Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Палкоўнік Муамар аль-Кадафі зь Лібіі памёр, так як жыў – гвалтоўна. Мы спачуваем лібійцам, якія так доўга цярпелі зьдзек лютага дыктатара, і радуемся, што ён ужо ня ў змозе болей іх крыўдзіць. Але жахлівае відэа, распаўсюджанае тэлеканалам Аль-Джазіра – на якім, як падаецца, паказана, як узброеныя людзі яго валакуць, зьбіваюць і потым, магчыма, забіваюць стрэлам – выклікае глыбокую трывогу, калі яно сапраўднае. Лібійцы павінны устрымацца ад далейшых актаў помсты і скіраваць сваю жарсьць на пабудову аб’яднанай, свабоднай і плённай краіны. Калі яны гэтага ня зробяць, яны рызыкуюць выклікаць яшчэ больш хаосу і пакутаў» – напісала ў рэдакцыйным матэрыяле сёньняшняе выданьне New York Times.

Газэта завяршае свой матэрыял напамінам:

«Гэта заўсёды было змаганьне лібійскага народу. Але Злучаныя Штаты і Эўропа былі таксама ахвярамі тэрарызму Кадафі і могуць адчуваць палёгку і задавальненьне ад той дапаможнай ролі, якую яны адыгралі ў заканчэньні гэтага кашмару. Цяпер яны мусяць дапамагчы лібійцам накіраваць іх высілкі на пабудову ўстойлівай і мірнай дэмакратычнай сыстэмы».

Камэнтар, зьмешчаны сёньня ў Washington Post, зьвяртае ўвагу на небясьпеку, якая пагражае Лібіі пасьля зьвяржэньня Кадафі:

«Сьмерць Муамара Кадафі, якая ў чацьвер выклікала сьвяткаваньне ў Трыпалі і палёгку ў заходніх сталіцах,трэба разглядаць як пачатак, а не як канец трансфармацыі Лібіі. Выключэньне дыктатара памяншае рызыку працяглага супраціву супраць новых уладаў у Лібіі, якія абяцалі пабудаваць лібэральна-дэмакратычную сыстэму і правесьці выбары цягам бліжэйшых васьмі месяцаў. Але зараз мы маем дачыненьне з разбуранай краінай, у якой нагрувасьцілася куча небясьпечнага ўзбраеньня, няма легітымных інстытуцый улады і грамадзянскай супольнасьці, а існуе небясьпека далейшага суперніцтва на племянной, рэгіянальнай, фракцыйнай ці нават расавай глебе».

Wall Street Journal у рэдакцыйным артыкуле падкрэсьлівае даволі аптымістычны сцэнар разьвіцьця падзей у Лібіі пасьля зьвяржэньня палкоўніка Кадафі:

«Лібія адкрывае гэты новы разьдзел з пэўнымі перавагамі. Гэта невялікая краіна, бо ў ёй жыве ўсяго 6,4 мільёна чалавек, але яна мае нафту, адносна добра адукаванае насельніцтва і неблагую інфраструктуру, якую за восем месяцаў баёў пашкодзілі, але не зруйнавалі дашчэнту. Выручка за нафту ў змозе падтрымаць добрую волю ў народзе, калі будзе разьмяркоўвацца справядліва і пад наглядам легітымнага ўраду. У гэтым лібійцы могуць скарыстаць некаторыя адпрацаваныя мадэлі. У Іраку існуе фэдэральная сыстэма ўлады, якая, хоць і недасканалая, разьмяркоўвае ўплывы і багацьце паміж сунітамі, шыітамі і курдамі. Нешта падобнае магло б працаваць і ў Лібіі, у якой падзелы маюць племянны і рэгіянальны характар. Важнейшым прыярытэтам падаецца заснаваньне добрых інстытуцый улады, чым хуткае правядзеньне выбараў».
Wall Street Journal лічыць, што ўрокі зь лёсу Кадафі павінны засвоіць цяперашнія кіраўнікі Сырыі і Емэну:

«Лёс Кадафі адаб’ецца рэхам для Башара Асада ў Сырыі і Алі Абдулы Салеха ў Емэне. Зіна бэн Алі з Тунісу зьбег у камфартабэльнае выгнаньне. Хосьні Мубарак з Эгіпту трымаўся даўжэй і цяпер сядзіць у турме. Кадафі абвясьціў вайну свайму народу і скончыў як нябожчык. Спадар Асад пайшоў шляхам Кадафі ў адказ на народнае паўстаньне ў Сырыі, а спадар Салех адмаўляецца сысьці і рухаецца ў такім самым кірунку».

Брытанская газэта Times, заклікаючы Вялікабрытанію і Францыю не пакідаць Лібіі без дапамогі ў далейшай яе трансфармацыі, поўнасьцю ўхваляе ролю, якую адыгралі гэтыя дзьве заходнія краіны ў зьвяржэньні Кадафі:

«Вясною Захад стаяў перад выбарам. Ён бачыў нешта, што нагадвала пачатак яшчэ аднаго генацыду, тым ня менш, нягледзячы на мудрыя галасы, якія асьцерагалі яго перад небясьпекай інтэрвэнцыі, ён вырашыў умяшацца, а не стаяць збоку. Зрабіўшы так, спадар Кэмэран ня стаў прыхільнікам новай дактрыны ўмяшаньня. Але ён разам са спадаром Сарказі даказаў, што вайсковая апэрацыя можа закончыцца нечым большым, чым толькі тупіком або ганебнымі ўцёкамі. Яна можа закончыцца вызваленьнем людзей ад сьмерці і тыраніі. Яны праявілі палітычную сьмеласьць. Гэтая палітычная сьмеласьць знайшла сабе роўню ў мужнасьці, стрыманасьці і рашучасьці нашых узброеных сілаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG