Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пытаньне пра будаўніцтва АЭС разгледзяць на закрытым паседжаньні

абноўлена

У парадку дня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на 20 кастрычніка няма пытаньня пра зьмены ў закон пра КДБ. Аднак ёсьць тры пытаньні, якія дэпутаты разгледзяць на закрытым паседжаньні.

Без удзелу журналістаў дэпутаты павінныя ратыфікаваць міжурадавае расейска-беларускае пагадненьне пра супрацоўніцтва ў будаўніцтве АЭС.

"Ні ў МАГАТЭ, ні ў Эўракамісіі да нас ня маюць прэтэнзіяў з нагоды будаваньня беларускай АЭС", - заявіў журналістам у Палаце прадстаўнікоў намесьнік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк.

Намесьнік міністра паведаміў, што месяц таму ён асабіста быў і ў МАГАТЭ, і ў Эўракамісіі. "І ні там, ні там Беларусі не былі прад'яўленыя тыя абвінавачаньні, пра якія заяўляе літоўскі бок."

Міхаіл Міхадзюк адмовіўся назваць журналістам кошт праекта пабудовы беларускай АЭС, заявіўшы, што гэта канфідэнцыйная інфармацыя. "Прыкладна вы можаце дазнацца гэты кошт, калі ўлічыце, што за базавы праект нашай АЭС узяты праект Балтыйскай АЭС", - сказаў намесьнік міністра.

Таксама на закрытым паседжаньні ў ПП НС разгледзяць зьмены ў законы пра выезд і ўезд у Беларусь і пагадненьне паміж Беларусьсю і Казахстанам пра супрацоўніцтва ў галіне ўрадавай сувязі.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка паведаміў дэпутатам, што апошнія тры пытаньні парадку дня сэсіі маюць "службовую інфармацыю з абмежаваным распаўсюдам".

Журналістаў папрасілі пакінуць залю паседжаньняў і прэс-цэнтар Палаты прадстаўнікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG