Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Газавая інтрыга яшчэ ня вырашылася"


Расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін паабяцаў, што цэны на газ для Беларусі ў наступным годзе будуць нізкімі. Кантракты на пастаўку энэрганосьбітаў у Беларусь плянуецца заключыць у лістападзе. Якімі ж будуць цэны на газ для Беларусі, чаго дамагаўся афіцыйны Менск і што атрымаў?

Паводле расейскага прэм’ера, Беларусь і Расея выходзяць на новыя дамоўленасьці ў энэргетычным супрацоўніцтве. Фактычна завяршыліся перамовы па продажы «Белтрансгазу», і цэны на газ з наступнага году «будуць іншыя». Паводле Пуціна, яны будуць «нават ніжэйшыя, чым роўнадаходныя цэны ў мытнай прасторы, маецца на ўвазе і прымяненьне так званай інтэграцыйнай зьніжкі». Аднак, паводле Пуціна, бакі паступова будуць рухацца «да роўнадаходных цэнаў, яны будуць пасьля гэтага паціху павышацца». Але ён не назваў канкрэтныя лічбы, бо апошнюю кропку ў пытаньні цэнавых паказьнікаў паставяць кіраўнікі Беларусі і Расеі на сустрэчы ў лістападзе. Кіраўнік сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце Аляксандар Антоненка прагназуе, што цана на газ можа скласьці 288 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Паводле эканаміста Георгія Грыца, беларускі бок максымальна атрымаў тое, на што мог разьлічваць. Аднак ці будзе гэта выгадна?

Яшчэ пытаньне, ці задаволіць у прынцыпе насельніцтва і суб’екты гаспадараньня нават ільготная цана

«Нават калі мы захаваем цяперашнюю цану на газ, то гэта таксама будзе дасягненьне, — кажа Георгі Грыц. — То бок, калі Расея хаця б ня будзе яе павышаць. Але мы павінны разумець, што тут уступае ў сілу зусім іншы фактар. Фактар сёньняшняй падзеі. І нават калі цана будзе сёньняшняя, суб’екты гаспадараньня і насельніцтва разьлічваюцца за газ у беларускіх рублях. А ў беларускіх рублях, з улікам сёньняшніх 8600, гэта ўжо зусім іншая цана, чым тая, па якой куплялі літаральна ўчора. Таму тут яшчэ пытаньне, ці задаволіць у прынцыпе насельніцтва і суб’екты гаспадараньня нават вось гэтая ільготная цана. Тут яшчэ інтрыга ня вырашылася».

Пры гэтым, паводле Грыца, у гэтай даволі цяжкай грашова-крэдытнай сытуацыі продаж актываў — адзін з рэсурсаў прыцягненьня фінансаў, сярод іншага для разьліку па запазычанасьцях і плацяжах. «Белтрансгаз» — адзін з найбольш прывабных і дарагіх актываў, і альтэрнатывы яго продажу няма.

Намесьнік дырэктара маскоўскага Інстытуту краін СНД Уладзімер Жарыхін мяркуе, што беларускі бок усё ж будзе задаволены цаной, мяркуючы «па досыць задаволеным выглядзе Мясьніковіча і прынцыповым артыкуле Аляксандра Лукашэнкі ў газэце «Известия». Аднак цэны будуць паступова расьці, таму што будуць павышацца ўнутраныя цэны ў Расеі ў бок усясьветных.

«Безумоўна, у рамках гэтага цэны на газ для Беларусі ў прынцыпе ня могуць быць ніжэйшыя, чым для расейскага спажыўца. То бок агульны трэнд — гэта паступовае павышэньне цэн на энэрганосьбіты ўнутры Расеі і паступовае набліжэньне да ўсясьветных цэнаў на энэрганосьбіты».

Аднак выйгрыш у цэнах на газ, паводле спадара Жарыхіна, адбыўся пры «разумным дэлегаваньні сувэрэнных паўнамоцтваў для агульнага карыстаньня».

Тое, што Расея ідзе на нізкія цэны на газ, паводле палітоляга Кірыла Коктыша, абумоўлена тым, што эканоміка Беларусі ў катастрафічным стане. І Расея не жадае дэстабілізацыі на сваіх межах, бо гэта будзе азначаць каляпс праекту «Мытны саюз». Са свайго боку, афіцыйны Менск пайшоў на саступкі.

З наступнага году — гэта аднабаковая залежнасьць Беларусі ад Расеі

«Беларусь — удзельніца Мытнага саюзу. Асаблівай самастойнасьці ў прыманьні эканамічных рашэньняў ня мае. Эканамічны прагноз даволі нэгатыўны. Ня будзем забывацца, што з наступнага году пачынае працаваць ня толькі „Паўночная плынь“, але і БТС-2, нафтаправод, які пусьціць нафту ў абыход Беларусі. Калі яшчэ ў гэтым годзе магчыма было гаварыць пра ўзаемную залежнасьць Беларусі і Расеі, то з наступнага году гэта аднабаковая залежнасьць Беларусі ад Расеі. І тут ужо ня тая размова, каб нечым таргавацца. Усё ўжо пратаргавана. Казаць, што з крызіснай эканомікі Расея нешта можа атрымаць, гэта супярэчыць праўдзе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG