Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жукаўцу пагражае 10 гадоў зьняволеньня


Беластоцкі судзьдзя Шчэнсны Шыманьскі накіруецца ў Беларусь, каб заслухаць сьведак у справе палітычнага ўцекача Андрэя Жукаўца. Для гэтага ён атрымаў дазвол у Міністэрстве юстыцыі Польшчы.

Як адзначаецца ў прэсавым рэлізе ўкраінскага Цэнтру «Супрацоўніцтва бязь межаў», «польскі судзьдзя зьбіраецца ў Беларусі шчыльна супрацоўнічаць зь беларускімі праваахоўнымі органамі. Раней гэты ж самы судзьдзя прызнаў, што лічыць беларускія суды справядлівымі і аб’ектыўнымі».

Два месяцы таму цэнтар «Супрацоўніцтва бязь межаў» выступіў са спэцыяльнай заявай у справе Жукаўца, у якой запатрабаваў ад польскіх уладаў спыніць справу супраць беларускага патрыёта.

А гэтая справа цягнецца ўжо больш за 10 гадоў. Прадпрымальнік і былы маладафронтавец Андрэй Жукавец у Беларусі матэрыяльна падтрымліваў «Малады фронт» і праваабаронцаў. У 1999 годзе Жукавец зьехаў з краіны і папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. У Беларусі на той час супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу.

Паводле польскага боку, супрацоўнікі беларускай пракуратуры і судзьдзя Шчэнсны Шыманьскі атрымаюць у Беларусі магчымасьць заслухаць паказаньні сьведак безь перашкодаў. А Андрэй Жукавец мае доказы, што на сьведак па ягонай справе ў Беларусі чыніцца ціск з боку спэцслужбаў. Гэтыя доказы ён спрабаваў прадставіць на судзе, але судзьдзя Шыманьскі не захацеў іх вывучаць.

Калі Жукаўца прызнаюць вінаватым, яму пагражае 10 гадоў зьняволеньня і экстрадыцыя ў Беларусь.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG