Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зона вольнага гандлю: другая спроба


Уладізмер Пуцін
Уладізмер Пуцін
Чарговай піяр-акцыяй Уладзімера Пуціна перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Расеі называюць многія экспэрты ўчорашняе падпісаньне Дамовы аб стварэньні зоны свабоднага гандлю ў СНД. Яны згадваюць, што першая такая спроба скончылася безвынікова, і асьцярожна ставяцца да пэрспэктываў паўторнай.

Прагназаваць, калі пачне працаваць зона свабоднага гандлю, ніхто не бярэцца. Экспэрты памятаюць падзеі 1994 году. Тады краіны СНД падпісалі аналягічны дакумэнт. Аднак многія ўдзельнікі Садружнасьці яго так і не ратыфікавалі.

З таго часу працэдура прыняцьця рашэньняў не зьмянілася. А гэта азначае, што і новай Дамове неабходна прайсьці праз ратыфікацыю парлямэнтамі. Трэба будзе замяніць цэлы шэраг шматбаковых і каля ста двухбаковых дакумэнтаў. Колькі гэта зойме часу ў кожнай дзяржаве, сказаць цяжка.

Эканаміст Міхась Залескі лічыць: кіраўнікі ўрадаў таму падтрымалі Ўладзімера Пуціна, што кожны спадзяецца атрымаць нешта для сябе ад вялікага і багатага партнэра:
Пуцін гоніць коней таму, што яму патрэбны магутныя піяр-акцыі перад выбарамі.

«Пуцін гоніць коней таму, што яму патрэбны магутныя піяр-акцыі перад выбарамі. Але тое, што з гэтага будзе, залежыць ужо не ад раскладу на былым савецкім рынку, а ад раскладу на глябальным рынку. У тым сэнсе, што пасьпяховасьць гандлю прадвызначаецца ня нашым сяброўствам у зоне свабоднага гандлю СНД, а тым, што Ганконг, Тайвань альбо Рэспубліка Карэя будуць рабіць свой тавар таньнейшым за, напрыклад, украінскі. І мы будзем купляць іхны тавар, а не ўкраінскі».

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка адзначае, што для ацэнкі надзвычай важна пабачыць поўны тэкст дамовы, паглядзець, ці ёсьць у ёй выняткі і выключэньні:

«Калі гэта сапраўдная зона свабоднага гандлю, то гэта азначае, што Расея адкрывае ўсім доступ да танных нафты і газу. І тады Ўкраіна таксама пабяжыць у зону свабоднага гандлю. Але такі варыянт — наколькі ён сапраўдны? Мне цяжка ўявіць, навошта гэта спатрэбілася Пуціну. Хіба што гэта такі моцны крок перад выбарамі?»

Эканаміст Заіка не выключае, што ў новай дамове ёсьць выняткі па сыравіне — найперш, нафце і газу. Інакш Расея будзе страчваць вельмі вялікія грошы:

«Мне цяжка ўявіць, як на гэта адрэагуюць „Газпром“, нафтавыя алігархі. Тут наступстваў вельмі шмат. І яны ня самыя лепшыя для тых, хто любіць грошы. А ў Расеі іх вельмі любяць».

Як пэрспэктыўны дакумэнт ацэньвае ўчорашнюю дамову намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасьці, паліўна-энэргетычным комплексе, транспарце, сувязі і прадпрымальніцтве Анатоль Паўловіч:

«Гэта, безумоўна, пазытыў. Бо адкрываецца магчымасьць павелічэньня таваразвароту, пашырэньня транспартных ды іншых паслуг. І наагул, калі няма мяжы, гэта ж зусім па-іншаму ўсё.

Мы ж кажам, што добра, калі Эўразьвяз ня мае межаў, мае адзіную валюту, нягледзячы на праблемы з эўра ў некаторых яго краінах. І расейскае кіраўніцтва, і наша гавораць пра Эўразійскую супольнасьць, яе пэрспэктывы. І ў гэтым кірунку пляны вельмі сур’ёзныя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG