбаршчык галасуе не за кандыдата ў дэпутаты, а за партыю). Увогуле сама ідэя зьмены выбарчай сыстэмы мае сэнс толькі ў працэсе дыялёгу з Захадам. Для ЗША і ЭЗ выбары — гэта ключавы момант дыскусіі пра дэмакратызацыю Беларусі. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, калі дыялёг з Захадам быў актуальны, пра верагоднасьць пераходу да прапарцыйнай сыстэмы гаварыла Ярмошына. Сам Лукашэнка рабіў намёкі на зьмену стаўленьня да партый .

Але пасьля 19 сьнежня дыялёг з Захадам быў згорнуты. Апошнімі тыднямі зьявіўся трэнд на замарожваньне адносін з заходнімі краінамі, улады прыпынілі вызваленьне палітвязьняў. І згаданую заяву Лукашэнкі падчас сустрэчы зь Ярмошынай трэба разглядаць у пляне пагаршэньня дачыненьняў з ЗША і Эўразьвязам.

Зь іншага боку, кіраўнік Беларусі моцна траўмаваны спробай перайсьці да мадэлі "кіраванай дэмакратыі" на расейскі манер падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі мінулага году. Адносная лібэралізацыя палітычнага працэсу моцна напужала Лукашэнку. І цяпер цяжка ўявіць, што ён бліжэйшым часам пагодзіцца на яшчэ нейкія экспэрымэнты.

А калі адносіны з Захадам замарожаныя, то навошта ламаць сыстэму, якая вельмі добра працуе, дае патрэбны ўладам вынік? Любая зьмена — гэта напружаньне для сыстэмы. Вось Ярмошына паскардзілася Лукашэнку на тое, што асобныя зьмены ў выбарчым працэсе перад прэзыдэнцкай кампаніяй толькі дадалі лішніх клопатаў і галаўнога болю. Тым больш рызыкоўна рабіць нейкія трансфармацыі ў крызіс, калі нездавальненьне грамадзтва расьце.

Да таго ж мажарытарная сыстэма выбараў, калі дэпутат выбіраецца ад канкрэтнай акругі, дазваляе ўладам весьці агітацыйную кампанію вакол мясцовых праблемаў: дарогі, крамы, рамонт жытла і інш. А пры прапарцыйнай сыстэме дыскусія вядзецца вакол агульнанацыянальных праблемаў. Кожная партыя прапануе свой праект будучыні краіны, адбываецца іх канкурэнцыя. Цяпер, у крызіс, гэта абавязкова актуалізуе пытаньне пра крах сацыяльнай мадэлі Лукашэнкі.

Затым, пры мажарытарнай сыстэме кожнаму кандыдату можна даць выступіць пяць хвілін на мясцовым тэлеканале. А пры прапарцыйнай сыстэме трэба даваць агульнанацыянальную тэлевізійную трыбуну лідэрам палітычных партый. Бо пры ўсіх асаблівасьцях беларускіх выбараў без тэлевыступаў нельга нават імітаваць выбарчы працэс. А ці трэба гэта ўладам?

Таму цалкам верагодна, што кампанія пераўтварэньня "Белай Русі" ў партыю нічым ня скончыцца. Бо пры мажарытарнай сыстэме ў Беларусі мала сэнсу для існаваньня партыі ўлады. Магчыма, гэта пустая кампанія, якія час ад часу зьяўляюцца на беларускім небасхіле. Напрыклад, зусім нядаўна была інфармацыя, што ўлады ў процівагу Народнаму сходу рыхтуюць "зьезд патрыятычных сілаў". Але вельмі хутка гэтая кампанія заглухла. Магчыма, нешта падобнае адбудзецца і зь "Белай Русьсю".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG