Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У Беларусі лечацца параненыя лібійскія паўстанцы"


Амбасада Лібіі ў Менску

Амбасада Лібіі ў Менску

Зрынуты лібійскі лідэр Муамар Кадафі, які кіраваў краінай цягам 42 гадоў, загінуў пасьля таго, як яго захапілі ў палон прыхільнікі Нацыянальнай пераходнай рады. Як камэнтуюць у Менску такі фінал праўленьня лібійскага дыктатара?

У амбасадзе Лібіі ў Менску заявілі, што гэта "лягічны канец любога такога кіраўніка, і інакш не магло быць, бо народ ня будзе вечна цярпець". На пытаньне, як цяпер будуць складацца дачыненьні новай Лібіі зь Беларусьсю, дыплямат адказаў, што ўсё адновіцца і "вельмі добрыя будуць дачыненьні". Тое, што кіраўніцтва Беларусі сябравала з Муамарам Кадафі, на думку прадстаўніка амбасады Лібіі, не перашкаджае сяброўству народаў.

"Беларусь аказвае цяпер добрую падтрымку людзям Лібіі. Напэўна, вы чулі, што тут у Беларусі лечацца раненыя паўстанцы".

Пасьля пачатку ваенных дзеяньняў у Лібіі Аляксандар Лукашэнка размаўляў з Кадафі і параіў глядзець іншае тэлебачаньне: маўляў, "у Лібіі было зусім ня так, як распавядаюць эўрапейскія СМІ". Лукашэнка тады казаў, што палітыка Эўразьвязу адносна Лібіі зайшла ў тупік і гэта "можна было прадбачыць адразу. Гэта вайна за рэсурсы, за нафту". Цяпер у афіцыйных беларускіх мэдыях Муамара Кадафі называюць зрынутым лібійскім лідэрам і палкоўнікам і пытаюцца, што будзе далей. Тым часам у беларускім Міністэрстве замежных спраў у першай палове дня сьмерць Кадафі яшчэ не камэнтавалі.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, афіцыйны Менск будзе скарыстоўваць гэтую падзею, у залежнасьці ад яе наступстваў, у сваіх прапагандысцкіх мэтах.

"Псыхалягічна для ўлады гэта дрэнныя падзеі і дрэнны фон — тое, што адбылося ў Лібіі. Гэта не надае энтузіязму чыноўнікам, намэнклятуры, і гэта засмучае, я думаю, і самога Аляксандра Лукашэнку. Нейкія паралелі павінны праводзіць ня толькі экспэрты і палітолягі, але і самі палітыкі. Гэта кавалак гісторыі, якая карысная і для аўтарытарных рэжымаў, дзе яны яшчэ існуюць, і для тых людзей, якія там жывуць".

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Мечыслаў Грыб лічыць заканамерным такі фінал праўленьня палкоўніка Кадафі.

Мечаслаў Грыб

Мечаслаў Грыб

"Ня можа адзін чалавек, які няхай і карыстаецца нейкай падтрымкай, няхай і карыстаецца вялікай уладай у асобнай краіне, супрацьстаяць усяму сьвету. І рана ці позна гэта павінна было скончыцца. Чаму гэта скончылася так? Бо чалавек не разумеў, што можна знайсьці іншае выйсьце з гэтага становішча, не ішоў ні на якія перамовы, лічыў, што толькі адзін ён можа кіраваць краінай так, як ён захоча. Насамрэч аказалася ня так. Я ня радуюся таму, што яго застрэлілі. Лепш было б, каб яго затрымалі і судзілі за злачынствы, якія ён учыніў".

Паводле Грыба, іншыя аўтарытарныя кіраўнікі і дыктатары ня зробяць ніякіх высноваў з гэтай гісторыі, бо яны наагул ня робяць ніякіх высноваў.

"Яны ж сябе ўжо параўноўваюць з багамі на зямлі. Ну што вы тады хочаце? Якія высновы будуць рабіць такія "багі"? Ніякіх".

Сяргей Гайдукевіч

Сяргей Гайдукевіч

Паводле лідэра ЛДП Беларусі Сяргея Гайдукевіча, Кадафі "атрымаў тое, што заслужыў".

Сябра руху "За свабоду" Юрась Губарэвіч адзначае, што сьмерць Кадафі — гэта лягічны фінал разьвіцьця падзеяў у Лібіі. І гэта ня першы і не апошні з дыктатараў, каго напаткаў такі лёс.

Юры Губарэвіч

Юры Губарэвіч

"Тыя, хто кіруе дзяржавамі насуперак волі грамадзянаў, хто заціскае дэмакратыю, павінны памятаць і перад імі павінны быць падобныя прыклады. Бо наколькі б яны ні спадзяваліся на сілавыя мэтады ўтрыманьня ўлады, на запалохваньне грамадзтва, рана ці позна прарывае. І гэта заканчваецца далёка ня лепшым чынам для дыктатараў".

"Лепш бы гэты чалавек быў жывы і народ Лібіі паводле суду і паводле закону спытаў бы ў яго за тое, што ён зрабіў. Спытаць магла б і міжнародная супольнасьць. У тым ліку за падрыў самалёта над Шатляндыяй", лічыць намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі.

Юрась Беленькі

Юрась Беленькі

"Гэта было б справядліва. Можа, мы б яшчэ нешта даведаліся. Хто дапамагаў гэтаму чалавеку столькі гадоў утрымацца ля ўлады. Хто прадаваў яму зброю. Хто забясьпечваў яго сакрэтнай інфармацыяй. Я думаю, расейскі сьлед праявіўся б вельмі дакладна. Таму з гэтай нагоды трэба пашкадаваць, што Кадафі забіты. Ну а так лёс дыктатара, лёс найміта, напэўна, звычайны лёс у такой сытуацыі. Чаму ўва ўсім сьвеце ўва ўсе часы дыктатары трымцяць? Характэрнай рысай іх паводзінаў зьяўляецца страх. Яны атачаюць сябе шматлікімі спэцслужбамі, аховай. Бо адчуваюць, што рана ці позна за злачынствы давядзецца несьці адказнасьць".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG