Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусёў: У Магілёве звужаецца ўжываньне беларускай мовы.


Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў
19 кастрычніка на гарадзкой канфэрэнцыі Таварыства беларускай мовы сябра гэтай арганізацыі, былы кандыдат на прэзыдэнцтва Рыгор Кастусёў заявіў, што зацьверджаная старшынём аблвыканкаму Пятром Руднікам у 2009 годзе праграма папулярызацыі беларускай мовы на Магілёўшчыне не выконваецца.

Кастусёў у сваім выступе зазначыў, што Магілёў у пытаньні пашырэньня беларускай мовы горш выглядае, чым райцэнтры Шклоў і Бялынічы. Беларускамоўныя ўказальнікі, паводле яго, на ўезьдзе ў Магілёў памянялі на расейскамоўныя.

Палітык прапанаваў дамагчыся сустрэчы з старшынём аблвыканкаму Пятром Руднікам, на якой узьняць пытаньні пашырэньня беларускай мовы ў публічным жыцьці.

Яшчэ адзін дэлегат канфэрэнцыі Міхась Булавацкі назваў цяперашні стан нацыянальнай мовы беларусаў як мова-сувэнір. Паводле актывіста, мова гучыць толькі на адмысловых мерапрыемствах — калі яны завяршаюцца, мовы ўжо не чуваць.

Праблему пашырэньня беларускай мовы, заяўлялі ў выступах дэлегаты канфэрэнцыі, найперш трэба пачынаць зь сябе. Што да ціску на чыноўнікаў, то, паводле гісторыка й сябра ТБМ Аляксандра Агеева, рабіць гэта неабходна і паасобку і калектыўна.

Апошняя канфэрэнцыя гарадзкой арганізацыі ТБМ праходзіла тры гады таму. Дзейнасьць арганізацыі дэлегаты пастанавілі прызнаць здавальняючай. Кіраўніком, як і на мінулай канфэрэнцыі, абралі Алега Дзьячкова. Абралі й раду арганізацыі. Справаздачна-выбарчая канфэрэнцыя гарадзкой арганізацыі ТБМ праходзіла напярэдадні зьезду ТБМ. На яго абралі двух дэлегатаў.

ТБМ у Магілёве праводзіць культурна-асьветніцкія мерапрыемствы, ладзіць вандроўкі, курсы беларускай мовы, праводзіць інфармацыйныя акцыі па абароне помнікаў архітэктуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG