Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекі для многіх стануць недаступнымі


Фота Ўладзімера Голубева.
Фота Ўладзімера Голубева.
Да 20 кастрычніка лекавыя сродкі закупляліся па афіцыйным курсе валюты, які быў крыху большы, чым 5 тысяч за даляр. А цяпер будуць набывацца па адзіным курсе — новая дэвальвацыя нацыянальнай валюты склала 52%. Як людзі адрэагавалі на такую навіну?

Асаблівага ажыятажу ў аптэках не назіраецца, але пакупнікоў паболела, сьведчыць загадчыца дзяржаўнай аптэкі «Белфармацыя» спадарыня Ірына:

«За апошні тыдзень людзей стала больш. У нас невялікая аптэка, раней упраўляліся адно-два вакенцы, а цяпер дадаткова ў гадзіну пік адкрываем трэцяе. Стаяць, купляюць лекі. Магчыма, гэта зьвязана з тым, што ўжо пачалі хварэць на прастудныя захворваньні, альбо яны на запас закупляюцца».

Як людзі рэагуюць на падаражэньне лекаў, пытаюся ў менчукоў сталага веку:

Карэспандэнтка: «Віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Анатоль Тозік у пятніцу ў Палаце прадстаўнікоў сказаў, што ў сувязі са зьменай курсу валюты падаражэюць лекі. Вас гэта хвалюе?»

Спадарыня: «Вельмі хвалюе».

Бабуля: «Я карыстаюся беларускімі лекамі, імпартнымі не карыстаюся, бо дорага».

Карэспандэнтка: «А наагул дарагія цяпер лекі?»

Бабуля: «Так, купляла нядаўна прэпарат за 166 тысяч».

Спадарыня: «Не купляю лекі, таму што дорага. Хоць у мяне артроз і сардэчнае захворваньне. Не магу купіць, а прапрацавала 40 гадоў. І шмат хто з маіх знаёмых не купляе з гэтай прычыны».

Жанчына: «Заўсёды гэта хвалюе. Але ўсё адно лекі падаражэюць, гэтага і трэба было чакаць. А што зробіш? Мы да падаражэньняў ужо прызвычаіліся».

Віцэ-прэм’ер ураду Анатоль Тозік запэўніў, што запас лекавых сродкаў створаны вялікі, і на месяца паўтара-два яго хопіць. Але, як сьведчыць загадчыца аптэкі:

«Камэрцыйныя склады, я ведаю, прыпынілі часова для камэрцыйных аптэк водпуск некаторых лекаў. Самае неабходнае толькі адпускаюць. То бок чакалі, напэўна, чагосьці».

Імпартныя лекі істотна даражэйшыя за беларускія. І 166 тысяч за прэпарат, пра якія казала жанчына, — зусім не мяжа, кажа загадчыца аптэкі:

«Ёсьць вельмі дарагія імпартныя прэпараты, да прыкладу, пры бранхіяльнай астме іх прызначаюць, каштуюць каля 500 тысяч, але яны ідуць па льготных рэцэптах. Ёсьць яшчэ ўнутрысустаўныя іньекцыі (якія прызначаюць пры артрозах), яны каштуюць каля 800 тысяч адзін укол».
Субстанцыі, інгрэдыенты мы ж купляем за валюту, мы ж самі іх не вырабляем. А тут толькі лекі зь іх імпартных субстанцыяў робім.

Істотна павысіцца кошт і беларускіх лекаў, запэўніў спадар Тозік. Загадчыца аптэкі спадарыня Ірына тлумачыць:

«Субстанцыі, інгрэдыенты мы ж купляем за валюту, мы ж самі іх не вырабляем. А тут толькі лекі зь іх імпартных субстанцыяў робім. Натуральна, яны таксама падаражэюць. Ня ў столькі разоў, як імпартныя лекі, але цэны вырастуць і на беларускія лекі».

Такім чынам, нават беларускія лекі могуць стаць не па кішэні пажылым людзям, якія і цяпер вымушаны эканоміць на здароўі. Магчыма, давядзецца скарыстаць параду загадчыцы аптэкі:

«Нават самыя папулярныя парашкі ад прастуды ўжо істотна падаражэлі. Тут ужо народнымі сродкамі самастойна лепш лекавацца, чым гэты жудасны парацэтамол піць…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG