Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нядзелю ў Менску адбудзецца ХІ зьезд Таварыства беларускай мовы. Напярэдадні гэтай падзеі карэспандэнты «Свабоды» высьвятлялі, як улады ў рэгіёнах ставяцца да ініцыятываў у справе абароны беларускай мовы ад дыскрымінацыі і заняпаду, а таксама — у якіх умовах цяпер існуюць тыя невялікія выспы беларушчыны, што пакуль яшчэ захаваліся ва ўмовах татальнай русыфікацыі.

Прыканцы 2009 года старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Пётар Руднік зацьвердзіў комплексны плян папулярызацыі беларускай мовы ў вобласьці. Пра тое, як ён ажыцьцяўляецца, афіцыйных паведамленьняў за прамінулы час было няшмат. Дык ці паспрыяў ён вяртаньню беларускай мовы ў публічнае жыцьцё?


Магілёўшчына


Днямі на канфэрэнцыі гарадзкой арганізацыі Таварыства беларускай мовы яе дэлегат Рыгор Кастусёў заявіў, што плян не выконваецца і што замест папулярызацыі мовы адбываюцца зусім іншыя зьявы:

«Сытуацыя пагоршылася. І нават тое, што было да прыняцьця гэтай праграмы, пазьнікала — і надпісы на беларускай мове, і шыльды, расклад цягнікоў, аўтобусаў на вакзалах. Для каго прымаюцца гэтыя пастановы, незразумела. Чыноўнікі нават і ня думаюць іх выконваць. Выходзіць, што для «птушачкі».

У аблвыканкаме пытаньне, ці выконваецца плян папулярызацыі нацыянальнай мовы, параілі аформіць у адмысловы запыт альбо пачакаць да канца году, калі будуць падводзіцца вынікі.

«У свой час мы прапаноўвалі, і нават Руднік гэта падпісваў, абвясьціць год беларускай мовы ў нашай краіне. Наша прапанова не была прынятая. Цяпер мы хочам ініцыяваць, каб наступны год быў годам духоўнасьці й нацыянальнай культуры. Але гэта ў плянах, а вось ці будуць яны выкананыя?» — сказала супрацоўніца аблвыканкаму.

Пра рэалізацыю пляну з публікацыяў у дзяржаўных СМІ вядома няшмат. Хіба тое, што ў кожным раёне зацьверджаныя свае пляны па мове. Нібыта створаныя камісіі, якія выдаюць спэцпрэміі за дасягненьні ў папулярызацыі мовы. Нават абралі чалавека году ў гэтай галіне.

У адзінай беларускамоўнай клясе матэматыку даводзіцца вучыць па расейскамоўным падручніку

А вось у адзінай беларускамоўнай клясе Магілёва трое яе вучняў матэматыку вучаць па расейскамоўным падручніку. Задачнікаў ім не дасталося. Гаворыць Надзея Салаўёва, маці вучаніцы гэтай клясы Ялінкі:

«У школе кажуць, што, маўляў, мы падалі заяўку, але тое, што прыйшло, — тое прыйшло. А ў кнігарнях кажуць, што беларускамоўнай матэматыкі для другой клясы не хапае наагул у краіне. Мала надрукавалі. Усё, што было зь мінулага году, раздалі, цяпер шукайце ў бібліятэках».

Год таму, калі бацькі дамагліся адкрыцьця беларускамоўнай клясы, гарвыканкам абяцаў забясьпечыць яе ўсім неабходным. Сёлета ўвесну моладзь талакой набыла для клясы вучнёўскую дошку. Падарунак адміністрацыя школы прыняла з задавальненьнем. Што да задачнікаў, то ў аддзеле адукацыі пасьля тэлефанаваньня журналіста заявілі, што пытаньне на заметцы й будзе вырашана.
Мапа беларускамоўнай адукацыі:
Дадзеныя ТБШ

Гарадзеншчына


Сытуацыю зь беларускай мовай на Гарадзеншчыне многія сябры ТБМ вызначаюць як вельмі складаную. Яна даведзена практычна да поўнага зьнішчэньня, і цяпер аднавіць яе статус даволі праблематычна.

Краязнаўца і журналіст Уладзімер Хільмановіч, кажучы пра стан беларускае мовы, зазначае, што яе роля ў грамадзтве мэтанакіравана зьнішчана, і паказчык гэтага — адсутнасьць навучаньня на беларускай мове, рэклямы, беларускіх выданьняў. Назваў і самае прыкрае — мовы не пачуеш ужо ня толькі ў нашых гарадах, а нават і ў вёсках.

Асабліва пасьлядоўнае вынішчэньне ўсяго беларускага за апошнія 15 гадоў Уладзімер Хільмановіч адзначае ў Наваградзкім і Шчучынскім раёнах, дзе, здавалася б, усё павінна быць наадварот. Ён зьвязвае гэта ня толькі з палітыкай вышэйшых уладаў, але і з ініцыятывай мясцовай вэртыкалі.
У такіх гістарычных гарадах, як Наваградак, стараюцца даўно вынішчаць усё беларускае — нават кнігарні зь беларускамі кніжкамі ўжо няма.

Хільмановіч: «У такіх гістарычных гарадах, як Наваградак, стараюцца даўно вынішчаць усё беларускае — нават кнігарні зь беларускамі кніжкамі ўжо няма. У Шчучыне моцная русыфікацыя, усё па-расейску — аздоба, афармленьне, навучаньне. Калі яшчэ ў некаторых райцэнтрах дзьвюхмоўе, то гэты горад вельмі зрусіфікаваны».

Старшыня ТБМ у Гарадзенскай вобласьці Алесь Крой схільны лічыць, што беларускасьць падтрымліваецца ў тых рэгіёнах, дзе людзі самі яе дамагаюцца. У якасьці прыкладу ён прыводзіць тое, што з гэтага году ў Горадні адкрыліся два беларускамоўныя клясы. Але гэта малая падстава для радасьці:

«На жаль, — праўда, гэта іншая праблема, — бацькі дзяцей у гэтыя клясы не прывялі. Бо заяў было 15, а ў гэтых клясах навучаюцца толькі трое вучняў».

Кіраўнік абласной арганізацыі БНФ у Слоніме Іван Шэга, аналізуючы сытуацыю, кажа, што ўлады ўжо і самі пабачылі, што давялі сытуацыю зь беларускай мовай амаль да поўнага зьнішчэньня:

«Зараз, магчыма, яны і самі хацелі нешта зьмяніць у гэтай сытуацыі, але ж гэта ня так проста зрабіць. Нядаўна праводзілася апытаньне сярод грамадзян наконт навучаньня іх дзяцей на беларускай мове, то вельмі мала хто захацеў, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску».


ГОМЕЛЬШЧЫНА


За апошнія паўтара дзясятка гадоў на Гомельшчыне сфэра ўжытку беларускай мовы яшчэ больш звузілася. Асабліва гэта тычыцца навучаньня дзяцей у школах — і гарадзкіх, і сельскіх. Калі, напрыклад, у 1994–1995 навучальным годзе ў абласным цэнтры вучыліся 76 адсоткаў першаклясьнікаў, то цяпер — толькі 19 першаклясьнікаў у Беларуска-славянскай гімназіі №36.

Мой суразмоўца — старшыня Гомельскай гарадзкой арганізацыі Таварыства беларускай мовы, настаўнік Максім Новік:

«Скарачаецца колькасьць беларускамоўных школаў з кожным годам. Яны збольшага сельскія, і яны зачыняюцца, пераводзяцца на расейскую мову. Амаль ва ўсіх сфэрах беларуская мова адсутнічае. На тэлебачаньні аднавілі толькі рэгіянальныя навіны, але той жа мясцовы друк — тыя ж раённыя газэты, якія раней па-беларуску выходзілі, цяпер амаль спрэс па-расейску».

Дэлегат ХI зьезду ТБМ ад Гомеля Яўген Якавенка кажа, што беларуская мова выціснута ў асяродак інтэлігенцыі й апазыцыі:

«Мова выціскаецца ў такую сфэру, дзе ёй пераважна карыстаецца інтэлігенцыя ды апазыцыя. А жывая мова амаль вынішчана. Вельмі шмат шыльдаў у горадзе, якія раней былі напісаны па-беларуску, заменена. Адразу прыгадваецца крама „Дары прыроды“. Нядаўна тут зроблены рамонт, і яна стала ўжо „Дарами природы“. Чым ім замінала беларускамоўная, сказаць цяжка. Наўрад ці гэта дзяржаўны загад. Гэта ініцыятыва такіх недальнабачных арганізатараў гандлю. Мы ладзілі невялічкую кампанію — шукалі ў Гомелі беларускамоўныя надпісы: назвы крамаў, вуліц. І, трэба сказаць, іх вельмі мала».

Гомельскі грамадзкі актывіст і палітык Васіль Палякоў заўважае, што грэбаваньне нацыянальнай мовай ідзе і ад прадстаўнікоў органаў мясцовага кіраваньня:
І стаўленьне да людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай, вельмі такое падазронае.

«У органах улады ў Гомелі немажліва пачуць беларускую мову. І стаўленьне да людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай, вельмі такое падазронае. Не магу ўзгадаць мясцовага чыноўніка, які б размаўляў па-беларуску. Апрача гэтага, трэба згадаць і міліцыю, і суды, іншыя органы, дзе амаль не ўжываецца беларуская мова. Калі, напрыклад, актывісты патрабуюць, каб судовы працэс вёўся на беларускай мове, каб пастанова была па-беларуску, то яны, нават калі й пагаджаюцца, то пішуць пастановы невядома на якой мове. Яна падобная да беларускай, але беларускаю не зьяўляецца, бо ў кожным слове па некалькі памылак».

Паводле спадара Палякова, тое, у якім стане апынулася беларуская мова, залежыць ад цяперашняга вышэйшага кіраўніцтва краіны:

«Гэта залежыць ад палітыкі вышэйшага кіраўніцтва Беларусі. У свой час Лукашэнка прыйшоў да ўлады пад лёзунгамі яднаньня з Расеяй і вяртаньня Савецкага Саюзу. І тая русыфікацыя, якая вялася і ў царскай Расеі, і ў савецкі пэрыяд, яна наўпрост працягваецца. Такое зьняважлівае стаўленьне вышэйшага кіраўніцтва да ўсяго беларускага й дае свой згубны плён».

Алег Трусаў: «У ТБМ — пляны на стваральную працу»

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў нягледзячы на відавочныя праблемы не губляе аптымізму:

«Я ня толькі аптыміст, але й канкрэтны практык. А канкрэтная практыка дае вынік. Да прыкладу, мы стварылі моладзевы часопіс „Верасень“. Мала хто верыў, што гэта магчыма. Але ўжо друкуецца пяты па ліку нумар гэтага часопіса. І калі ня ўдасца аднавіць зачыненую цяпер дзяржавай газэту „Раніца“, то ТБМ створыць дзіцячую недзяржаўную газэту… Так што хто працуе, той і мае. А хто, як гаворыцца, скуголіць з-за печы, таму нічога само не прыходзіць…»

Колькасьць дзяцней (у адсотках ад агульнай колькасьці), якія займаліся па-беларуску ў школах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG