Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы — супраць, дэпутаты — за


Улад Вялічка
Улад Вялічка
Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі зацьвердзіў папраўкі і зьмены ў некаторыя законы. Гаворка ідзе пра тыя заканадаўчыя акты, якія праваабаронцы і юрысты ўжо назвалі антырэвалюцыйнымі і недэмакратычнымі. Цяпер згодна зь дзейным заканадаўствам гэтыя дакумэнты павінен праверыць на адпаведнасьць Асноўнаму закону Канстытуцыйны суд, пасьля чаго іх падпісвае кіраўнік дзяржавы.

На сёньняшнія рашэньні сябраў Савету Рэспублікі не паўплывалі асабістыя звароты да іх з боку прадстаўнікоў шматлікіх грамадзкіх арганізацыяў. Перадачу «сэнатарам» пэрсанальных лістоў узяла на сябе Нацыянальная плятформа грамадзянскай супольнасьці Форуму «Ўсходняга партнэрства». У гэтых лістах быў заклік адхіліць законапраекты, якія абмяжоўваюць правы і свабоды беларусаў. «Да кожнага ліста мы прыклалі і экспэртную ацэнку новаўвядзеньняў, якую падрыхтавалі праваабарончыя арганізацыі», — сказаў «Свабодзе» каардынатар па Беларусі Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўлад Вялічка:

«Там яшчэ больш жорсткімі становяцца ўмовы існаваньня грамадзкага сэктару. І гэта ня толькі праблема фінансаваньня, калі становіцца немагчыма выкарыстоўваць міжнародныя сродкі для дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў. Узьнікае пытаньне і пра немагчымасьць дзейнасьці. Бо папраўкі пра правядзеньне сходаў, мітынгаў ды іншых акцыяў сфармуляваныя так, што любая сустрэча людзей, у тым ліку сэмінары, кансультацыі, можа трапляць пад фармальную забарону».

У экспэртызе таксама адзначаецца, што папраўкі супярэчаць ня толькі беларускаму заканадаўству, але і Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека і міжнародным абавязаньням Рэспублікі Беларусь. Аднак на Савет Рэспублікі гэтыя заўвагі не паўплывалі.

Дарэчы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прымалі гэтыя зьмены на закрытым паседжаньні, адразу ў двух чытаньнях. Спадар Вялічка лічыць гэта невыпадковым:

«Гэта непавага да інтарэсаў грамадзян. Фактычна ўсё зроблена без кансультацыяў і агучваньня таго, што зьбіраюцца прымаць. І з гэтым, вядома, немагчыма зьмірыцца».

У Савет Рэспублікі з Палаты прадстаўнікоў сёньня накіраваныя папраўкі і зьмены да шэрагу законаў, якія тычацца правілаў уезду на тэрыторыю Беларусі і выезду зь яе. Гэтыя папраўкі былі прынятыя 20 кастрычніка, зноў жа на закрытым паседжаньні і зноў жа адразу ў двух чытаньнях.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Яўген Мельнікаў быў адказным за гэты дакумэнт у профільнай камісіі. Сёньня ў размове са «Свабодай» ён запэўніваў, што зьмены ў закон не ствараюць дадатковых перашкодаў ні грамадзянам Беларусі, ні замежнікам. Маўляў, наадварот: калі раней грамадзяніна Беларусі можна было ня выпусьціць за мяжу без тлумачэньня прычынаў, то новы варыянт прадугледжвае, што ўлады павінны не пазьней як на наступны дзень патлумачыць затрыманьне.

Аднак праваабаронцы пакуль не камэнтуюць гэтыя ды іншыя зьмены, бо дакумэнт яшчэ ня выстаўлены на афіцыйны сайт для свабоднага прагляду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG