Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На першых таргах пасьля ўчорашняга аб’яднаньня асноўнай і дадатковай сэсій Беларускай валютна-фондавай біржы рубель нязначна ўмацаваўся — на 20 пунктаў. Цяпер афіцыйны курс складае 8660 рублёў за даляр. Экспэрты не выключаюць паўтарэньня тэндэнцыі, якая мела месца пасьля пачатку працы дадатковай сэсіі 14 верасьня — два наступныя тыдні вартасьць нацыянальнай валюты расла, пасьля чаго рубель рэзка абрынуўся. Тым больш што напярэдадні старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Надзея Ермакова прызналася: сродкаў, каб падтрымліваць курс рубля, няма.

У той час, як дзяржаўныя чыноўнікі прадказваюць умацаваньне рубля. незалежныя аналітыкі больш стрыманыя ў прагнозах, сьцьвярджаючы, што аб’ектыўных падставаў для гэтага няма. З аднаго боку, завісла ў паветры пытаньне з атрыманьнем зьнешніх пазыкаў, зь іншага — улады не адмаўляюцца ад плянаў далейшага напампоўваньня эканомікі рублёвай масай: ад кампэнсацый бюджэтнікам і падвышэньня пэнсій да фінансаваньня дзяржпраграмаў.

Апроч таго, учора на брыфінгу з нагоды выхаду на раўнаважны курс кіраўніца Нацбанку Надзея Ермакова нечакана прызнала, што ўстанова ня мае сродкаў дзеля стабілізацыі на валютным рынку. Па яе словах, абсалютная бальшыня сродкаў золатавалютнага рэзэрву сфармаваная з пазыкаў ад камэрцыйных банкаў. Гэта пацьвердзіў і супрацоўнік аднаго са сталічных банкаў:

«Паводле стану на 1 верасьня банкі прадставілі Нацбанку больш за 4,6 мільярда даляраў, а той забясьпечыў аналягічную колькасьць рублёў па сваім афіцыйным курсе. Тут трэба разумець, што дэвальвацыя афіцыйнага курсу прывядзе да павелічэньня аб’ёму рублёвых рэсурсаў, якія пералічваюцца Нацбанкам камэрцыйным банкам у рамках зьдзелак па абмене дэпазытамі. Зразумела, як толькі адбываецца дэвальвацыя афіцыйнага курсу, цэнтральны банк у рамках згаданых апэрацый па абмене дэпазытамі дадаткова пералічвае адпаведныя рублі банкам. Натуральна, што банкі, якія ўдзельнічаюць у згаданых зьдзелках, змогуць палепшыць сваю рублёвую ліквіднасьць, бо колькасьць рублёў у грашовым абарачэньні можа павялічыцца. Але гэта будзе ствараць дадатковы інфляцыйны і дэвальвацыйны ціск у эканоміцы».

Эканамісты ўдакладняюць, што падобны расклад робіць Нацбанк фактычна староньнім назіральнікам за працэсамі на фінансавым рынку. Зрэшты, некаторыя лічаць, што гэта і нядрэнна, бо цэнтрабанк ня будзе мець спакусы маніпуляваць курсам такім чынам, як гэта выгадна найперш яму. Адпаведна, мінімізаваная і магчымасьць інтэрвэнцыяў. Гаворыць эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц:

«Асобная гісторыя, чаму Нацбанк праводзіць інтэрвэнцыі ў зусім невялікіх аб’ёмах. Так, здавалася б, маюцца нейкія золатавалютныя рэзэрвы, але ёсьць і прыхаваныя прычыны. Справа ў тым, што паводле дадзеных на сярэдзіну гэтага году, патрабаваньні камэрцыйных банкаў да Нацыянальнага банку перавышалі аб’ём золатавалютных рэзэрваў. Іншымі словамі, у Нацбанку найбольш ліквідная частка згаданых рэзэрваў, намінаваная ў валюце, нязначная. Там у асноўным золата, каштоўныя мэталы і г.д. То бок гэта азначае, што калі Нацбанку пачаць рабіць вялікія інтэрвэнцыі для ўмацаваньня курсу рубля, трэба будзе прадаваць яшчэ і гэтыя каштоўныя мэталы. А гэта вельмі важны момант, які стрымлівае інтэрвэнцыі. І ўрэшце маем вось такую сытуацыю».

Шмат хто мяркуе, што рашэньне выходзіць на адзіны курс беларускія ўлады прынялі не з уласнай волі. Сёньня гэта ўскосна пацьвердзіў і віцэ-прэм’ер Сяргей Румас, які заявіў, што было шмат праціўнікаў раўнаважнага курсу ня толькі ва ўрадзе, а нават у Нацыянальным банку. Як кажа аналітык фінансавага рынку Андрэй Карпунін, сваю справу зрабіў зьнешні ціск:
Калі рэальна будзе працаваць біржа, калі будзе доступ да валюты, калі ня будзе чорнага рынку, будзе стабільнасьць бяз моцных шараханьняў. Але надта шмат „калі“ для нашых уладаў…

«Усё ж гэты ціск, які мы адчувалі і з боку Міжнароднага валютнага фонду, і з боку Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС у справе выхаду на адзіны курс і на стварэньне мадэлі рынкавай эканомікі хоць бы ў асобным сэгмэнце курсаўтварэньня, ён быў вялікі і працягвае заставацца. І, натуральна ж, калі б мы гэтага не зрабілі, то нашаму прэм’ер-міністру было б вельмі цяжка пазаўчора ў Санкт-Пецярбургу глядзець у вочы расейскаму прэм’еру Пуціну. І самае галоўнае, што не было б ніякага разумнага адказу. Калі б Пуцін запытаў у Мясьніковіча — а чаму вы дагэтуль ня выйшлі на адзіны курс — што прэм’ер-міністар Беларусі мог бы свайму калегу адказаць — „таму што“?… Калі рэальна будзе працаваць біржа, калі будзе доступ да валюты, калі ня будзе чорнага рынку, будзе стабільнасьць бяз моцных шараханьняў. Але надта шмат „калі“ для нашых уладаў…».

Тым часам асобныя чыноўнікі працягваюць сьцьвярджаць, што жыцьцё беларусаў ня толькі не пагоршылася, а нават палепшылася. Так, віцэ-прэм’ер па сацыяльных пытаньнях Анатоль Тозік сёньня заявіў, што ў эканоміцы ёсьць асобныя праблемы, але ніякага крызісу няма. Па яго падліках, за студзень-жнівень рэальныя даходы насельніцтва вырасьлі на 7,4%. І гэта пры тым, што ўчора кіраўніцтва Нацбанку агучыла іншую красамоўную статыстыку: дэвальвацыя рубля ад пачатку году склала амаль 190%.
XS
SM
MD
LG