Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Гэта відавочна прапагандысцкі ход Пуціна і частка ягонай кампаніі"


Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

У Санкт-Пецярбургу кіраўнікі шэрагу ўрадаў краін СНД падпісалі Дамову аб стварэньні зоны вольнага гандлю. Ці мяняе гэтае падпісаньне эканамічныя ўмовы гаспадараньня для Беларусі, якая і так ужо ўдзельнічае ў Мытным саюзе, саюзнай дзяржаве ды іншых утварэньнях? Ці становіцца інтэграцыйная тэма адной з ключавых для перадвыбарчай кампаніі Ўладзімера Пуціна? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

Цыганкоў: "Што можа зьмяніцца для Беларусі пасьля падпісаньня Дамовы аб стварэньні зоны вольнага гандлю? Ці мяняе гэта нейкія эканамічныя і палітычныя ўмовы на постсавецкай прасторы?"

Мацкевіч: "Гэта відавочна прапагандысцкі ход, таму што Беларусь сапраўды ўжо ўдзельнічае ў Мытным саюзе і ў саюзнай дзяржаве, дзе ўсе бар'еры на гандаль даўно павінны быць зьнятыя. Але ж яны ня зьнятыя. Зона вольнага гандлю паміж дзяржавамі магчымая толькі там, дзе існуе вольны гандаль унутры дзяржавы. А ў дзяржавах СНД гэтага няма, таму некаторых зь іх, у тым ліку і Беларусь, дагэтуль не прынялі ў СГА (WTO).

Таму відавочна, што гэтыя захады маюць зусім іншую мэту, а не сапраўднае стварэньне ўмоваў для вольнага гандлю".

Цыганкоў: "Якую мэту? Выглядае, што Ўладзімер Пуцін вырашыў зрабіць інтэграцыйную тэму ці не галоўнай ідэяй сваёй выбарчай кампаніі. Тут і артыкул расейскага прэм'ера ў "Известиях", і іншыя ягоныя заявы…"

Мацкевіч: "Так. Гэта наўмыснае стварэньне інфармацыйных нагодаў, каб падтрымліваць і не спыняць інтэграцыйны наратыў, размову пра неабходнасьць інтэграцыі. Дасьць бог, гэта так і застанецца размовамі, — бо так трэба дзеля захаваньня незалежнасьці Беларусі".

Цыганкоў: "Выглядае, што ключавы пункт для стварэньня "зоны вольнага гандлю" ў СНД — гэта Ўкраіна, якая цяпер стаіць на раздарожжы. Ці могуць такія ўтварэньні быць паўнавартаснымі без Украіны? Ваш прагноз — куды хісьнецца Кіеў?"

Мацкевіч: "Украінцы ў асобе Януковіча апошнім часам адварочваюцца ад сусьветнага рынку, ад эўрапейскай інтэграцыі і імкнуцца знайсьці нейкія перавагі ў інтэграцыі з Расеяй. Гэта стратэгічная памылка ўкраінскага кіраўніцтва. Чаму б Кіеву не ўзгадаць, што гандлёвыя войны паміж Беларусьсю і Расеяй вяліся, нават калі былі падпісаныя ўсе магчымыя дамоўленасьці ў межах саюзнай дзяржавы?

Так што ўсё залежыць ад шчырай і зразумелай, прадказальнай палітыкі дзяржаваў, а не ад гэтых папяровых дамоўленасьцяў".
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG