Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Лыч: Пры ручным кіраваньні эканамічныя законы ня дзейнічаюць


У сераду адбыліся апошнія таргі на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы. Рубель умацаваўся яшчэ на 100 пунктаў, зафіксаваўшыся на адзнацы 8790 за даляр. Ад 20 кастрычніка, як абяцаюць у Нацыянальным банку, асноўная і дадатковая сэсіі зьліюцца ў адну, а адпрацаваны цягам месяца мэханізм на падставе попыту і прапановы стане, як абяцаюць улады, адзіным спосабам далейшага вызначэньня раўнаважнага курсу беларускага рубля.

Нягледзячы на чарговае ўмацаваньне, за месяц ад першых таргоў на дадатковай біржавой сэсіі рубель страціў у вартасьці 190 пунктаў — ад 8600 рублёў за даляр 14 верасьня да 8790 сёньня. Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка выказаў упэўненасьць, што курс даляра ўздымаюць "так званыя" прадпрымальнікі, якія ўвозяць некрытычны імпарт і робяць попыт на валюту большым за прапанову: "А такім няма чаго прадаваць танныя даляры":

"Я ж бачу, хто робіць заяўкі на гэтыя даляры, на замежную валюту. Гэта ў асноўным так званыя індывідуальныя прадпрымальнікі і тыя, хто ўвозіць імпарт некрытычнага парадку. Ну дык чаму ім даляр танны прадаваць? Але галоўнае — тое, што прадпрыемствы зараз не прадаюць валюту, яны чакаюць адзінага курсу, які складзецца. І як толькі выльецца на рынак вось гэтая ўся наяўнасьць даляравая і эўравая, якую мы цяпер выбарачна аддаём на закуп газу і г.д., то прапанова даляраў будзе вельмі высокая. І калі будзе адзін курс — прадпрыемствы ж 30% абавязкова прадаюць, па гэтай цане прадалі, па гэтай жа цане могуць і набыць валюту, — абсалютна будзе іншы курс. Таму гэта таксама трэба мець на ўвазе, а не прыстасоўвацца да курсу, які сёньня там восем ці дзевяць тысяч".

Экспэрты нагадваюць: праз тыдзень пасьля першых таргоў Лукашэнка ўжо заяўляў, што ўраду з Нацбанкам даводзіцца моцна напружвацца, каб даляр не абясцэніўся меней за афіцыйныя 5000. Праўда, неўзабаве пасьля гэтага рубель сам абваліўся ніжэй за 9000. Цяпер — новае папярэджаньне. Незалежны эканаміст Сяргей Балыкін так камэнтуе заявы кіраўніка краіны:

Сяргей Балыкін

Сяргей Балыкін

"Ну, трэба памятаць, што спадар Лукашэнка — палітык, а ў палітыкаў праца такая — гаварыць такога кшталту рэчы. Апазыцыйныя палітыкі, дарэчы, нічым ня лепшыя: колькі разоў яны ўжо прадказвалі, што праз тыдзень, праз паўгода рэжым падзе? Але ён усё ніяк ня падае. Так што ў апазыцыі Лукашэнка ня падае, а ў Лукашэнкі даляр ня падае. Ну, і што з таго? Усе ж нешта абяцаюць, хоць нічога і не мяняецца. Гэта ж палітыка, што прэзыдэнту яшчэ трэба было казаць? Разумны чалавек не казаў бы такія рэчы, глядзеў бы на сытуацыю моўчкі, а потым, каб такое раптам здарылася, выдаў бы: во, бачыце — так і было задумана. Але ў палітыцы ў нас заўсёды так. Таму што тыя, што тыя — нічым не адрозьніваюцца".

Доктар эканамічных навук, прафэсар Генадзь Лыч перакананы: улады наўмысна распаўсюджваюць чуткі пра хуткі абвал даляра, каб насельніцтва пабегла ў абменьнікі здаваць свае валютныя ашчаджэньні. Аднак у Беларусі пры цяперашняй эканамічнай мадэлі абвальвацца можа толькі рубель: нават калі яго і ўдасца ўтаймаваць на кароткі час, абясцэньваньне ўсё роўна непазьбежнае:

"Пэўныя ваганьні, хістаньні будуць, пакуль у насельніцтва яшчэ застаюцца даляры. А як ужо ня будзе ў насельніцтва ніякай валюты і ня будзе сэнсу
У нас ніякія законы ня дзейнічаюць, у нас жа ручное кіраваньне ...

зьніжаць курс таго ж даляра, каб людзі несьлі "зялёныя" здаваць у абменьнікі, дык даляр тады падскочыць і да 10 000, і да 12 000. Асабліва калі ўлады і надалей будуць уліваць грошы ў эканоміку без уліку таго, ці будуць гэтыя рублі даваць нейкую аддачу. Іншая справа, ці захочуць людзі масава скідаць валюту, паколькі без "падушкі бясьпекі" ім тады канец. Таму хто яго ведае, пра што нашы кіраўнікі думаюць. У нас ніякія законы ня дзейнічаюць, у нас жа ручное кіраваньне. А пры ручным кіраваньні ніякія эканамічныя законы ня дзейнічаюць і рабіць які-небудзь прагноз — гэта абсалютна бессэнсоўна. Асабіста я — толькі пэсыміст, нічога добрага ўжо не чакаю. І нават, з улікам свайго ўзросту, думаю, што ніколі ўжо і не дачакаюся".

Аналітык фінансавага рынку Аляксандар Муха таксама не падзяляе аптымізму ўладаў наконт хуткай стабілізацыі на валютным рынку ў выніку фактычнай дэвальвацыі беларускага рубля:

Аляксандар Муха

Аляксандар Муха

"Выхад на адзіны абменны курс на ўсіх сэгмэнтах унутранага валютнага рынку прывядзе да заўважнага абвастрэньня адпаведных інфляцыйных і дэвальвацыйных рызыкаў. Тое, што ляжыць на паверхні, — гэта, безумоўна, падаражэньне энэрганосьбітаў для суб'ектаў гаспадараньня і насельніцтва, мэдыкамэнтаў і электраэнэргіі. Але ёсьць і іншыя рызыкі, менш відавочныя для простых людзей.

Трэба разумець: сама па сабе такая рэзкая дэвальвацыя афіцыйнага курсу Нацбанку вядзе да абмежаваньня прапановы замежнай валюты на ўнутраным рынку, паколькі за той жа аб'ём валюты, якая прадаецца ў рамках абавязковага продажу (30% валютнай выручкі экспартэры абавязкова прадаюць на біржы) экспартэры будуць атрымліваць на 55—60% больш беларускіх рублёў. Улічваючы, што рублёвыя выдаткі саміх экспартэраў растуць з нашмат меншай хуткасьцю, патрэба рэалізацыі валюты звыш усталяванага нарматыву абавязковага продажу ў гэтым выпадку для іх будзе мінімальная. Калі вы нядаўна за адзін і той жа аб'ём замежнай валюты атрымлівалі столькі беларускіх рублёў, а з чацьвярга пачняце атрымліваць на 55—60% больш, то вялікага сэнсу прадаваць дадаткова замежную валюту няма. Нават па рынкавым курсе. І экспартэры гэта разумеюць".

За дзень да пачатку працы адзінай гандлёвай сэсіі на Беларускай валютна-фондавай біржы камэрцыйныя банкі дэманструюць тэндэнцыі, адваротныя першым таргам на дадатковай сэсіі 14 верасьня. Калі месяц таму пры біржавым курсе 8600 рублёў за даляр банкі прымалі амэрыканскія грошы па курсе блізу 9000, то сёньня пры паказьніку ў 8790 некаторыя абменныя пункты даюць ужо меней за 8000 рублёў.


XS
SM
MD
LG