Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«У калгасах хутка на злачынствы пойдуць, каб трапіць на заробкі ў вёску-турму ў Навасадах…»


Напярэдадні ня змог бы і ўявіць, што буду вандраваць у дні афіцыйных турэмных сьвятаў. У вёсцы-турме Навасады, што месьціцца ўздоўж чыгуначнай трасы Барысаў — Ворша і налічвае да 3 тысяч вязьняў, ушаноўвалі 300-годьдзе існаваньня пэнітэнцыярнай сыстэмы. Звонку дзень быў звычайны — без урачыстых сходаў, сьцягоў ды транспарантаў. Тым больш ніхто ня ведаў, зь якога небакраю ўзялася «дата». Натуральным жа, мяркуючы па самой лічбе, было дапусьціць, што да Беларусі яна ня мае дачыненьня.


Карэспандэнт: «Гэта ж узьнікла ў Расейскай імпэрыі?»

Анісімава: «Ну канечне! У штабе адзначалі, супрацоўнікам давалі прэміі…»

Гэта, бадай, усё, што разам з тутэйшай настаўніцай гісторыі, спадарыняй Анісімавай, ведалі пра «мерапрыемства» больш як тысяча навасадаўцаў, што жывуць па-за кратамі. Зрэшты, і пра гісторыю ўзьнікненьня крымінальнага паселішча тут мала хто ведае. Працягваю гутарыць з Тацьцянай Уладзіміраўнай, якая, між іншым, была б ня супраць заняцца краязнаўчымі досьледамі, але…

Карэспандэнт: «У інтэрнэце наагул пра Навасады нічога няма…»

Анісімава: «І ня можа быць, таму што ўсе гэтыя зьвесткі былі засакрэчаныя — могуць быць толькі ў архівах МУС. Пра начальнікаў паняцьця ня маю, якія яны былі. Адзін з анэкдотаў — „нова“ паходзіць, гэта калі новых пасадзілі. (Сьмех.) Ніводнай праўдзівай вэрсіі я не магу назваць. Гісторыя Навасадаў пачынаецца з пасьляваеннага часу — тут была калёнія. Потым расфармавалі, і зьявілася турма ў 50-я гады. Ёсьць непацьверджаныя факты, як у адной газэце было напісана — што калёнія была да вайны, сюды прывозілі расстрэльваць. У 2007 годзе, маўляў, сустрэлі нярускага дзеда, што пасьвіў каровы, казаў, з 35 году тут. Па-першае, у нас няма „нярускіх“ пастухоў. Па-другое, каб у 35-м расстрэльвалі, дык у 2005-м яму б было 100 год — поўная лухта!»

Карэспандэнт: «А як у вас з заробкамі?»
За 20 год колькасьць вучняў скарацілася ў паўтара раза. Горадаўтваральнае прадпрыемства — турма, яе ня будзе — будзе яшчэ менш…

Анісімава: «Як у настаўнікаў па ўсёй краіне — аклад вышэйшай катэгорыі 739 тысяч. У школе 118 чалавек. За 20 год колькасьць вучняў скарацілася ў паўтара раза. Горадаўтваральнае прадпрыемства — турма, яе ня будзе — будзе яшчэ менш…»

Карэспандэнт: «Але ў гэтым сэнсе будучыня Навасадаў гарантаваная?»

Анісімава: «Ня ведаю, радавацца гэтаму ці як? Народ задаволены, бо добра атрымлівае, стабільны заробак. Узровень жыцьця тут вышэйшы, чым у сельскай мясцовасьці. Дзеці ў параўнаньні з той жа Лошніцай, дзе сельсавет, у нас, кажуць, больш выхаваныя — туды звозілі з усяго СССР, каранёў няма і каштоўнасьцяў. Тут таксама заежджыя, але замацаваліся і на невялікую колькасьць людзей можна ўплываць. Лексыка за плотам і ў нас не адна і тая ж…»

Дарэчы, пры выключаным мікрафоне суразмоўніца загаварыла са мной на выдатнай беларускай мове. У адказ на маё маўклівае пытаньне сказала, што, маўляў, у вёсцы бракуе моўнага асяродзьдзя, а рэдкія «афіцыйныя» карэспандэнты спрэс рускамоўныя. Аднак пэдагог памятае і іншыя часы.

Анісімава: «Беларуская мова — наша матчына мова. І размаўляем вельмі добра, раней мы выкладалі гісторыю Беларусі на мове, а цяпер падручнікі расейскія…»

Самі навасадаўцы называюць сябе «дзяржавай у дзяржаве» — эканамічны крызіс, падвышэньні цэнаў, палітычныя штормы нібы не закранаюць іх надта балюча. Цягам вандроўкі я гутарыў з пэнсіянэркай Любоўю Мэханікавай і з 54-гадовым ахоўнікам Анатолем Сманцарам.


Спадарства: «Я ў Навасадах 40 год жыву. Больш за ўсё ў турме ў нас працуюць. Я асабіста з Хабараўску, мне ў Навасадах вельмі падабаецца — ацяпленьне ёсьць, гарачая вада, пэнсія своечасовая, кватэра ёсьць, каналізацыя. А што старому трэба? Выйшаў — на лаўцы пасядзеў, у краму схадзіў, жыць можна… Атрымліваюць нармальна — рабочыя па мільёну 100, а вайскоўцы і па 2 мільёны…»

Кульнёў: «Гэта самая лепшая турма ў Беларусі — дарагая, на пасяленьні на будоўлі ў нас больш за мільён атрымліваюць…»

Апошнім быў голас экс-падпалкоўніка, былога начальніка аховы з 16-гадовым стажам ды папярэдняй 30-гадовай вайсковай выслугай, цяпер ужо 5 год як апальшчыка ў кацельнай, спадара Валянціна Кульнёва.

Карэспандэнт: «А колькі год вам?»

Кульнёў: «Я лічу — 17! Я бегаю на 10 км, хоць 71 ужо — не даганяе ніводзін малады па дыхалцы, бо п’юць і смаляць…»

Да размовы з «былым вертухаем», як ён сам сябе назваў, яшчэ вернемся. Я ж колькі хвілінаў таму змог пераканацца ў трывалых гаспадарчых традыцыях прадпрыемства «РУП-14», што ўзьнікла ў 1958-м годзе ва ўстанове УЖ-15/14 у Навасадах. Аддзел збыту ды маркетынгу — ёсьць у турме і такі — мае ў вёсцы фірмовую краму, дзе «гандлююць вырабамі зэкаў». Так мне адрэкамэндавалі невялікі дамок на ўскраіне гандлёвага гарадку. Перад вітрынай гутару з дырэктаркай, спадарыняй Тацьцянай Гарноўскай.

Гарноўская: «Вось наша вытворчасьць — вёдры, тазы, хлебніцы — апошнія разабралі. Пашыраецца асартымэнт пастаянна, можна рабіць нешта пад заказ — шахматы, нарды, разьба. Шкатулкі ёсьць — вока не адвесьці. Робяць — пасьля вяртаюцца…»

Да ведама. «РУП-14» вырабляе яшчэ радыятары для БелАЗу, глушыцелі для МТЗ, кузаўныя барты для МАЗу. Я ж вяртаюся да гаманы са зьнешне сьціплым, з дробнымі рысамі твару, спадаром Кульнёвым.

Карэспандэнт: «У калгасах цяжкія цялесныя пашкоджаньні пачнуць рабіць, каб да вас уладкавацца на мільён, бо ў іх часьцяком больш за 300 тысяч не бывае!» (Агульны сьмех.)

Кульнёў: «Але пэнсіянэраў не бяруць. Я ў 90-м сышоў на пэнсію і ўсё працую. А мне кажуць — у іх грошай няма. Дык чаму старым ніжэй за пражытковы мінімум даяце? Ваяваў-ваяваў, але сабе і напарніку выбіў зараз 550, а яны спачатку за 350 прымушалі…»

Спадарыня: «А пэнсію ён мільён 300 атрымлівае!»

Кульнёў: «Я ім сказаў — давайце майстрам пайду і буду зь імі ваяваць, каб парадак быў. Мне варта пагаварыць з чалавекам 15 хвілін, і я ўжо ведаю, што за ён…»

Карэспандэнт: «Які кантынгент у Навасадах звычайна сядзіць?»

Кульнёў: «Шыхтрэжым — цяжкія цялесныя пашкоджаньні, забойствы, згвалтаваньні, крадзяжы…»
Былі навуковыя супрацоўнікі — добрыя людзі. Крадзяжамі займаліся, шубы прадавалі, але заробак 300 тысяч у Акадэміі навук.

Карэспандэнт: «А як зэкі цяпер сябе паводзяць?»

Кульнёў: «Зь імі трэба працаваць — ёсьць нармальныя і ненармальныя. Некаторыя робяць па-свойму — у карты граюць, не працуюць, крадуць штосьці. Былі навуковыя супрацоўнікі — добрыя людзі. Крадзяжамі займаліся, шубы прадавалі, але заробак 300 тысяч у Акадэміі навук. Быў навукоўцам — дайшоў, што стаў кіроўцам. Тым жа жонкам урадоўцаў завозіў крадзенае са складоў. Правадыры нібы ня ведалі, а яго пасадзілі — бандыт! Я ўсё гэта разумею…»

* * *
Унясу папраўку — улёткамі ў той дзень Навасады былі абклееныя на кожным кроку. Але ня ў гонар 300-годзьдзя турмаў, а з прапановамі здаваць ужываныя ды непрацуючыя гадзіньнікі. А хутка ўбачыў і самога «дывэрсанта» — 26-гадовага, высокага ды бялявага ўкраінца з Жытоміра Рому, якога крыху напужаў, падышоўшы ззаду, калі той наклейваў чарговую абвестку.

Рома: «Гэта вашы менскія акцыю праводзяць — нам усе слупы, кватэры трэба абклеіць. Мы былі ў Гомелі, Магілёве, Віцебску. У вас тут звонку нібы добра, а потым у людзей пытаесься — усё даражэе, а заробкі тыя ж…»

Карэспандэнт: «Ты не на лістоўках навучаўся?» (Агульны сьмех.)

Рома: «Ды не, за гэта тут могуць пасадзіць. Дый за маё караюць — я на платы зоны наклеіў. (Сьмяецца.) А яны — „Ідзі сюды“. Думалі, што супраць Лукашэнкі. Так што пра жыцьцё пры дыктатуры крыху зразумеў — ну, пайшоў…»

Яшчэ напачатку мне распавялі бабулькі, што ў вёсцы зьявілася сапраўдная «поня», як яны называюць коніка, прывезенага днямі на лекаваньне трэнэрам — 23-гадовай навасадаўкай, Настай Сігілёвай.

Наста: «Сюды адправілі, як у санаторый. Навасады зьбягаліся ўсе паглядзець. Ножкі лечым — толькі есьць і сьпіць…»

Да ўнучкі падыходзіць мажная 64-гадовая «бабця Іна», як усе называюць мясцовую старажылку, да якой усе навакольныя прыслухоўваюцца — гэта спадарыня Іна Зуева, што рабіла калі вартаўніцай, калі кладаўшчыком.

Баба Іна: «Усё жыцьцё жывем у зоне — чаго нам баяцца? Мы кватэру гэтую атрымалі ў 57 годзе — тут былі баракі драўляныя, чатыры на ўсе Навасады. Бацька быў начальнікам апэрчасткі, у 47-м прыехаў з Падмаскоўя…»

Карэспандэнт: «Зараз пачытаеш — там бунт, там уцёкі. Што ў гэтым сэнсе ў Навасадах было?»

Баба Іна: «Пару разоў зьбеглі зэкі ў тым годзе — праз пару дзён знайшлі. Мы ведаем, як сябе паводзіць. У нас шмат „хімікаў“ — яны ў мяне рабілі гаўбец, чацьвёра, вельмі добра! А „гаўнюкоў“ не выпускаюць — там сядзяць…»

Апошнім часам узьнікаюць-ткі і ў «бабці Іны» сацыяльна-бытавыя праблемы.

Баба Іна: «Вось сельмаг закрылі райпоўскі — плацілі прадавачкам па 600 тысяч — ну што гэта? І рамонт трэба — абвальваецца. Бяз крамы застанемся. Узімку я за сваю халупу буду плаціць каля 200 тысяч, а пэнсія маленькая — 570. А 43 гады стажу, яшчэ ўлезла ў крэдыт — дачцэ ўзяла на адзеньне на выпускны…»

Адзіная «цывільная» праца ў Навасадах — на хлебазаводзе, дзе паўсотні працоўных. Ля бляхі з духмянымі сухарыкамі з разынкамі гутару з кандытарам Алай Абраменкай.

Абраменка: «Каржы, сухары, галушкі, бісквіты пячэм. Забясьпечваем увесь Барысаўскі раён. Калі ўсё зробім, мільён выходзіць. Тут прэстыжнай лічыцца праца…»

Сельсавету ў вёсцы няма — усе пытаньні вырашае турэмнае начальства. Таму жанчыны, што працуюць ля камэндатуры, майго пытаньня так і не зразумелі.

Карэспандэнт: «А старэйшына ў вас хто?»

Спадарыні: «Начальнік — дэпутат, а старэйшына — Толькі Сманцара бацька, амаль 100 год яму…»

Хутка ўжо падымаю з ложка сівога, зарослага ды відавочна нямоглага «дзядэка Мікалая». Тым ня менш той рады пагутарыць са сьвежым чалавекам — у свае 93 разважае ды ўспамінае сьвядома. Быў спачатку ахоўнікам, пасьля да пэнсіі лесарубам.

Сманцар: «Я ўжо біты — перанёс і голад, і холад. А кулі мяне ня бралі — на бункер ішоў, на дзот, не баяўся. У фінскую вайну быў, Бесарабію вызваляў, на Каўказе быў, ва Ўсходняй Прусіі атрымаў цяжкае раненьне шрапнэльнай мінай у жывот — 2 аскепкі, мяне непрытомнага выцягнулі. Адправілі на Ўрал, 5 месяцаў ляжаў. Мяне пасьля вайны на Ўрале пакідалі — будзеш заўгасам сьвіней трымаць. Ай, паеду! Дзе дзецца было? Сястра таварыша была ў Навасадах сакратаркай у штабе — кажа, патрабуюцца людзі, там і ежа, і адзежа. Зрубіў-паставіў хацёнку…»

У часе вандроўкі разумеў, што наўрад ці падрабязна даведаюся пра сапраўднае жыцьцё за турэмнымі кратамі. Таму каштоўнай сталася хоць нейкая інфармацыя, якую данёс рэдактар «Барысаўскіх навін», спадар Анатоль Букас. Ён быў апошнім незалежным журналістам, якому 10 год таму афіцыйна дазволілі наведаць турму.

Букас: «Мне выпісалі пропуск, я размаўляў з зэкамі, наведаў мэдычны пункт. Ня ўсе маюць працу. Быў выпадак — пісалі ў сваёй газэце — зэкаў задзейнічалі на будаўніцтве лецішчаў адміністрацыі турмы. Былі выпадкі, калі яе супрацоўнікі дапамагалі зэкам атрымліваць наркотыкі — гучная справа таксама была…»

Дзядэк Мікалай пры разьвітаньні ўчапіўся за руку — «Дай зьвярнуцца да ўсяго людзтва!»

Сманцар: «Каб любілі зямлю і адно аднаго, замянілі зло дабром, скаціну трымалі, памагалі адно аднаму. Прападзем, калі пойдуць нянавісьць, злосьць ды завісьць. Будзьце шчасьлівымі…»


Падарожжы Свабоды

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG