Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крычаве — «Чайна-таўн», у Воршы — «Віетнамбанк»


За апошнія 17 гадоў Аляксандар Лукашэнка зрабіў 4 візыты ў Кітай. (На фота — разам з кітайскім лідэрам Ху Цзіньтао ў жніўні 2008-га).

За апошнія 17 гадоў Аляксандар Лукашэнка зрабіў 4 візыты ў Кітай. (На фота — разам з кітайскім лідэрам Ху Цзіньтао ў жніўні 2008-га).

Ля райцэнтру Крычаў на Магілёўшчыне завяршаецца будаўніцтва першага ў Беларусі жылога кітайскага кварталу «Чайна-таўн», разьлічанага больш як на 700 чалавек. Гэтулькі рабочых з Кітаю плянуецца пасяліць тут яшчэ сёлета: яны будуць працаваць на мантажы новай тэхналягічнай лініі на Крычаўскім цэмэнтным заводзе.

Чаму беларускія ўлады нават у крызіс забясьпечваюць працай кітайцаў, калі ёсьць мноства сваіх беспрацоўных? Што кажуць пра гэта жыхары Крычава? Зь якімі наступствамі сутыкнуліся рэгіёны, куды яшчэ ў пэрыяд існаваньня СССР завозілі на працу грамадзянаў сацыялістычнага Віетнаму?

На Крычаўскім цэмэнтным заводзе кітайцы займаюцца пусканаладачнымі працамі. Непадалёк ад вёскі Міхеевічы для іх ужо ўзьвялі невялікі гарадок. Прыежджых з далёкай азіяцкай краіны сяляне чакаюць насьцярожана. Гаворыць жыхарка Міхеевічаў:

«Каб з распасьцёртымі рукамі — няма такога, канечне. Тым больш, што гэта кітайцы. Непакояцца людзі».

Жывуць пакуль кітайцы ў самім Крычаве. Паводле супрацоўніцы ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму, насельніцтва ставіцца да замежнікаў цярпіма:

«Насельніцтва нармальна ставіцца. Мы ж людзі талерантныя, мірныя. Яны жывуць у густанаселеным раёне. На рынках набываюць нейкія прадукты. Наведваюць нашыя мерапрыемствы».

У жыхаркі Крычава Ларысы свая думка:
Калі плаціць людзям добры заробак, каб яны не зьяжджалі ў Расею, то свае б працавалі лепей за кітайцаў у дзясяткі разоў.

«Я як іх бачу, калі яны ідуць па вуліцы, то я лічу, што гэта ня дужа людзі адукаваныя, ня дужа выхаваныя. Мэнталітэт не такі, як у нас. І па крыві яны нам чужыя. У Крычаве столькі працоўнай сілы! Калі плаціць людзям добры заробак, каб яны не зьяжджалі ў Расею, то свае б працавалі лепей за кітайцаў у дзясяткі разоў».

Заяўляецца, што з дапамогай кітайцаў новы завод дасьць першую прадукцыю ў сакавіку 2012 году. На дадзены момант прадпрыемства гатовае толькі на 46 працэнтаў. Замест дзьвюх з паловай тысяч чалавек на аб’екце працуе 700. Крычаўскі журналіст Мікалай Гердзій заяўляе, што частка кітайцаў ужо зьехала:

«Паказалі сябе, што яны нізкакваліфікаваныя спэцыялісты й „халяву“ гналі. І іх адправілі. На сёньняшні дзень добра, што на аб’екце хоць нешта робіцца. А нашы кваліфікаваныя спэцыялісты зьяжджаюць у Расею, дзе няма ні дысцыпліны працы, ні высокіх тэхналёгіяў, затое ёсьць грошы. Ну вось і едуць зарабляць грошы».

Віцебшчына


Спробы змаганьня з дэфіцытам працоўнай сілы шляхам масавага завозу работнікаў з густанаселеных азіяцкіх краін, рабіліся і ў апошнія гады існаваньня Савецкага Саюзу. Напрыканцы 1980-х на прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці Віцебскай вобласьці былі запрошаныя тысячы жыхароў Паўночнага Віетнаму.

На віцебскай швейнай фабрыцы «Сьцяг індустрыялізацыі» віетнамцы працавалі ўсяго пару гадоў, а пасьля зьехалі на радзіму. А вось тыя, што калісьці прыехалі на аршанскі ільнокамбінат, засталіся ў Беларусі нават па сканчэньні працоўных кантрактаў.

Пра тыя часы згадвае былы работнік ільнокамбінату спадар Аляксей:

«Іх прывозілі, калі не хапала ахвотных працаваць у вельмі цяжкіх умовах. Сялілі ў інтэрнаце. У асноўным яны былі з Паўночнага Віетнаму — там жа галыцьба, сваіх заводаў і фабрык не было, дык іх кінулі сюды, кваліфікацыю атрымаць. Працавалі яны ў меру сваіх сіл — яны ж нядужыя, рост маленькі. Іх чалавек 800 працавала адначасова: адных прывязуць, яны год-два папрацуюць, іх дадому адпраўляюць, а іншых — зноў прывозяць сюды».

У тыя часы аршанцы былі дужа незадаволеныя тым, што прыежджыя работнікі спусташалі мясцовыя крамы. Віетнамцы ўвесь час слалі дахаты пасылкі, а на час ад’езду ў іхных інтэрнацкіх пакоях былі цэлыя склады рэчаў — ад посуду да тэлевізараў і матацыклаў.
Яны скуплялі ўсё, што было ў продажы, набівалі кантэйнэры.

«Яны скуплялі ўсё, што было ў продажы, набівалі кантэйнэры. Кантэйнеры ішлі морам у Віетнам. Некаторыя нават жаніліся тут. А патрэба ў іх адпала ў 1990-я гады, калі ільнокамбінат перастаў працаваць у тры зьмены і ўвогуле працаваў два дні на тыдзень», — працягвае суразмоўца.

Многія віетнамцы, сабраўшы грошай, вярталіся дахаты досыць заможнымі па тамтэйшых мерках. Але пад сотню былых работнікаў ільнокамбінату вырашылі застацца і заняліся «чаўночным» бізнэсам — яны сталі першымі, хто езьдзіў па тавар у Маскву і прадаваў яго потым на мясцовым кірмашы. З працоўнага інтэрнату яны перасяліліся ў пяціпавярховік каля самага базарнага пляцу, згадвае былы сусед «віетнамскага зямляцтва»:

«Частка іх засталася тут. Пэўны час, дарэчы, яны жылі без рэгістрацыі, іх міліцыя лавіла, я памятаю. Намесьнік начальніка міліцыі аршанскай тады казаў, што іх выправіць — дык трэба купляць білеты. А гэта дорага! Так што праблема была нават іх дэпартаваць. Некалькі год таму аднаго зь віетнамцаў нажом зарэзалі, па-зьверску. І некаторыя спалохаліся, таксама кудысьці ад’ехалі».

Дом, дзе жывуць апошнія віетнамцы, у Воршы завецца «Віетнамбанк»: апошні занятак былых працаўнікоў ільнокамбінату — гэта абмен валюты, і сталыя кліенты гэтым вельмі задаволеныя:

«Людзі празвалі „Віетнамбанк“, таму што можна адбегчыся ад кірмаша, убачыць віетнамца на вуліцы… „Рускія мянялы“ — тыя могуць падмануць, падкінуць „ляльку“, а віетнамцы — чэсныя!»

Цяпер у Воршы іх засталося каля двух дзесяткаў.

Тым часам на Віцебшчыне чакаюць новага працоўнага дэсанту з-за мяжы — гэтым разам з Кітаю. Кітайскі дзяржаўны банк разьвіцьця абяцаў выдзеліць крэдыт памерам 189 мільёнаў даляраў для фінансаваньня будаўніцтва Віцебскай гідраэлектрастанцыі. ГЭС магутнасьцю 40 МВт плянуецца ўвесьці на Заходняй Дзьвіне ў 2015 годзе. Кітайскі бок павінен забясьпечыць будаўніцтва аб’екта пад ключ. Так што кітайцы прыедуць. Толькі пакуль невядома, калі і колькі.

Даведка «Свабоды»

За апошнія 17 гадоў Аляксандар Лукашэнка зрабіў 4 візыты ў Кітай. Апошні па ліку адбыўся ў кастрычніку 2010 году, напярэдадні чарговых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

У кастрычніку 2010 году Беларусь і Кітай падпісалі пакет дакумэнтаў па рэалізацыі сумесных праектаў на 3,5 млрд даляраў у сфэрах энэргетыкі, будаўніцтва, прамысловасьці, дарожна-транспартнай інфраструктуры. У сьнежні 2010 году кітайскі бок пагадзіўся пабудаваць завод сульфатнай беленай цэлюлёзы на базе ААТ «Сьветлагорскі ЦКК», рэканструяваць аўтамабільную дарогу Менск — Гомель на ўчастку Жлобін — Гомель, электрафікаваць участкі Беларускай чыгункі: Гомель — Жлобін — Асіповічы і Жлобін — Калінкавічы.

У апошнія гады Беларусь імпартуе з Кітаю прыкладна ў два разы больш, чым вывозіць туды сваёй прадукцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG