Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Свае высновы з гісторыі з Кадафі Лукашэнка ўжо зрабіў»


Віктар Марціновіч

Віктар Марціновіч

Якія высновы можна зрабіць з досьведу супрацьстаяньня былога лібійскага лідэра Муамара Кадафі ўласнаму народу і заходняй кааліцыі? Ці магчыма праводзіць паралелі паміж лібійскай і беларускай сытуацыяй, якія ўрокі вынес Аляксандар Лукашэнка з падзеяў у Лібіі? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Віктар Марціновіч.


Цыганкоў: «Кадафі стаў пэўным сымбалем ня толькі змаганьня з уласным народам, але — у шмат чыіх вачах, асабліва ў Расеі і на Блізкім Усходзе — сымбалем барацьбы з Захадам. Ці можна рабіць высновы пра лёс такіх аўтарытарных лідэраў, якія супрацьпастаўляюць сябе ўсяму сьвету, або нейкага агульнага правіла не існуе?»

Марціновіч: «Здаецца, лёс Кадафі прадэманстраваў, што да той пары, пакуль ён быў прымальны для пэўнай часткі Захаду, пакуль ён знаходзіў шляхі да нейкага паразуменьня і дыялёгу — ніхто асабліва не замінаў яму кіраваць краінай так, як ён хацеў. Менавіта той момант, калі ён пасварыўся з усімі, стаў момантам канца ягонай палітычнай кар’еры. Выснова, якую можна зрабіць, вельмі простая — немагчыма мець у ворагах увесь сьвет».

Цыганкоў: «Кадафі прыяжджаў і ў Менск, стаўляў тут свой шацёр. Менавіта з такімі лідэрамі, якіх называюць „ізгоямі“, сёньняшняе беларускае кіраўніцтва наладжвае самыя цесныя сувязі. На вашую думку, як цяпер павінен адчуваць сябе Аляксандар Лукашэнка, якія ўрокі ён можа вынесьці, бачачы, як па ўсім сьвеце сыходзяць аўтарытарныя кіраўнікі і ягоныя саюзьнікі?»

Марціновіч: «Тая мадэль, якую абраў для сябе Кадафі, прадэманстравала сваю нежыцьцяздольнасьць — мадэль сваркі з усім сьветам. Гэта параза ізаляцыянісцкай улады, накіраванай на тое, каб давесьці да ўсіх сваю праўду, якая канфліктуе з праўдай усіх астатніх.

Як павінен адчуваць сябе Лукашэнка, сказаць цяжка, бо я б не казаў, што тут існуе вельмі шмат паралеляў. Як мы бачым, апошнім часам Лукашэнка адмовіўся ад ізаляцыянізму і будуе вельмі шчыльныя адносіны з Расеяй. Таму мне здаецца, што свае высновы Лукашэнка ўжо зрабіў — і пачаў абапірацца на Расею.

Кругавой ізаляцыі Беларусі ўжо няма. Ёсьць ізаляцыя ў адносінах з Захадам, але яна кампэнсуецца апораю на Расею. Масква, здаецца, здольная прадухіліць з Лукашэнкам тое, што здарылася з Кадафі».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG