Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былых палітвязьняў трымалі да вечара пад наглядам міліцыі


Перад сёньняшняй акцыяй салідарнасьці з палітвязьнямі ў Менску да многіх былых палітвязьняў і актывістаў прыйшлі міліцыянты.

Да былога вязьня Івацэвіцкай калёніі Фёдара Мірзаянава раніцай прыйшлі міліцыянты і павялі без тлумачэньняў у Ленінскі райаддзел міліцыі. Празь некалькі гадзінаў маці Фёдара Мірзаянава ўдалося пагаварыць па тэлефоне з супрацоўнікам райаддзелу, які назваўся Сяргеем Белым. Паводле яго, Фёдар Мірзаянаў выкліканы на допыт у якасьці сьведкі па крымінальнай справе, якая расьсьледуецца ў раёне. Сутнасьць справы міліцыянт не ўдакладніў, як не паведаміў і таго, калі Фёдара адпусьцяць. На момант напісаньня рэпартажу сваякі Мірзаянава паведамлялі, што зьвестак ад яго пра вызваленьне дагэтуль няма.

Сябар Мірзаянава Ільля Васілевіч: «Ягоны дзядзька паведаміў: яго трымаюць у 35-м кабінэце. Дзядзька туды дазваніўся, і яму сказалі, што потым Фёдара адпусьцяць. Але калі — не сказалі. Мяркую, патрымаюць гадзіны да 8-й вечара, каб ня трапіў на акцыю салідарнасьці».

Каля пятай гадзіны дня стала вядома, што Фёдара Мірзаянава зь Ленінскага райаддзелу міліцыі адвезьлі ў шпіталь з галаўным болем. Гэтыя зьвесткі перадалі бацькі былога палітвязьня.

Гэтаксама як і Мірзаянава, раніцай 21 красавіка затрымалі і адвезьлі ў міліцыю актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага. Дакладных зьвестак пра тое, дзе трымаюць Вінярскага, няма.

Маці былога палітвязьня Дзьмітрыя Дразда паведаміла, што раніцай да яе прышлі міліцыянты і ўзялі нумар сынавага мабільнага тэлефона. Гісторык Дзьмітрый Дрозд у той момант ужо сышоў з дому — пайшоў працаваць, як звычайна, у архіў, дзе адключае мабільны тэлефон. Маці згадвае, як сына затрымлівалі амаль год таму:
Гэтак жа казалі, каб не баяліся, што выклікаюць толькі на допыт, а потым аказалася, што паўгода мы яго ня бачылі. Мы так напужаліся.

«Гэтак жа казалі, каб не баяліся, што выклікаюць толькі на допыт, а потым аказалася, што паўгода мы яго ня бачылі. Мы так напужаліся. Дзіма званіў, дык казалі яму, каб не ішоў сёньня дамоў начаваць, дзе-небудзь, можа, пераначуе».

21 кастрычніка ў аблозе ў сваёй хаце апынуўся і былы палітвязень Сяргей Казакоў. Напярэдадні ў інтэрнэце Сяргей паведамляў пра пляны прыйсьці на акцыю салідарнасьці. Сёньня раніцай да юнака прыйшлі зь міліцыі, але ён не адчыніў і застаўся ў хаце. З тэлефонных званкоў Сяргей адказваў толькі на знаёмыя нумары, паведаміла маці вязьня Ганна Крупко:

«Вось я размаўляла зь ім паўгадзіны таму. Ён сказаў, што ўжо сышлі міліцыянты, але ён на працу так і не пайшоў».

Пазьней у інтэрнэце Сяргей Казакоў напісаў, што, на ягоную думку, міліцыянты не сышлі, а проста схаваліся, каб іх не было відаць праз вочка ў дзьвярах.

Жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава журналістка Ірына Халіп паведаміла, што ёй сёньня міліцыянты пакуль не заміналі, але што адбудзецца бліжэй да 19-й гадзіны, яна прадказаць ня можа:

«Напярэдадні Народнага сходу міліцыянты прыходзілі, а цяпер пакуль нікога не было».

Ірына Халіп атрымала першы ліст ад мужа, напісаны ўжо з ПКТ калёніі ў Бабруйску, куды Андрэя Саньнікава зьмясьцілі пасьля карантыну. Экс-кандыдата на прэзыдэнта ўтрымліваюць у адзіночнай камэры, дзе звычайна трымаюць злосных парушальнікаў турэмнага рэжыму, хоць зьвестак пра тое, каб Саньнікаў нешта парушыў, няма.
XS
SM
MD
LG