Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Многіх вясковых школьнікаў да позьняй восені можна часьцей сустрэць у полі, чым за падручнікамі. Нягледзячы на тое, што закон забараняе прымусовую працу малалетніх дзяцей, гэту забарону ў Беларусі паўсюль ігнаруюць. Дзяцей цэлымі класамі здымаюць з заняткаў і накіроўваюць на ўборку бульбы, буракоў, морквы, капусты...

Пра канкрэтныя факты паведамляюць рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды".

Рэдактар самвыдатаўскай газэты "Крывінка", настаўнік Пяцігарскай сярэдняй школы Георгі Станкевіч апавядае, што школьнікі сёлета два тыдні адпрацавалі на ўборцы морквы і нарыхтоўцы лісьця парэчак — адно з сельгаспрадпрыемстваў у Бешанковіцкім раёне вырабляе гарбату з рознымі дамешкамі:

"Калі калгас не ўпраўляецца, а ён штогод не ўпраўляецца, то мы раней працавалі і на бульбе, і лён падымалі… Звычайна гэткая праца ніяк не падлічваецца — колькі мы там нарыхтавалі прадукцыі. Вось мы зьбіралі тое парэчкавае лісьце — і кідалі мяхі каля дарогі. Хто іх там забіраў, мы ня ведаем. А школьнікам жа мусяць плаціць! Яны й заплацяць — празь месяц, два, да Новага году. А можа, скажуць: "Мы вам за гэта цукерак купім…"

Арганізавана праца таксама не найлепшым чынам: школьнікі працуюць усяго якую гадзіну — пакуль у той прычэп накідаюць морквы, а марнуецца цэлы дзень заняткаў. Таму Станкевіч лічыць яе малапрадукцыйнай:

"Гэта толькі нейкая даніна традыцыі. У раёне ж як кіруюць? Зьбіраюць кіраўнікоў і кажуць: "Загадана ўбраць моркву да такога і такога чысла. Усё, здымайце школьнікаў з заняткаў!" Адмовіцца ад дапамогі школ — значыць, паставіць сябе пад пагрозу: а раптам замаразак ударыць і ты не пасьпееш? Тады скажуць: "Ага! Ты быў такі разумны! А табе ж казалі, каб здымаў школьнікаў!" Школа ж — гэта такая сыстэма: адзін тэлефонны званок у панядзелак: "На два тыдні крокам руш у калгас!" І ўсе тут жа пашыхтаваліся і строем пайшлі".

Сёлета на дапамогу сялянам пасылаюць таксама віцебскіх настаўнікаў. У школах Першамайскага раёну разнарадка: штодня дасылаць па пяць чалавек, кажа "дэлегаваная" спадарыня:

"Ад кожнай школы цётачкі, якім ужо за 40, едуць у калгас перабіраць гнілую бульбу. Перабіраць няма чаго — яна ўся гнілая. Але ёсьць яшчэ морква, буракі, капуста. Раней таксама пасылалі, але чалавекі па два на тыдзень, і звычайна абыходзіліся сіламі тэхнічнага пэрсаналу, прыбіральшчыцы нашы езьдзілі. А сёлета канкрэтна: настаўнікі, па пяць чалавек штодня, здымаюць нам урокі — і мы паехалі!"

Вядома, ўборка бульбы ня ўнесена ў школьную праграму. Таму адмяняць урокі, пасылаючы настаўнікаў у калгас — гэта парушэньне права дзіцяці на атрыманьне адукацыі. А ў зьвязку з тым, што ў жніўні Саўмін адмяніў дзеяньне "Палажэньня аб удзеле непаўналетніх навучэнцаў у сельскагаспадарчых працах", падзарабляць "на бульбе" непаўналетнія могуць, але толькі ў вольны час і ніяк не на шкоду навучальнаму працэсу.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Бульба для "Радзімы"

У вёсцы Козенкі Мазырскага раёну працу школьнікаў выкарыстоўвае мясцовы сельгаскаапэратыў "Радзіма". Дзеці зьбіраюць бульбу, кіяхі кукурузы, што прызначаны на насеньне.

Вось што кажа шматдзетная маці, чые дзеці таксама працавалі на калгасных палетках:

"Выпраўляюць старэйшыя клясы ў наш калгас "Радзіма". Кукурузу зараз зьбіралі, бульбу зьбіралі. У мяне ў сёмай і дзявятай клясе дзеці. Як і ўсе, зьбіралі бульбу й кукурузу. Так усё жыцьцё было. Мы ж некалі таксама працавалі".

Па словах маці, у адміністрацыяў калгаса й школы, як правіла, узаемны інтарэс да працы дзяцей на полі:

"Вучні дапамагаюць калгасу зьбіраць ураджай, а калгас школе адпускае гародніну — моркву там, буракі, капусту й бульбу па ніжэйшых коштах. Таму абеды школьныя выходзяць таньнейшымі".

Практыка прыцягненьня школьнікаў да ўборачных прац існуе найперш там, дзе вырошчваюць гародніну.

У вёсцы Вуць Добрускага раёну школьнікаў выпраўлялі на пераборку бульбы. Былы настаўнік мясцовай школы, грамадзкі актывіст Адам Варанец кажа, што дзецям і настаўнікам даводзіцца пасьля сельскагаспадарчай працы даганяць школьную праграму:

"Канечне, адстаюць. Тады ўжо даводзіцца праграму даганяць: замест аднаго параграфа — два параграфы. Якасьць навучаньня паніжаецца".


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Дзеці нават ня ведаюць, колькі яны зарабляюць на калгасных палетках…"

На Гарадзеншчыне пэдагогі лічаць, што ўдзел вучняў у сельгасработах прымусовы і парушае правы дзяцей.

У адной са школ Бераставіцкага раёну настаўніца распавядае, што сельскагаспадарчыя працы ў іх штогод абавязковыя. Настаўнікі, па яе словах, нэрвуюцца, бо дзяцей зрываюць з урокаў на два тыдні, а потым трэба наганяць прапушчаны матэрыял. Дзеці таксама незадаволеныя, бо ім за гэта ня плацяць.

Спадарыня: "Каб яшчэ плацілі, то старшаклясьнікі кажуць, што хадзілі б з задавальненьнем замест урокаў на працу, а бясплатна ня вельмі хочуць. Яны працуюць, а грошы потым на школу пералічваюць, нібыта на школьныя патрэбы".

Спадарыня кажа, што зазвычай настаўнікі ня ведаюць, колькі за дзіцячую працу пералічваюць на школьны рахунак. Да ўсяго, настаўнікі яшчэ асобна працуюць на сельгасработах і ніхто адмовіцца ад гэтага ня можа. Нават не паўстае пытаньняў, бо потым могуць быць праблемы.

Адзін з бацькоў выказвае абурэньне дзіцячай прымусовай працай. Аргумэнтуе тым, што на свой гарод часам шкадуе паклікаць працаваць дзяцей, бо яны перагружаныя ў школе, а яшчэ і часта хварэюць.

Спадар: "Па сутнасьці, усе грошы яны зарабляюць на школу. Але тады паўстае пытаньне — дык а што тады з гэтай эканомікай знакамітай, якой не хапае нават на ўтрыманьне школ? І мала таго, яшчэ і з бацькоў штогод бяруць на рамонт школаў, то па 10 тысяч рублёў, а то й па 20 тысяч".

Настаўнік з вясковай школы ў Мастоўскім раёне кажа, што ніводнага году на пэдсавеце не пачуў, каб нехта ў адкрытую выступіў супраць прымусовай працы дзяцей, хаця паміж сабой пэдагогі гэта часта абмяркоўваюць.

Спадар: "Безумоўна, гэта парушае правы дзяцей, таму што ў іх нават ніхто не пытаецца — хочуць яны ісьці на тую працу ці не. Усіх выгналі, і ўсе пайшлі. Але гэта праца прымусовая, і яна парушае правы дзяцей".

Даведка "Свабоды"


1-га верасьня 2011 году ў Беларусі набыў моц Кодэкс аб адукацыі. У 89-м артыкуле гэтага дакумэнту запісана: "Забаронена прыцягненьне ўстаноў адукацыі да выкананьня працаў (аказаньня паслугаў), не прадугледжаных навучальна-праграмнай дакумэнтацыяй. Уборка бульбы ды іншых сельгаскультур ня ўнесена ў навучальную праграму, а значыць, нельга ад адцягваць дзяцей ад навучальнага працэсу і адпраўляць іх "на бульбу". А калі навучэнец вырашыў падпрацоўваць прыватным чынам па-за школьнымі заняткамі і яму ўжо ёсьць 16 гадоў, то ён мае права заключыць працоўнае пагадненьне.

Заключэньне працоўнай дамовы дазваляецца і з асобамі, якія дасягнулі 14 гадоў. Але ў гэтым выпадку абавязкова павінна быць пісьмовая згода аднаго з бацькоў (усынавіцеля, апекуна). Акрамя таго, дамова павінна прадугледжваць выкананьне лёгкай працы, якая ня можа пашкодзіць здароўю і не парушае працэсу навучаньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG