Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гей-парад забаранілі ў Соснах. Яго паспрабуюць правесьці ў Менску


Прадстаўнік Міжнароднай культурнай сеткі геяў і лесьбіянак са Швэцыі Біл Шылер, намесьніца старшыні праваабарончага праекту «Гей Беларусь» Натальля Манькоўская, старшыня праекту Сяргей Андросенка.

Прадстаўнік Міжнароднай культурнай сеткі геяў і лесьбіянак са Швэцыі Біл Шылер, намесьніца старшыні праваабарончага праекту «Гей Беларусь» Натальля Манькоўская, старшыня праекту Сяргей Андросенка.

Актывісты праваабарончага праекту «ГейБеларусь» правядуць маніфэстацыю ў падтрымку талерантнага стаўленьня да лесьбіянак, геяў, бісэксуалаў і трансгэндэраў (ЛГБТ) у Беларусі. Шэсьце плянуецца правесьці насуперак рашэньню Менгарвыканкаму, які забараніў правядзеньне акцыі.

Гей-парад меўся адбыцца 22 кастрычніка ў пасёлку Сосны каля Менску. Арганізатары заяўляюць, што месца правядзеньня абіралася зь меркаваньняў бясьпекі для ўдзельнікаў. Аднак і на ўскрайку сталіцы Менгарвыканкам забараніў шэсьце з тае прычыны, што нібыта яно будзе перашкаджаць прагульвацца мясцовым жыхарам, паведаміў лідэр праекту «ГейБеларусь» Сяргей Андросенка:

«Беларуская рэчаіснасьць такая, што мець магчымасьць скарыстаць сваё права на мірны сход — гэта ўжо перамога і можна адчуваць сябе адносна годным чалавекам. Таму акцыя гей-прайду адбудзецца ў кожным разе. Заўтра мы не выходзім зьмяняць палітычны лад у краіне, мы не выходзім заўтра ўшчэнт руйнаваць усю гамафобію, але мы выходзім правесьці сваю публічную мірную акцыю ў падтрымку талерантнага стаўленьня да прадстаўнікоў ЛГБТ і захаваньня цяперашніх правоў супольнасьці».

Падтрымаць беларускіх калегаў у Менск прыехаў прадстаўнік Міжнароднай культурнай сеткі геяў і лесьбіянак са Швэцыі Біл Шылер. Наконт пазыцыі беларускіх уладаў ён сказаў наступнае:
Той, хто забараняе парад, — ён шкодзіць усім вам.

«Той, хто забараняе парад, — ён шкодзіць усім вам. Бо гэта ня толькі колеры і сьвята. Гэта яшчэ і праваабарончая акцыя, падчас якой мы сьведчым, наколькі правы чалавека важныя для ўсіх нас».

У нядзелю ў Менску завершыцца «Гей-прайд — 2011», які доўжыцца з 11 кастрычніка. Гэта забаўляльныя праграмы, выставы і канфэрэнцыі, якія праходзяць зь вялікім посьпехам, кажа Сяргей Андросенка:

«Вечарыны гей-прайду праходзяць з аншлягам: зьбіраецца па 250 чалавек — для менскай дыскатэкі гэта нямала. Таксама сёлета выказала падтрымку гей-прайду беларуская партыя зялёных, БХК. І многія грамадзкія арганізацыі ў Беларусі не гамафобныя. Але яны саромеюцца выказваць сваю сяброўскасьць, бо ў беларускім грамадзтве не прынята падтрымліваць геяў і лесьбіянак. Зразумела, што калі ўся мэдыйная прастора кантралюецца ўладамі, мы ня можам дагрукацца да ўсёй Беларусі».


Таксама ў рамках прайду адбыўся ўстаноўчы сход праваабарончай арганізацыі «ГейБеларусь». Гэтая грамадзкая арганізацыя мае на мэце абарону правоў лесьбіянак, геяў, бісэксуалаў і трансгэндэраў (ЛГБТ). Цяпер лідэры арганізацыі рыхтуюць дакумэнты на яе рэгістрацыю ў Мін’юсьце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG