Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зона вольнага гандлю СНД: погляды з Масквы і Кіева


Якое значэньне мае дамова аб зоне вольнага гандлю, падпісаная ўчора кіраўнікамі ўрадаў сямі краін СНД. З такім пытаньнем наша радыё зьвярнулася да экспэртаў: у Маскве – да прафэсара факультэта сусьветнай эканомікі і сусьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Аляксандра Партанскага і дырэктара Міжнароднага інстытуту палітычнай экспэртызы Яўгена Мінчанкі, у Кіеве – да навуковага дырэктара школы палітычнай аналітыкі НаУКМА Аляксея Гараня.

Партанскі: Зона вольнага гандлю пасьля распаду СССР стваралася на працягу двух дзясяткаў гадоў. Былі спробы напачатку 90-х, потым у 1994 годзе, але ня ўсе парлямэнты дамову ратыфікавалі, была рамкавая дамова. Потым былі выняткі з дамовы. Апошнім часам лёс дамовы быў не такі просты. Яе зьбіраліся падпісаць летась, потым увесну сёлета. Зараз падпісалі, за выключэньнем Азэрбайджана, Туркмэністана і Ўзбэкістана, але гэта някепска. І, нягледзячы на тое, захаваліся выключэньні, варта спадзявацца, што колькасьць гэтых выключэньняў зьменшыцца. Насамрэч гэта выгадна ўсім. У сьвеце зон вольнага гандлю больш, чым мытных саюзаў, яны эфэктыўна працуюць. Напрыклад NAFTA – зона вольнага гандлю Мэксыкі, ЗША і Канады выгадная ўсім тром краінам.

У нас на постсавецкай прасторы гэта важней, чым мытны саюз. Дай Бог добрай будучыні мытнаму саюзу, але сёньня ён мае шэраг выключэньняў. А зона вольнага гандлю можа хутчэй запрацаваць, і краіны, якія ў яе ўваходзяць, іх бізнэс, могуць атрымаць ад гэтага выгаду.

РС: Некаторыя кажуць, што Ўкраіне дамова больш выгадная, чым іншым удзельнікам, што яе хочуць зацягнуць у гэты праект, каб яна ня думала аб эўраінтэграцыі. Гэта сапраўды так?

Партанскі: Так, гэта выгадна Ўкраіне. На шэраг украінскіх тавараў у Расеі існуе высокае мыта: гэта мэталапрадукцыя, трубы, некаторыя сельскагаспадарчыя прадукты. Хутчэй за ўсё, пакуль яны трапляюць пад выняткі. Але мы можам зацікавіць Украіну, калі іх здымем. Але для нашых вытворцаў – у сельскай гаспадарцы, у мэталюргіі гэта ўзмоцніць канкурэнцыю.

РС: Ці можна сказаць, што пасьля гэтага Ўкраіна ня будзе імкнуцца ў ЭЗ.

Партанскі: Так сказаць нельга. Ва Ўкраіне ёсьць поўная згода ўсіх палітычных сіл адносна эўрапейскай арыентацыі. Таму я ня думаю, што гэта хутка можна зьмяніць. Але нам ёсьць чым зацікавіць Украіну.

РС: Як гэтая дамова зьвязаная з ідэяй Пуціна наконт Эўразійскага саюзу?

Партанскі: Пэўная сувязь існуе, бо вынікі дзеяньня гэтай зоны павінны паказаць удзельнікам, што ад інтэграцыі ёсьць канкрэтны выйгрыш. Але ў сьвеце ёсьць шмат зон вольнага гандлю, якія на гэтым і спыніліся. Тая ж NAFTA. Ім больш ня трэба. Яе можна пашыраць, скажам, распаўсюджваць на інтэлектуальную ўласнасьць, ня толькі на тавары.

Мінчанка: Гэты дакумэнт стварае большую зручнасьць. Бо калі вялікую колькасьць двухбаковых пагадненьняў замяняе адзін рамкавы дакумэнт, які тычыцца вялікай колькасьці краін – гэта больш камфортна. Зь іншага боку, захоўваецца вялікая колькасьць выняткаў і абмежаваньняў. Калі мы прыгадаем украінскую пазыцыю, то ў іх была канцэпцыя зоны вольнага гандлю без выняткаў і абмежаваньняў. У найбольшай ступені ўкраінскі бок цікавіла тэма энэрганосьбітаў. Але паколькі дамова аб зоне вольнага гандлю падпісаная, але энэргетыка туды не ўваходзіць, то ў Расеі застаецца рычаг узьдзеяньня на яе партнэраў па СНД.

РС: Наколькі гэта выгадна Ўкраіне, ці зьменшыць гэта імкненьне ўкраінскіх палітыкаў у Эўропу?

Мінчанка: Не, гэта прамежкавы дакумэнт, які пакідае магчымасьці рушыць і ў бок ЭЗ, і ў бок РФ. Невыпадкова прэм'ер Украіны Азараў казаў, што Ўкраіна зацікаўленая ў падпісаньні пагадненьняў аб зоне вольнага гандлю і з ЭЗ, і з Расеяй. Іншая справа, што калі Ўкраіна зараз будзе падпісваць такую дамову з Эўропай, яна будзе падпісваць яе на вельмі нявыгадных умовах.

Гарань: Размовы пра тое, што гэта глыбокія і сур'ёзныя дамовы, ня маюць пад сабой ніякага грунту. У нас было пагадненьне пра зону вольнага гандлю ў межах СНД, якое было падпісанае ў 1994 годзе. Але што цікава – яго не ратыфікавала Дзярждума Расеі. І таму, калі нам прапаноўвалі розныя праекты інтэграцыі, усе ўкраінскія прэзыдэнты, пачынаючы з Кучмы, казалі, што давайце спачатку зробім так, каб запрацавала зона вольнага гандлю СНД.

Дарэчы, у нас ёсьць зона вольнага гандлю з Расеяй, яна працуе, але з выняткамі. Я б не пераацэньваў тое, што адбылося на нарадзе прэм'ераў краін СНД.

Справа ў тым, што краіна можа ўваходзіць у зоны вольнага гандлю з рознымі краінамі і аб'яднаньнямі. Усе ўкраінскія ўрады казалі, што мы хочам зоны вольнага гандлю з ЭЗ і з Расеяй і краінамі СНД. Адно іншаму не супярэчыць. Аднак Масква была ўстурбаваная, калі справа дайшла да падпісаньня Ўкраінай дамовы пра зону вольнага гандлю з ЭЗ і прапанавала мытны саюз. Вось мытны саюз сапраўды перакрэсьлівае для Ўкраіны дачыненьні і з ЭЗ, і з краінамі Сусьветнай гандлёвай арганізацыі (СГА), бо Ўкраіна ў СГА ўваходзіць, а Беларусь і Расея – не. Калі б Украіна ўступіла ў мытны саюз, то мы маглі б заключаць дамову аб зоне вольнага гандлю з Эўразьвязам толькі разам зь іншымі чальцамі мытнага саюзу – разам зь сябрамі-беларусамі і братамі-расейцамі.

Тое, што падпісалі ўчора – гэта нармальна. Зараз галоўнае – каб нас не ўцягнулі ў мытны саюз і каб мы завяршылі перамовы пра зону вольнага гандлю з Эўразьвязам.
XS
SM
MD
LG