Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Стэфановіча пачалася са штрафу


Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Падатковая інспэкцыя Партызанскага раёну Менску аштрафавала на 4 727 330 рублёў намесьніка старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянціна Стэфановіча за няпоўную выплату падатку.

Валянцін Стэфановіч зьявіўся сёньня ў падатковую інспэкцыю па позьве для ўдзелу ў адміністратыўным працэсе. Падаткоўцы вынесьлі пастанову аб адміністратыўным парушэньні, якое палягае ў тым, што праваабаронца «дапусьціў па неасьцярожнасьці няпоўную аплату» падаходнага падатку за 2009 і 2010 гады з прыбыткаў, атрыманых з-за мяжы.

Грошы паступалі на рахунак, адкрыты Стэфановічам у літоўскім банку «SEB». Як гаворыцца ў пастанове, падпісанай намесьнікам начальніка інспэкцыі Генадзем Ковалем, «фактычна падатак ня сплачаны». За гэта падаткоўцы пакаралі Стэфановіча штрафам у 15% (4 727 330 рублёў) ад сумы 31 515 540 рублёў нібыта ўтоенага падатку. У якасьці зьмякчальных абставінаў адзначана тое, што праваабаронца мае на ўтрыманьні двух дзяцей.

Адказчык віны не прызнаў і зьбіраецца абскардзіць пастанову ў судзе:

«Якім чынам яны вызначылі маю форму віны, калі я яшчэ не даваў ніякіх тлумачэньняў па гэтай справе? Потым, калі мне пратакол быў прад’яўлены для азнаямленьня, намесьніца начальніка аддзелу Алена Кутнік мне прапанавала падпісацца на пастанове, ужо вынесенай па маёй справе, дзе мяне прапаноўвалася пакараць 15% ад сумы падатку, якая падлягае спагнаньню, што я азнаёмлены з матэрыяламі справы. Я сказаў: пачакайце, справа яшчэ не разглядалася, а вы ўжо пастанову напісалі. Яна кажа — гэта яшчэ праект. Але яны мне прапануюць расьпісацца!»
Я сказаў: пачакайце, справа яшчэ не разглядалася, а вы ўжо пастанову напісалі.

Праваабаронца таксама выказаў пратэст, што матэрыялы справы перакладзеныя ня цалкам, але Генадзь Коваль заявіў, што ў гэтым няма патрэбы.

«Там ёсьць падставы пераводаў грошай па-ангельску, якія чамусьці не былі перакладзеныя. Усё астатняе на расейскую мову было перакладзена, а падставы для аднаго зь пераводаў грошай ад галяндзкага аддзяленьня „Міжнароднай амністыі“ не былі перакладзеныя. Я сказаў, што гэта мае дачыненьне да разгляду справы і вызначэньня маёй віны».

Тое, што віна «па неасьцярожнасьці» вызначана яшчэ да размовы са Стэфановічам, падаткоўцы патлумачылі тым, што такім чынам яны ідуць насустрач падаткаплатнікам. Дый «наўмысную» віну складана вызначыць. Валянцін Стэфановіч таксама адзначыў, што ня згодны з пратаколам. Ён лічыць, што не павінен быў плаціць падатак, бо гэта ня выпадак падаткаабкладаньня. Ён лічыць, што яго справа ідзе ў зьвязку са справай арыштаванага кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага. Таксама Стэфановіч рыхтуецца да суду па пазове, які яшчэ не прад’яўлены падатковай, аб спагнаньні ўсіх грошай і пені, а гэта больш за 37 мільёнаў рублёў.

Праваабаронца Тацяна Равяка мяркуе, што пазыцыю непрыманьня абвінавачаньня зойме і Алесь Бяляцкі. Яна лічыць абедзьве справы палітычнымі:

«Яна зьвязаная з тым, што праваабаронцы атрымлівалі сродкі на аказаньне дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій. І гэтыя сродкі ні ў якім выпадку не былі іх прыватным прыбыткам. І таму штраф Стэфановічу і абвінавачаньне, прад’яўленае Алесю, што не былі выплачаныя падаткі з гэтых сродкаў, — гэта проста перасьлед за праваабарончую дзейнасьць».
XS
SM
MD
LG