Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Тыя асобы, якія пойдуць на выбары — гэта палітычныя камікадзэ"


19 кастрычніка на паседжаньні ўдзельнікаў "пагадненьня шасьці" была абмеркавана сытуацыя, зьвязаная з заявай кіраўніка краіны пра тое, што выбарчае заканадаўства ў Беларусі мяняцца ня будзе. Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць не пазьней за верасень 2012 году.

Падчас сустрэчы са старшынёй Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай Аляксандар Лукашэнка заявіў, што "абсалютна непрымальна" мяняць выбарчае заканадаўства напярэдадні палітычнай кампаніі. Ён назваў памылковымі меркаваньні, што "мінулая выбарчая кампанія была пікам напругі ў краіне". Маўляў, ужо сёньня "пачынаюць нагнятаць сытуацыю ў Беларусі, выкарыстоўваючы праблемныя моманты".

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, у выказваньнях кіраўніка Беларусі няма нічога новага. Ён паўтарыў тое, што ёсьць у краіне, пачынаючы з 1995 году, калі адбылася апошняя адносна дэмакратычная выбарчая кампанія.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

"Нам кажуць, што выбараў ня будзе і ў наступным годзе, што як прызначаліся, так і будуць прызначацца дэпутаты. Таму мы сёньня падчас пасяджэньня кааліцыі шасьцёх зафіксавалі, што прадмет нашай цікавасьці — ня ўлада зь яе зразумелай пазыцыяй, а міжнародныя арганізацыі, і ў першую чаргу Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ. Мы маем намер зрабіць камунікацыі, прэзэнтаваць сваю пазыцыю, сваё бачаньне і для сябе таксама зразумець, які альгарытм дзеяньняў гэтай арганізацыі, якая вельмі важная для прызнаньня ступені легітымнасьці ці нелегітымнасьці выбарчай кампаніі. Нам вельмі важна, каб у нас была аднолькавая ацэнка сытуацыі. Вось гэта тое, на што нас натхніў Аляксандар Рыгоравіч сваёй заявай".

У "кааліцыю шасьці" ўваходзяць АГП, партыя БНФ, кампанія "Гавары праўду", "Справядлівы сьвет", рух "За свабоду" і БХД. У пагадненьні, падпісаным у чэрвені, вылучаны шэраг патрабаваньняў да ўлады, выкананьне якіх можа забясьпечыць правядзеньне ў краіне свабодных выбараў. Сярод іх — неадкладнае вызваленьне палітвязьняў і іх поўная рэабілітацыя, а таксама дэмакратызацыя Выбарчага кодэксу. Паводле спадара Лябедзькі, канчатковае рашэньне адносна ўдзелу ў выбарчай кампаніі альбо яе байкоту будзе прынятае крыху пазьней.

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначае, што ў ланцугу апошніх падзей і прапанаваных законапраектаў, якія тычацца апазыцыі, заява Лукашэнкі сьведчыць пра тое, што ўлада схіляецца да сцэнару большага закручваньня гаек, павелічэньня ціску на апазыцыю.

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

"Закручваньне гаек застанецца ключавым момантам у стаўленьні ўладаў да грамадзтва і апазыцыі. Калі насамрэч улады пойдуць па такім сцэнары замест наладжваньня дыялёгу ўнутры краіны, то гэта будзе кепска і для краіны, і для грамадзянаў, і для самой улады. Бо краіна і ўлада будуць станавіцца ўсё больш слабымі перад імпэрскімі пагрозамі, якія вельмі істотна ўзмацняюцца цяпер з боку Расеі адносна Беларусі. Мы, безумоўна, рыхтуемся, што будзе палітычная кампанія, якая перадусім будзе скіраваная на працу з грамадзтвам".

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч мяркуе, што, зыходзячы з заяваў Лукашэнкі, практыка прымяненьня існуючага заканадаўства мяняцца ня будзе. І як выбары не былі свабоднымі, такімі могуць і застацца.

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч

"У нас наогул тыя асобы, якія пойдуць на выбары ў любым статусе, — гэта палітычныя камікадзэ. Бо ўлада паказала 19 сьнежня, як яна будзе распраўляцца са сваімі апанэнтамі. І вось гэтыя словы Лукашэнкі, што выбары будуць цяжкія, — магчыма, таксама адзін з намёкаў, што яны ня будуць зьмякчаць рэпрэсіўны напал. Але ўва ўмовах, у якіх цяпер знаходзіцца беларускае грамадзтва, з татальным перасьледам і заканадаўчымі ініцыятывамі, бачна, што ў такіх умовах правядзеньне любых выбараў проста немагчымае".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG