Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: апазыцыянэры скардзяцца на міліцыю ў пракуратуру


Грамадзкія актывісты Ўладзімер Кацора, Валер Сляпухін і Ўладзімер Няпомняшчых аспрэчваюць у пракуратуры неправамерныя дзеяньні міліцыі Цэнтральнага й Чыгуначнага раёнаў.

Напярэдадні Народнага сходу Ўладзімера Няпомняшчых трымалі ў ізалятары за расклейку налепак пра акцыі. Суд пасьля двойчы пакараў Няпомняшчых штрафам — і за расклейку, і нібыта за лаянку.

Уладзімера Кацору затрымалі й накіравалі ў ізалятар 8 кастрычніка, у дзень Народнага сходу, за распаўсюд ад свайго імя запрашэньняў на Народны сход. На падставе міліцэйскага пратаколу яго аштрафавалі на 350 тысяч рублёў. А як быць зь ягоным прэвэнтыўным арыштам? Чалавек правёў у ізалятары двое сутак, трымаў на знак пратэсту сухую галадоўку.

Валера Сьляпухіна, ініцыятара Народнага сходу вуліцы Юбілейнай, міліцыя затрымала й зьмясьціла на суткі ў ізалятар 10 кастрычніка. Судзьдзя Чыгуначнага раёну Ільля Сьвірыдаў пакараў Сьляпухіна адміністрацыйным штрафам у памеры 40 базавых велічыняў, што адпавядае 1 мільёну 400 тысячам рублёў. Пры гэтым было заяўлена, што ў выпадку са спадаром Сьляпухіным закон "Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах" ня дзейнічае.

Гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка лічыць, што міліцыя перавышае свае паўнамоцтвы, калі без суду адпраўляе грамадзкіх актывістаў за краты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG